Лісты ў рэдакцыю


Пакуль не сьцямнела

Мая родная школа знаходзіцца ў мястэчку Ўручча. Так, так. У тым мястэчку, дзе жыве пісьменьнік Валянцін Акудовіч, дзе ў час слоты з-за туману ня бачна суседняга дому, і дзе тры (ці чатыры) падлеткі зрабілі сабе сьмерць за гэты навучальны год. У нашым мястэчку заўсёды ў тэму будзе гучаць «Лалалала». Пра школу я нічога новага не скажу, але маўчаць таксама ня буду. Кажуць, што любоў да адукацыі залежыць ад настаўнікаў. У нас гэтага дабра не бракуе: ад тых, хто чытае «Нашу Ніву» да тых, хто з імпэтам будзе распавядаць табе пра тэорыі Маркса. Усіх іх яднае адзінае — сымболіка (ну, ведаеце, якая) ў кабінэтах ды страх перад начальствам. Размоваў пра «палітыку» яны ня любяць (апроч старых камунякаў). Дык вось, пра настаўнікаў. Вельмі цікава, чаму яны могуць нас навучыць, якім ідэалам, калі за іх сьпінамі на сьцяне заўсёды вісіць фальшывая сымболіка. Няма ў школе праўды. А можа, і ня трэба журыцца. Хадзілі ж у школу нашыя бацькі, і мы таксама павінны цяпер трываць. А потым настане чарга нашых дзяцей... Часам я прыходзіў са школы, клаў ногі на батарэю ды глядзеў у неба. Пакуль не сьцямнее. Не, гэтая сыстэма даўно ўжо згніла, і яе трэба мяняць.

Вячаслаў Ціхановіч, Менск


Фільм Ул.Коласа ў Таронта

Пад час урачыстага сходу беларусаў канадзкай правінцыі Антарыё ў Таронта з нагоды 25 Сакавіка адбылася незвычайная падзея: высьвятленьне фільму Ўладзімера Коласа пра беларускае мастацтва й мастакоў Беларусі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла прадставіла прысутным сп. Коласа. Расказала, што, між іншага, ён быў арганізатарам ды дырэктарам Беларускага Ліцэю ў Менску. А фільм, які мы мелі шчасьце пабачыць, выбраны на Міжнародны Фэстываль Фільмаў аб Мастацтве ў Манрэалі.

Прамаўляў і сп. Уладзімер Колас. Гаварыў ён пра свой фільм, дзякаваў беларускаму грамадзтву Канады за тое, што фінансава памагло яму прыбыць на Фэстываль, ды за магчымасьць адведаць у Вікторыі Міжнародны Інстытут, у якім, дарэчы, дзякуючы стараньням сп. Коласа, будзе студыяваць і беларуская моладзь.

Урачысты Сход закончыўся агульным адсьпяваньнем Беларускага Нацыянальнага Гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Др. Раіса Жук-Грышкевіч, Бэры—Таронта


Пратрымалі сем месяцаў і выпусьцілі

29 сакавiка адбылося вырашальнае паседжаньне ў справе Ўладзiмера Плешчанкi, старшынi Віцебскай Рады БНФ. Яго абвiнавачвалі ў дзёрзкiм разьбiцьцi бюсту Суворава.

У.Плешчанку арыштавалі 2 верасьня 1998 году, празь дзень пасьля здарэньня, адказнасьць за якое ўзяла на сябе група вызвольнага руху пад кiраўнiцтвам Мiрона. Сем месяцаў старшыня Рады «Выбар» сядзеў у вязьніцы.

