Слова айца Андрэя
НА ТАМАШОВУ НЯДЗЕЛЮ
— I сьвятло ў цемры сьвецiць,
i цемра не агарнула яго.
Ян. 1. 5.
Больш за 3000 гадоў таму Бог праз Майсея вывеў Iзраiльскi народ з так званага Эгiпэцкага палону, Бог дараваў iзраiліцянам свабоду i незалежнасьць. З таго часу яны штогод сьвяткавалi ў гонар вызваленьня Сьвята Пасхi .
Гэтымi днямi хрысьцiяне ўсяго сьвету ўзгадваюць Новую Пасху, калі Бог захацеў праз свайго адзiнароднага Сына, Госпада нашага Iсуса Хрыста дараваць нам свабоду ад граху, незалежнасьць ад сьмерцi. Спрадвечны Бог стаўся чалавекам, Ён нарадзiўся, як малое дзiцятка, рос, як звычайны хлопчык, пасьля хадзiў па зямлi, навучаў любовi, нарэшце пасьля пакутаў памёр, памёр на крыжы — усё гэта ня мае значэньня анi сэнсу без таго, што Iсус на трэцi дзень Уваскрос зь мёртвых. Сваёй Сьмерцю Ён зьнiшчыў сьмерць, а праз сваё Ўваскрасеньне дараваў нам Вечнае жыцьцё, паказаў нам дарогу да Валадарства Нябеснага.
У Эвангельлi ад Яна, у 20-м разьдзеле апiсана здарэньне, якое заслугоўвае на нашу ўвагу. Калi апосталы, вучнi Iсуса Хрыста, дзеля «страху перад Юдэямi» былi ў доме за замкнёнымi дзьвярыма, да iх прыйшоў Уваскрослы Iсус i «стаў пасярод iх». Такiм чынам апосталы пераканалiся, што Госпад сапраўды ўваскрос. Але зь iмi ў той дзень не было Тамаша, якога мы сёньня называем «Няверуючы», таму што ён засумняваўся: «калi ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвiкоў, i не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвiкоў, i не ўкладу рукi маёй у рэбры Ягоныя, не паверу». Тады Iсус прыйшоў другi раз, прыйшоў да Тамаша: «падай палец твой сюды i паглядзi рукi Мае; падай руку тваю i ўкладзi ў рэбры Мае; i ня будзь няверуючым, але веруючым». Як бачым, Iсус прыйшоў да Тамаша, каб даць яму тое, што трэба было толькi яму, а не камусьцi iншаму.
Так Iсус гатовы прыйсьцi да кожнага, дзе б ён ні быў, у якой бы жыцьцёвай сытуацыi ні знаходзiўся. «Вось стаю ля дзьвярэй i стукаю, i хто адчынiць, зайду i буду вячэраць зь iм», — кажа Ён.
Сёньня ў Беларусi вельмi цяжка жыць, большасьць маiх знаёмых гатовыя выехаць у эмiграцыю, некаторыя выяжджаюць, некаторыя толькi мараць пра гэта, але бачаць у гэтым збаўленьне ад сваіх праблем, пэнсiянэры, гледзячы на сваю пэнсiю, толькi ўздыхаюць, сярэдняга веку людзi, калi не бiзнэсмэны, топяць свае праблемы ў гарэлцы, ды й бiзнэсмэны таксама, маладыя жанчыны забiваюць сваiх ненароджаных дзяцей, ня ведаючы, як iх выгадаваць, дзецi i падлеткi забiваюць нашу будучыню, ужываючы наркотыкi й гарэлку. Гледзячы на гэта, спакойна можна паўтарыць за Янам Паўлам II: наша цывiлiзацыя — гэта цывiлiзацыя сьмерцi. Але Iсус Хрыстос сваёй Сьмерцю зьнiшчыў сьмерць, i толькi Ён — Уваскрослы Госпад можа i хоча памагчы нам збудаваць наша жыцьцё i будучыню нашых дзяцей. Давайце за апосталам Тамашом вызнаем нашу веру: «Ты Госпад мой, Ты Бог мой», бо толькі ў Iм мы можам знайсьцi збаўленьне, спакой i ўпэўненасьць у заўтрашнiм днi. Напрыканцы хачу прывесьцi словы аднаго сьвятара, якi так сказаў пра нас: «Калi Беларусь ня будзе Хрыстовай, Беларусi ня будзе зусiм». Хрыстос дае нам шанец. Славiм Яго за гэта!
ХРЫСТОС УВАСКРОС !
САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС !
а. А. Абламейка