НЕРЭЛІГІЙНАЯ НАЦЫЯ

 

Ёсьць заканамернасьць у тым, што, пішучы з нумару ў нумар пра беларускую праўду і крыўду, пра нашы філіі і фобіі, мы міжволі падступаемся да мяжы ўсьвядомленага і патаемнага, калі сэнсы перастаюць разумецца, а могуць толькі адчувацца ў глыбіні душы. Гэта ўжо тая сфэра, дзе пануе не навука, а рэлігія. Пашыранае меркаваньне пра нерэлігійнасьць беларусаў ідэнтычнае думцы пра тое, што беларусаў мала абыходзіць незалежнасьць іхнае краіны. Іншымі словамі, адносіны да Веры і Свабоды супадаюць. І тут адразу згадваецца адказ на пытаньне — а чаму нашыя суседзі — літоўцы або палякі такія ўпартыя ў адстойваньні свае незалежнасьці? Ды таму, што ў іх ніколі, нават у камуністычныя часы, не перарывалася традыцыя касьцёлу. Зь іншага боку атэізм расейцаў і далучаных да іх беларусаў не дапускаў памкненьня да незалежнасьці...

Адзін калега ў адказ на такія мае развагі прывёў у прыклад статыстычна нерэлігійныя нацыі старое Эўропы, накшталт галяндцаў або швэдаў. Маўляў, працэнт вернікаў там меншы за працэнт нявернікаў і працягвае зьмяншацца. Але зноў жа гутарка ідзе пра патаемнае, а не пра тое, хто кажа, што Бога няма, а хто — што Бог ёсьць, хто ходзіць у царкву, а хто ня ходзіць. Самы зацяты дэкляраваны атэіст можа ў душы сваёй шчыра верыць і наадварот. Тут як у знакамітым эпізодзе зь фільма Андрэя Таркоўскага «Сталкер». Памятаеце, як Сталкер тлумачыць, чаму Дзікабраз павесіўся? Ён у Зону ішоў за брата прасіць, а яго грашыма заваліла. Бо ў Зоне толькі самыя патаемныя жаданьні збываюцца. Я думаю, што кожны сучасны галяндзец або швэд у працэсе ўзгадваньня абсалютна нясьведама атрымаў і пачуцьцё Бога, і пачуцьцё Свабоды. У выглядзе таго самага патаемнага жаданьня.

І далей, што б ён ні казаў, за каго б ні прасіў, а жыць ён ужо будзе і з Богам, і ў Свабодзе.

Выглядае, гэта якраз тое, што ў нашым выпадку найчасьцей выпадае з працэсу ўзгадаваньня. І самае першае, што выпадае — патаемнае пачуцьцё Сябе. Тое самае калектыўнае патаемнае, якое і творыць нацыю. У цэльных і адзіных у сабе народаў гэтае пачуцьцё гадуецца ў сем’ях, у традыцыйным асяродку, у школе, хоць школа пераважна агучвае, г.зн. выкрывае патаемнае, імкнецца зрабіць яго ўсьвядомленым. Глыбіннае ўзгадаваньне тут праходзіць спосабам завучваньня, зазубрываньня, як на ўроках рэлігіі. Але гэта ўсё ж ня тое месца, дзе найперш адбываецца перадача патаемнага.

Найперш — міжчалавечы кантакт. А ў нас наша старэйшае пакаленьне, калі не цярпела ад сталіншчыны, дык часта верна ёй служыла. А сталіншчына вымагала ня толькі ўсьвядомленае, але й патаемнае любові. Ёсьць і такія мэтады ўзгадаваньня, калі ў патаемнае заганяюцца патрэбныя ўладзе пачуцьці. Гэта найперш — панічны страх і вытворнае ад яго пачуцьцё рабскае пакоры. Бадай, няма ў нашай краіне старэйшага чалавека, які б не насіў пад сэрцам хоць крупіцу гэтага страху і пакоры. Людзей іншага кшталту зусім мала, яны, як цяпер модна казаць, на ўзроўні статыстычнае памылкі. У гутарках з такімі людзьмі проста фізычна адчуваеш прысутнасьць патаемнага пачуцьця Сябе, Свабоды і Праўды. Розумам гэта ня вытлумачыш — атрымаецца набор банальнасьцяў. Магчыма, адзіны спосаб пераемнасьці патаемнага — гэта глядзець і імкнуцца быць такім, як яны. Складаная мэханіка патрабуе, як і ўсё геніяльнае, вельмі простага мэтаду. Але на гэтым простасьць сканчаецца.

На каго пазіраць беларусам, да каго імкнуцца быць падобнымі, каб урэшце давершыўся гэты шматпакутны працэс фармаваньня нацыі? Мой адказ — на тых людзей, якіх аб’ядноўвае сёньня Рада БНР. Але гэта толькі мой адказ. Мой і яшчэ некалькіх соцень чалавек, каму такое глядзеньне даступнае. На каго глядзяць астатнія? На ўсенароднага прэзыдэнта? Тых, хто глядзіць з пашанай, усё меней. Выглядае, што большасьць проста пазірае па баках. Яны ў прастоі. Яны ня думаюць пра пераемнасьць, таму й ня маюць патаемнага пачуцьця беларусаў.

Сяргей Паўлоўскі