Заслухалі сьведкаў. Барыс Хамайда цалкам пацьвердзiў паказаньнi У.Плешчанкi адносна iх сустрэчы ў ноч на 1 верасьня з падпалкоўнiкам Заблоцкiм. Юрась Карпаў патлумачыў, што Заблоцкi хлусiць, калi сьцьвярджае, што бачыў яго а палове на трэцюю начы разам з Хамайдам i Плешчанкам, бо сам Карпаў у гэты час працаваў у iншым раёне гораду. Тое, што пачало адбывацца ў зале пасьля перапынку, нагадвала ня вельмi дасьцiпную камэдыю. Адвакат У.Плешчанкi, сп.Шайкевiч, пажадаў зiрнуць на гумовыя боты, нiбыта ўзятыя ў абвiнавачванага. Калi iх прынесьлi, высьветлiлася, што iх памер не адпавядае ня толькi назе Плешчанкi, але й таму гiпсаваму зьлепку, якi, фактычна, стаўся прычынаю шматмесячнага ўвязьненьня. I ўрэшце, пры супастаўленьнi ботаў няўзброеным вокам заўважна, што яны з розных параў: рознага памеру, неаднолькава зношаныя, адзiн зь цёмнай, другi амаль зь белай унутранай паверхняй. Пасьля гэтага судзьдзя Ал.Абашын папрасiў бакi выказацца адносна магчымасьцi завяршэньня справы. Усе сталiся адзiнадушнымi ў тым, што з-за шматлiкiх недакладнасьцяў справу нельга завершыць у гэты ж дзень, але У.Плешчанка мусiць быць вызвалены з-пад варты пад подпiс аб нявыезьдзе. Сам У. Плешчанка заявiў, што, калi яго неадкладна не вызваляць, ён змушаны будзе пайсьцi на галадоўку.

Дык жа пастановаю суду справу накiравалі на дарасьсьледаваньне, а абвiнавачванага вызвалілі з-пад варты проста ў зале суда. Каб жа шчэ далейшае сьледзтва высьветлiла ня толькi абставiны дэмантажу бюсту, але й чаму У.Плешчанку прыйшлося сем месяцаў мардавацца за кратамi.

Камунікат Віцебскай Рады БНФ


 

Дабрыдзень, «Наша Ніва»!

Сяргей Паўлоўскі ў нумары за 29 сакавіка перахапіў мае развагі, разьвіўшы іх, праўда, крыху ў іншым накірунку.

Столькі ў Беларусі напладзілася фондаў, а краіну нашу быццам закансэрвавалі ў далёкім, але яшчэ памятным мінулым. Некалі было толькі адно Таварыства аховы помнікаў і бюро прапаганды пры ім, а наколькі больш удавалася зрабіць! Крыху пазьней пачало дзейнічаць Беларускае аддзяленьне Савецкага фонду культуры, і адраджэнская эліта перацякла туды, каб працягваць асьветніцкую дзейнасьць. З тае пары на ўспамін застался показка-быль.

Калі абмяркоўвалі пералік магчымых акцыяў новастворанай араганізацыі, сп. Марачкін выказаў прапанову зладзіць выставу маляваных дываноў. Фондаўскі дзеяч Валяеў пацікавіўся: «А сколька іх у вас?» Марачкін прыкінуў і налічыў крыху больш за сорак, на што Валяеў глыбакадумна і шчыра зьдзівіўся: «Большэ сарака діванов? І где жэ вы іх храніте?» Гэта толькі адзін штрых да тае атмасфэры, у якой даводзілася працаваць.

Але ж тады адчуваўся вялікі аптымізм, бо была ў людзёх тады нейкая еднасьць, у тых, якія працавалі на беларушчыну; а з другога боку, адраджэнцы былі і высокаадукаванымі, і высокамаральнымі. Яны браліся за любую, няхай мазольную і нягучную, працу. З канца семідзясятых на адукацыйны цэнз адраджэнцаў мусілі мерацца і ўлады. Выяўляць сваё невуцтва стала нямодным. Гэта таксама прыносіла плён.

Праходзілі канфэрэнцыі ў сп. Церашчатавай, матэрыялы якіх друкаваліся ў зборніках. Пайшла навукова-папулярная літаратура па помніках архітэктуры, этнаграфіі, гісторыі, мастацтве. Запушчаная была цэлая плойма энцыкляпэдычных выданьняў, адна за другой выходзілі манаграфіі па гуманітарных навуках. Усё гэта пачынала цікавіць і традыцыйна расейскамоўную тэхнічную інтэлігенцыю. Ажывіўся музэйны рух, дзе нават назіралася нейкая канкурэнцыя. У Горадні музэй з базыльянскіх муроў канкураваў са сваім сабратам на Старым замку. Стварэньне экспазыцыі старажытнабеларускага мастацтва ў Акадэміі навук змусіла актывізавацца супрацоўнікаў мастацкага музэю.

