Ад перамогі да перамогi

NATO — 50

 

Едучы аўтобусам зь Вiльнi ў Менск, я пачуў, як нейкая кабета, сталiчнага выгляду, з валiзамi, шчыльна наладаванымi лiтоўскiмi харчамi, раптам з выклiкам запытала ў кiроўцаў: «Ну, як там вашыя хлопцы забiваюць сэрбаў?» Кiроўца зьдзiўлена азiрнуўся, пра нешта перамовiўся з напарнiкам, i, сьцепануўшы плячыма, усьмiхнуўся... Палова пасажыраў, што гэтаксама цягнулi вялiкiя клункi, пачалі клясьцi NATO, іншая палова жвава абмяркоўвала эўрапейскую перамогу лiтоўскiх баскетбалiстаў.

Як некалi савецкiя людзi гатовыя былi да хрыпаты даводзiць адзiн адному сваю заклапочанасьць Гандурасам альбо абмяркоўваць смак амараў, гэтак i цяпер беларусы з расейцамi ўсур’ёз прарочаць паразу «агрэсiўнага блёку НАТО» i адзiн аднаго пераконваюць у непераможнасьцi славянства.

За паўстагодзьдзя свайго існаваньня сілы NATO як арганізацыі упольна бяруць удзел у ваенных дзеяньнях толькi другi раз. Таксама на Балканах. «Агрэсiўны альянс са свамi заакiянскiмi гаспадарамi» паўстагодзьдзя адыгрываў на эўрапейскiм кантынэнце выключна ролю стрымліваньня, якая цалкам упiсалася ў сцэнар «халоднай вайны». I тую вайну NATO, разам з саюзьнiкамi, выйграла.

Тым часам партнэры па «мiрнай» Варшаўскай дамове акупавалi Чэхаславаччыну, свайго ж саюзьнiка, у 1968 годзе. Варшаўскi блёк урэшце пакрысе развалiўся сам, яшчэ да распаду СССР, дзякуючы лiдэрам Альбанii, Югаславіі, Румынii, а затым i антыкамунiстычнаму руху па ўсёй Усходняй Эўропе. Параза ў «халоднай» вайне стала вiдавочнаю.

З крахам камунiзму ў Эўропе пад канец другога тысячагодзьдзя засталася адна глябальная праблема, якую агучыў папа Ян Павал

II, а менавiта — права нацыяў на самавызначэньне, якое шматкроць дэкляравалася, але да сёньня не знайшло свайго нарматыўнага ўвасабленьня. Iмклiвы распад СССР, Югаславii i Чэхаславаччыны скаталiзавалi нашмат больш праблемаў, чым можна было прадбачыць. Сэпаратысцкiя рухi ўскалыхнулi ўвесь кантынэнт, аднак мiжнародна прызнаных мэханiзмаў усталяваньня справядлiвасьцi пакуль няма. Насуперак лёгiцы марксiзму, быцьцё абагнала сьведамасьць.

Глябальнае «халоднае» супрацьстаяньне зьмянiлася ланцугом цяжка прагназаваных лякальных канфлiктаў, спароджаных знутры. Таму дзеля гарантыяў бясьпекi Эўропа iнстынктыўна абiрае сабе шлях да стварэньня не палярнага, а беспалярнага парадку, якi можа забясьпечыць стабiльнасьць i прадухiлiць шматбаковыя канфлiкты.

Беспалярнасьць — гэта сыстэма калектыўнае бясьпекi, супольнае эканомiкi, калегiяльнасьць у рашэньнi праблемаў кантынэнту, найперш у сацыяльнай сфэры i экалёгii. Як i любая калегiяльнасьць, дзе рашэньне большасьцi абавязковае для астатнiх, яна нясе з сабою страту пэўнае часткi сувэрэнiтэту, калi разглядаць сувэрэнiтэт як самадастатковую каштоўнасьць. Але якая вышэйшая мэта нацыi? Быць вечнай. Захаваць сваю культуру, мову i традыцыйныя каштоўнасьцi. У гэтым сэнсе менавiта беспалярны, шматмоўны, шматкультурны сьвет ёсьць пакуль адзiным гарантам супраць накiданьня культурнае манаполii адной, двух цi трох нацыяў усiм астатнiм. Пры калегiяльнасьцi эўрапейскiх арганiзацыяў, слова самых малых iхных сяброў важыць гэтулькi ж як i вялiкiх. Больш за тое, нацыi, якiя нядаўна стаялi на ўскрайку глябальных культурных працэсаў, мiжволi выпростваюцца, ледзь ня змушана забясьпечваюць сябе культурна i iнфармацыйна на ўзроўнi нацыяў вялiкiх. Стан абавязвае...

