Пераехала камбайнам

 

Чэскі пісьменьнік Мілан Кундэра сказаў: «Змаганьне чалавека з уладаю — гэта змаганьне памяці з забыцьцём». Над Беларусяй пануе забыцьцё, бо ўсё дыктуе ўлада. Яшчэ адна славянская сястра можа далучыцца да сям’і, якая ня мае бацькоў і нагадвае фіктыўны шлюб, заключаны дзеля атрыманьня ці ўтрыманьня жытла. Што ёсьць вялікай рызыкай для нашай сінявокай краіны, якая так удала хавае пад навязанай і прынятай рахманасьцяй спароджаны адно эмоцыямі ваярскі дух. Калі я думаю пра магчымыя наступствы рэальнага ўвязваньня Беларусі ў ваенны канфлікт на Балканах, я, халадзеючы, згадваю словы прэзыдэнта Лукашэнкі, сказаныя пад Берасьцейскай крэпасьцю у 1996 годзе — 55-ю гадавіну пачатку чарговай бязьлітаснай для нашай зямлі вайны — «Яны (абаронцы берасьцейскіх муроў) паміралі за рускія бярозы...» Змаганьне памяці з забыцьцём. Пераважная думка ў беларускім грамадзтве: этнічныя чысткі — кепска, бамбардаваньне — кепска, нас гэтая вайна не павінна тычыцца. Аднак Беларусь у ёй ужо атрымала сваю пэўную ролю. Пакуль што параўнальна-гістарычную.

У адказ на просьбу пракамэнтараваць для Радыё «Палёнія» (5-я праграма польскага радыё для замежных слухачоў) ваенныя апэрацыі NATO ў Югаславіі, легендарны шматгадовы кіраўнік польскай службы Радыё «Вольная Эўропа» Ян Новак-Езяраньскі вобразна выказаўся так: «З маральнага пункту гледжаньня апэрацыя цалкам абгрунтаваная. Уявім сабе, што Лукашэнка заўтра распачаў бы этнічную чыстку палякаў, расстрэл мужчынаў, абстрэл маёмасьцi і гэтак далей. Як бы зрэагавала Польшча, калі б NATO паведаміла, што праблема ёсьць унутранай справай Беларусі і няма падставы для чыну? Было б агульнае абурэньне. Таму з маральнага пункту гледжаньня спробы стрымаць забойства людзей — абгрунтаваныя. Але сумненьні і хваляваньне выклікае тое, ці выніковым будзе бамбардаваньне?»

Дыктатары не баяцца бамбардаваньняў і крызысаў у сваіх краінах. Дыктатары паслугоўваюцца дэмагогіяй і бункерамі. Церпіць народ. А калі народ церпіць — ён заслугоўвае. І за народ уступаюцца лепшыя прадстаўнікі чалавецтва. Моцныя гэтага сьвету. Моц базуецца на грошах і ваеннай здольнасьці войска. Ці далучанасьці да моцных. Страшэнна паважаю Польшчу за культурны ўнёсак у разьвіцьцё цывілізацыі, але дзіўлюся аднолькавай танальнасьці ў рэкляме любімага ёгурту, у якім з кожным месяцам усё больш ягадаў ці вітамінаў, і пры інфармаваньні аб канфлікце вакол Косава: «У Югаславii ня будзе небамбардаванага места», «У Бялградзе цэлую ноч не сьцiхалi алярмы», «Польскi ўрад цалкам кантралюе сытуацыю на Балканах». На дзьверах варшаўскага пабу «Гайнэкен» 1-га красавiка зьявiўся надпiс «Сёньня паб працуе толькi да 20.00. У сувязi з вайной у Косава. Жарт». Ня тое меў на ўвазе польскі пісьменьнік Вітальд Гамбровіч, калi казаў: «Каб застацца ў гісторыі, у ёй трэба сьцьвердзiцца».

У цяперашнім сьвеце вайна ня можа быць нашай ці вашай, але агульнай паразай з прычыны яе, вайны, пачатку. Падтрыманая беларускім і расейскім прэзыдэнтамі прапанова Мілошавіча далучыць Югаславію да Саюзнай дамовы Беларусі й Расейскай Фэдэрацыі заходнімі аналітыкамі ацэньваецца проста — пагроза сусьветнай вайны.

А пад гэты шумок беларускі «гарант бясьпекі» робіць сваё — затрыманы і абвінавачаны кандыдат у прэзыдэнты экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір: столькі гадоў ніхто не заўважаў нявернутых крэдытаў, і на табе. Тамара Віньнікава зьнікае з-пад пільнага вока ворганаў. Віньнікавай няма. Ніхто з адказных за яе «ахову» не пакараны. Падазрона простае зьнікненьне. Кажуць, ужо ёсьць ордэр на арышт Багданкевіча. На пахаваньне палітыка, які ніколі не мяняў лягераў і пасьлядоўна працаваў дзеля інтарэсаў Беларусі, Генадзя Карпенкі прыяжджае Іван Пашкевіч, якога сам Карпенка ў свой час літаральна выгнаў з трыбуны ў будынку парлямэнту. Прытым пад афіцыйным нэкралёгам не стаяць подпісы афiцыйных асобаў. Проста, сьціпла i цынiчна — Белта. А жалобную калёну зь пяці тысячаў чалавек, якія праводзілі Карпенку ў апошні шлях, зноўку здымалі на органаўскую відэакамэру.

Два дні запар у тым, што журналісты называюць «тэлешову», Аляксандар Лукашэнка вучыў парлямэнт і вэртыкаль. Аляксандар Лукашэнка сваім грозным пальцам махаў у бок тэлегледачоў — народу, дэпутатаў, якія, аказваецца, ня толькі абраныя народам, але й парлямэнтары (!?), рабіў ідэалягічную чыстку «здраднікаў»-апазыцынэраў, апэляваў да замежных паслоў, зь якіх, паводле нашых зьвестак, прысутнічалі толькі дыпляматы Расейскай Фэдэрацыі, Казахстану і КНР. Вечнае непразрыстае «што трэба» і ніколі — «як трэба». Неаднаразовая прывязка бясьпекі краіны да эканамічнай бясьпекі. Галоўнае, паводле словаў прэзыдэнта, — хлеб. А песьні — у ліпені-жніўні. У каго — пасьля 20-га ліпеня, у каго — на «Дажынках». Дакладна, як у кампазыцыi гурта «Нэйрадзюбэль»: «А меня судьбой в ушанке сiней переехало комбайном».

Вольга Караткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0