Утвараліся новыя грамадзкія аб’яднаньні. Моладзь гуртавалася ў свае суполкі, якія займаліся працай на рэстаўрацыйных пляцоўках. Улады змушана прыстасоўваліся да гэтай магутнай і шырокай плыні, да адраджэнскіх аўтарытэтаў. Магчыма, прычынай таму былі канкрэтныя вынікі іх дзейнасьці. Мітынгі былі ня ў модзе.

А вось з пачатку дзевяностых запанаваў мітынговы рух. А на іх — няхай не крыўдуюць мітынговыя прамоўцы, разумнае рэдка пачуеш. А беларус, калі ня бачыць рэальнага выніку, хутка губляе цікавасьць да справы.

На завяршэньне працытую некага з раньнеадраджэнскіх навапалачанаў:

Размаўляю па-беларуску:
Як у трамваі глядзяць на зайца,
Пазіраюць на мяне этрускі*
Ад Асьвеі да Камянца.

(*этнічныя рускія)

Столькі мінулася гадоў — гэта ж дзесяцігодзьдзі ўжо прайшлі — а ці зьмянілася што ў Беларусі да лепшага?! Ці, мо, меў рацыю Анатоль Сідарэвіч, калі са скрухаю казаў, маўляў, дзеля беларусаў можна працаваць, не шкадуючы сілаў, але ж зь беларусамі нічога зрабіць немагчыма?

Луцэя Баторына, Менск


 

Мой дзень мовы

Гэты дзень воляй лёсу я правёў у Менску. Цікава было паназіраць ды паслухаць — як вылучаецца Дзень мовы там зь іншых дзён жыцьцёвае мітусьні. Падарожжа пачалося звышфайна — у аўто граюць усю дарогу касэты беларускіх музыкаў. Кіроўца службовае машыны ў гэты дзень упершыню чуе сапраўдную беларускую музыку. Ён, расеец, замовіў запісаць сабе і «NRM», і «Narodny Albom» і яшчэ шмат іншага. Вядома, прамаўляць па-беларуску яму было надта цяжка, але захапленьне словамі па-нашаму відавочна зьзяла. Здавалася, што ўвесь сьвет — беларускі — вакол цябе мільгае праз шыбу аўто... Зьявілася нават лёгкае ачмурэньне, нібы прыехаў у будучую Беларусь. У камэрцыйнай фірме выключна беларускае маўленьне выклікала нязмушаную цікавасьць і нават лёгкую зайздрасьць. Атрымалася! Амаль аднолькавая рэакцыя — гандлярак у «Доме на Нямізе», касыркі ў хлебнай краме на Круглай плошчы... І тут я злавіў сваю думку ў галаве — а дзе ж яшчэ «нашыя людзі» ў гэты дзень? Дзіўна, але вандруючы пехам амаль чатыры гадзіны ў Менску, я так і не пачуў аніводнага нашага слова ад аніводнага чалавека на вуліцы, у крамах, ва ўстановах. Балюча... Яшчэ цяжэй, мабыць, чымся калі б вакол не было людзей. Але Дзень мовы патрэбны. І ня дзень, а ўсё жыцьцё. Менавіта ў гэты дзень выпростваюся маральна ад «саўдэпаўскага» балота думак ды жаданьняў. Адчуваю, што жыву, бо маю мэту, вылучаюся з шэрасьці, імкнуся быць асобай.

Зваротны шлях ізноўку атрымаўся аптымістычным, бо я вяртаўся дахаты. І кожны з нас зь цягам часу абавязкова будзе вяртацца дахаты, да Беларусі, да сваёй беларускае душы. І гэтае вяртаньне назад насамрэч ёсьць шляхом наперад.