Навошта ж гэткай «пастаральнай» Эўропе армейскi кулак? З той простай прычыны, што ня ўсе нацыi гатовыя прыняць гэткую сьветабудову, песьцячы ў сабе мiты пра сваю выключнасьць. А па сутнасьцi, ня будучы гатовымi да выключна культурнага i эканамічнага спаборнiцтва, iмкнуцца забясьпечыць сабе гэткiя прывiлеi, якiя б кампэнсавалi iм эканамiчную i сацыяльную недаразьвiтасьць. I гучна ляскаюць дзьвярыма, што гасьцiнна распахнулi перад iмi ветлiвыя й адукаваныя заможныя суседзi. На жаль, лёгiка гэткага супрацьстаяньня непазьбежна вядзе да ўзброеных канфлiктаў, бо нiводная краiна на кантынэнце ня можа iснаваць сама па сабе, будучы аперазаная з усiх бакоў адзiнай Эўропаю. Якая альтэрнатыва? Спакойна назiраць за крывавай бойняю на Балканах i ня ўмешвацца?

Так, сапраўды, iснуюць гэтак званыя «мiратворчыя кантынгенты» ААН у блакiтных касках. Але, па-першае, iх функцыi няпэўныя.

Напрыклад, — стаяць на лiнii агню памiж бакамi(!?). Па-другое, у iх няпэўнае кiраўнiцтва, што дазваляла шматкроць розным дзяржавам папросту адклiкаць сваiх ваякаў з зоны баявых дзеяньняў, калi яны раптам былi з чым нязгодныя. «Голубые уходят» — пад гэткiм загалоўкам расейскi часопiс «Огонек» зьмясьцiў рэпартаж пра вывад аанаўскага кантынгенту ў Анголе, хоць вайне ў гэтай краiне не вiдаць канца. Нідзе кантынгенты ААН ня вырашылi ваенных задачаў. А таму дзеля ўсталяваньня мiру ў Босьнii ААН зьвярнуўся менавiта да NATO, з мэтаю эфэктыўна скарыстаць вайсковую моц. I гэта была другая перамога NATO, на гэты раз у сапраўднай вайне. I сёньня ўдзячная Босьнiя накiравала сваю дэлегацыю ў Вашынгтон, хоць яна не ўваходзiць нi ў NATO, нi ў Раду паўночнаатлянтычнага партнэрства.

Сёньня альянс NATO — гэта 19 дзяржаваў, маленькiх i вялiкiх, вельмi багатых цi проста заможных, каталіцкіх, пратэстанцкіх, атэістычных, праваслаўных і мусульманскіх, але гэта тыя дзяржавы, якiя хочуць жыць разам у вольным i стабiльным сьвеце.

Найчасьцей апанэнты NATO закiдаюць альянсу «двайны стандарт».

Слушна, яны не бамбяць Турцыю за курдаў. Бо, па-першае, Турцыя — удзельнiк альянсу. Па-другое, туркам ня прыйдзе ў галаву бамбiць сваiх грамадзянаў, нават i курдаў, як гэта рабiла Масква ў Чачэнii. Па-трэцяе, туркi ня робяць этнiчных чыстак, а iмкнуцца асымiляваць курдаў, накшталт таго, як сёньня зь беларусаў лепяць расейцаў. Па-чацьвертае, туркi змагаюцца ня з курдамi, а з радыкальным сэпаратысцкiм рухам выразна левага ўхiлу. А вось Iрак бамбiлi менавiта і за генацыд супраць курдаў, ужываньне хiмiчнае зброi супраць мiрных жыхароў, i сёньня кантралююць паветраную прастору над iрацкiм Курдыстанам, дарэчы, з турэцкага боку. I самае галоўнае — сфэра дзейнасьцi NATO абмежаваная была выключна Эўропаю i Паўночнай Атлянтыкай. I вось гэтую канцэпцыю да свайго юбiлею альянс зьбiраецца перагледзець, бо ўсе ягоныя ўдзельнiкi прызнаюць — пагроза Эўропе сёньня сыходзiць толькi звонку. Таму мiнiстар абароны ЗША Ўiльям Коэн, выступаючы нядаўна ў Кангрэсе, заявiў, што NATO надалей ня будзе абмяжоўвацца зонай «адказнасьцi», гэта азначае тэрыторыяй краiнаў, якiя ў яго ўваходзяць. А вось дзе насамрэч альянс дапусьцiў двайны стандарт, дык гэта ў дачыненьнi да Расеi, якая вынішчала чачэнцаў, сваiх жа грамадзянаў, забіўшы ў сотні, калі ня ў тысячы разоў болей, чым выпадкова загiнула ў Югаславii ў вынiку саюзных апэрацыяў. Каму ж тады заклiкаць да адзiнага стандарту?

На сьвяткаваньне юбiлею NATO зьедуцца кiраўнiкi ўсiх краiнаў Эўропы i СНГ бяз розьнiцы ў статусах. Не паехалi толькi чатыры краіны — Югаславiя, Расея, Кыргызстан і Беларусь.

Гары Куманецкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0