Вера — ня розум

 

Калі б верылася розумам, дык мы, беларусы, на кожным кроку маглі б казаць адзін адному, што мы чужыя па веры і, у лепшым выпадку, што нам трэба нейкім чынам суіснаваць. Розумам нараджаюцца тыя этнічныя канфлікты, калі адзінства чалавечага патаемнага саступае месца ўсьвядомленай розьні. Як у той Югаславіі. Розумам мы шукалі ў адным з папярэдніх нумароў «НН» падставаў славянскага адзінства і не знайшлі. Розумам піша Ніл Гілевіч свой верш з прысьвячэньнем сэрбскаму сябру і пабраціму Мамчылу Джэркавічу:

Памутнеўшы розумам ад шалу,
Рынулася зброя чорных зграй
Руйнаваць суздром тваю дзяржаву,
Паліваць агнём твой родны край.

 Зграі — гэта ён пра NATO. А я гляджу ў Інтэрнэце на фотаздымкі тых самых этнічных чыстак, перад якімі папярэджаньне — да 18 гадоў сюды зазіраць ня варта — панявечаныя дзіцячыя целы і цэлыя вёскі складзеных у шэраг трупаў, твары з вырванымі вачыма ды іншае вычварства, і ўсё халадзее ў сярэдзіне. Я ня ведаю, што такое праваслаўнае славянскае адзінства і калі гэта — яно, дык патаемнае мне падказвае, што я ня проста ня згодны зь ім, але што яго не павінна быць. NATO бамбіць сэрбскіх вайскоўцаў за тое, што тыя катуюць і забіваюць альбанскіх дзяцей, старых, мужчын і жанчын. За тое, што выгналі мільён людзей зь іхнае зямлі, дзе тыя складалі 90 працэнтаў насельніцтва. За тое, што яны нічым не адрозьніваюцца ад фашыстоўскіх карнікаў у беларускіх вёсках. Як можна салідарызавацца з карнікамі? Якім пачуцьцём падказаная такая салідарнасьць? Між тым, альбанцы надта падобныя да беларусаў — сваёй пакораю і няздольнасьцю бараніць уласную зямлю. Іхнае фармаваньне нацыі зацягнулася, як і нашае. Але зараз яно мусіць ісьці патройнымі тэмпамі. Ясна, што такога яны не даруюць ніколі. І гэта будзе ў іх перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне як патаемнае. У адрозьненьне, дарэчы, ад Гілевічавага славянскага адзінства, якое прыдуманае мазгамі і таму дазваляе ўставаць на бок нелюдзяў. На дзіва зблізіўся тут народны паэт з народным прэзыдэнтам, які, праўда, справядліва салідарызуецца ня з сэрбамі, а з калегам Мілошавічам. Адчувае падабенства лёсу.

Сяргей Паўлоўскі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0