Уладзімер Аніськевіч, Баранавічы


 

ULIS i НОВАЕ НЕБА ў Львове

Гурты ULIS i НОВАЕ НЕБА 18—19 сакавiка далi канцэрты ў львоўскiх клюбах «Бабiлён» i «Лялькi». Выступы адбылiся на запрашэньне найстарэйшага заходнеўкраiнскага гурта МЕРТВИЙ ПIВЕНЬ. Львоўскiя сябры казалі, што выступ беларускiх рокераў можа прэтэндаваць на намiнацыю «падзея году». «Я ўражаны і ўсьцешаны тым, што беларусы паказалi галічанам, як трэба граць i як трэба «любiць бацькаўшчыну», — гэта словы з тэлеiнтэрвію прэзыдэнта Асацыяцыi ўкраiнскiх пiсьменьнiкаў Юрка Пакальчука. Ад сябе магу дадаць, што такога моцнага натхненьня ўжо даўна не было анi ў Касi Камоцкай, анi ва «ўлiсаўцаў». «Эрбэшны» афiцыёз любымi сродкамi iмкнецца загнаць незалежныя культурныя асяродкi «пад зямлю». Як вынiк, зьяўляюцца новыя выданьнi, кнiгi, ствараюцца новыя песьнi... Што беспасярэдне да рок-н-ролу, дык музыкі ўсё часьцей выяжджаюць за мяжу, экспартуючы прадукт з надпiсам «Made in the Kingdom of Belarus».

Калi казаць пра ULIS, NRM, KRIWI, НОВАЕ НЕБА i праект «Народны Альбом», дык у блiжэйшыя тры месяцы музыкi маюць выступы ва Ўкраiне, Польшчы i Францыi... Калiсьцi я браў квiткi на парыскiм усходнiм аўтавакзале. Цiкаўны касiр спытаўся, зь якой я краiны. На слова «Belarus» ён адрэагаваў словам «Lukashenka». Мяркую, што якiм бы драматычным ня стаўся канец «эрбэшнага абсурду», усё ідзе да таго, што яшчэ пры жыцьцi таго парыскага касiра на слова «Belarus» мне ў Эўропе будуць адказваць словамі з новага слоўнiка нашага Каралеўства.

Квят.


Неаб’ектыўны перапіс

Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны выступіла 26 сакавіка з заявай, у якой даецца наступная ацэнка нядаўняму перапісу насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусі:

«У нашай краіне з 16 да 23 лютага гг. праведзены перапіс насельніцтва. Ужо ў час падрыхтоўкі да яго дзяржаўныя чыноўнікі дапусьцілі парушэньні правоў грамадзянаў. Перапісныя фармуляры Міністэрствам статыстыкі і аналізу былі падрыхтаваныя толькі на расейскай мове. Уся наглядная агітацыя па перапісе афармлялася толькі па-расейску. Некаторыя пытаньні, унесеныя ў перапісныя фармуляры, мелі характар умяшаньня ў прыватнае жыцьцё. У дні перапісу ў Таварыства Беларускай Мовы паступіла больш за 60 тэлефанаваньняў і пісьмовых заяваў з абуральнымі фактамі грубага парушэньня працэдуры перапісу. Вельмі часта ў перапісчыкаў не было блянкаў на беларускай мове, а самі яны не валодалі беларускай мовай. Нярэдка перапісныя фармуляры запаўнялі загадзя, а ў рэспандэнтаў бралі толькі пашпартныя зьвесткі. Пытаньні аб роднай мове і мове пабытовага ўжытку наагул не задавалі. Правільнасьць запісаў у людзей не ўдакладнялі і не ўзгаднялі. Агітацыяй на карысьць такога варыянту запісу займаліся кіраўнікі некаторых калектываў і вайсковыя камандзіры. Разумеючы, што зафіксаваныя актывістамі ТБМ факты — толькі нязначная частка грубых парушэньняў правоў грамадзянаў і законаў Рэспублікі, мы ўжо сёньня маем усе падставы сумнявацца ў аб’ектыўнасьці і дакладнасьці праведзенага перапісу і лічыць яго яшчэ адной сплянаванай высокімі чыноўнікамі акцыяй, скіраванай на барацьбу зь беларускай мовай і незалежнасьцю Бацькаўшчыны».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0