Барыс Казакоў.
Сьнежань

 

Калi мы прамаўляем: «сьнежань» — у нашым уяўленьні паўстаюць зусiм пэўныя асацыяцыi: Каляды, белыя гурбы, чорна-белыя карункi гальля ў пустых садах, птушкi, якiя не адлятаюць з радзiмы, пунсовы шар сонца ўранку i хуткiм адвячоркам, сьвежына на сьнезе...

У «Сьнежнi» Барыса Казакова сюжэт двубою чалавека й ягонае сьвiньнi — неад’емнага сьнежаньскага рытуалу — становiцца косткай кампазыцыi, вакол якое нарошчваюцца дадатковыя аб’екты. «Сьнежань» — нетыповая праца Казакова. Перадусiм тут ён спрабуе вырашыць праблему прасторы, увайсьцi ў бясконцасьць пэрспэктывы шчыльнага, у прыцемках, зiмовага паветра. Хоць вырашэньне ён знайшоў дэкаратыўнае, блiзу мультыплiкацыйнае: пляма аб’екту пазначае i сюжэтную лiнiю i стварае плян.

У гэтым выяўляецца досьвед Казакова як тэатральнага мастака. Напрыканцы 60-х ён аздабляў спэктаклi ў тэатрах Менску i Магiлёва. Дыяпазон ягоных сцэнiчных сюжэтаў вялікі. Гэта i «Каварства й каханьне» Шылера, i «Мiльянэрка» Шоў, i «Зорка Вэнэра». Дарэчы, менавiта афармленьне да спэктаклю «Зорка Вэнэра» Алтухова i Бур’яна, якi быў упершыню пастаўлены ў Тэатры юнага гледача ў Менску, i стварыла Казакову славу аднаго з выдатных тэатральных мастакоў нашае краiны. Пасьля ён сьведама пакiдае гэтую творчую галiну, дзе здолеў рэалiзавацца з посьпехам, на тое, каб заняцца меншымi, станкавымi формамi. Аднак i ў станкавых творах Казакова папярэднi ўплыў тэатральнага жывапiсу вiдавочны.

... Сярод тых расейцаў, што сталi мастакамi ў Беларусi, ёсьць творцы рознага маштабу. I па-рознаму яны бачылi й бачаць сваю місію. За рэдкiм выняткам, як раней, гэтак i цяпер, большасьць зь iх нi ў якай ступенi ня бачыць сябе менавiта ў беларускiм кантэксьце. Гэткiм выключэньнем стала творчасьць Барыса Казакова, якi пераўвасабляе шэраг беларускiх мiтаў: вёска, хата, карова-кармiцелька... Ягоныя палотны — «Лазьневы дзень», «Вяртаньне дадому», «У Сяргеевiчах», «У хляве», «Iван Сьцяпанавiч» перарастаюць у канцэптуальны шэраг вобразаў, зь якiх сатканае беларускае жыцьцё. I кожны з гэтых вобразаў грунтуецца на аб’ектах, якiя ёсьць мiтамi: малако, хлеб, вiно, човен, хата, праца...

Адбор дакладных формаў, нiбы словаў да вершу, робiць палотны Казакова амаль прыпавесьцямi, наблiжаючыся да мяжы лiтаратуры. Напрыклад, карцiны «Крыўда. Падлетак» цi «Цар-вiно, цар-рыба» — гэта ўжо сюжэты, якiя могуць стаць вартымi для ўвасабленьня ня толькi ў жывапiсе...

Канцэптуалiзм Казакова, ягоная пасьлядоўнасьць у вычэрпваньнi тэмы, цi яе фрагмэнту, набывае часам парадаксальныя формы. Адзiн з найбольш паказальных прыкладаў — гэта шэраг партрэтаў вучоных, якiмi аздобленая заля паседжаньняў у Iнстытуце глебазнаўства i аграхiмii. Самi партрэты ператвораныя ў дэкаратыўныя пано, якiя адно за адным пазначаюць пэўныя зьбегi паняцьцяў, мiты пра вучонасьць i навуку з усiм наборам адпаведных аксэсуараў. У гэткiм жа рэчышчы створаны i «Поры году», якiя распачынаюцца палатном «Сьнежань. Тут беларускiя месяцы мусяць выяўляцца праз наборы трывалых уяўленьняў пра парадак зямнога жыцьця.

Дастатковасьць — найпершы прынцып мастацтва Казакова. Колькi дастаткова мужчынаў, каб удала разьдзелаць парсюка? Двух. А жанчына дапамагае з вадою. Два мужчыны, адна жанчына, два вядры, адзiн парсюк. Менавiта ў гэтай дастатковасьцi i тоiцца сэнс слова парадак.

Калярыстычна цэнтар кампазыцыi сканцэнтраваны звышдакладна — на кропцы агню, якiм смалiцца вяпрук. Гарачыя водблiскi ад яе па коле асьвятляюць саму дзею, якая кiнэтычна разгортваецца ў нас на вачах. У марознай ранiшняй смузе, калi ўжо пагасьлi зоры, але не ўсплыло сонца. Людзi варушацца сярод сьцюдзёнае, нямое прасторы. Нiбы адныя на ўвесь белы сьвет...

Дзеля таго, каб прыцiшыць драматызм сюжэту, у кампазыцыю дададзеныя птушкi — бесклапотныя iстоты. Высока ў небе ляцiць вольная галка, якая сваiм стракатаньнем будзiць навакольную цiшу. А па дыяганалi, у супрацьлеглым куце, ля сабачае будкi, сьвецiца другi агеньчык — пеўнеў грабянёк. Пеўня з кураю гаспадары зарэжуць ня сёньня, ня ў сьнежнi..

Сяргей Харэўскi


Казакоў Барыс (1937, м. Балахна, Расея) жывапiсец, тэатральны дэкаратар. У 1958 скончыў Горкаўскую мастацкую вучэльню, у 1964 — Беларускi тэатральна-мастацкi iнстытут. З 1970 да 1974 выкладаў тамсама. Аздабляў спэктаклi ў тэатрах Менску i Магiлёва.