Праблемы толькі пачынаюцца

 

Старшыня Найвышэйшага гаспадарчага суда пацьвердзіў ранейшы спрыяльны для «Нашай Нівы» прысуд у яе спрэчцы зь Дзяржкамдрукам. У дадзеным выпадку перамагла справядлівасьць. Можна радавацца, што законнасьць ужываньня «тарашкевіцы» цяпер прызнаная на юрыдычным узроўні. Можна спадзявацца, што яе пераможнаму поступу цяпер нішто ня будзе замінаць.

Не сьпяшаймася.

Калі з справядлівасьцю тут зразумела, дык у астатнім, баюся, сытуацыя куды як няпэўная.

Ці пастанова лукашэнкавага (чытай: шамякавага, несправядлівага – і не істотна, што ў дадзеным выпадку сыстэма дала збой) суда нешта дадасьць аўтарытэту «тарашкевіцы»? Мяркую, не. Кадыфікаваны ў 1918 годзе правапіс існаваў і існуе як самадастатковы, ён ужо сьцьвердзіў сваю жыцьцяздольнасьць. «Тарашкевіца» была прыцягальнай дзякуючы менавіта ўладзе свайго аўтарытэту; што адбудзецца, калі «клясычны» правапіс стане апэляваць і да аўтарытэту ўлады, — невядома.

З прыняцьцем апошняга праўнага рашэньня нікуды не зьнікае галоўная праблема «тарашкевіцы» – вузкасьць яе сацыяльнай базы. Тут адбываецца сутыкненьне з куды больш сур’ёзнымі супернікамі, чым неабачлівыя і неахайныя законатворцы і самаўпэўненыя чыноўнікі зь Дзяржкамдруку. Імёны гэтых супернікаў – традыцыя і інэрцыя. За часы свайго існаваньня «наркомаўка» сягнула ва ўсе слаі грамадзтва, яна зрабілася абыклай, у значнай ступені «традыцыйнай». Гэтым ня можа пахваліцца «тарашкевіца». З часу яе вяртаньня са змушанай эміграцыі яе посьпехі ў апанаваньні беларускім грамадзтвам даводзіцца прызнаць даволі сьціплымі. Нават у самыя лепшыя часы «тарашкевіца» не пранікала ў такую важную сфэру, як адукацыя. «Клясычны» правапіс і цяпер застаецца другім беларускім правапісам, і пакуль няма падставаў казаць, што ў колькі-небудзь блізкай пэрспэктыве ён зможа стаць першым, а тым больш – адзіным.

Ня сьведчыць на карысьць «тарашкевіцы» і замежны досьвед. Нягледзячы на тое, што на пачатку XIX ст. пры фармаваньні новай грэцкай мовы быў абраны «клясычны» пісьмовы варыянт («катарэвуса»), які паўсюдна выкарыстоўваўся ў літургіі і быў афіцыйным сродкам камунікацыі органаў кіраваньня, што ўзьніклі пад час антыасманскай вызваленчай барацьбы, ён, аднак, і да сёньня ня змог выцясьніць «дымотыку» – мову на народнай аснове. Нікуды ня дзецца ад таго, прыкладам, што напісаньне словаў замежнага паходжаньня паводле «наркомаўскага» правапісу больш адпавядае сучаснаму вымаўленьню, чым «тарашкевіца», — і гэта ў значнай ступені робіць шанцы на яе дынамічнае пашырэньне вельмі сумніўнымі.

Сяргей Запрудзкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0