Засьвярбелі кулакі

23 красавіка ў Менску а 7-й гадзіне вечара быў зроблены напад на паэта і журналіста, сталага аўтара «НН» Славаміра Адамовіча. Двое злачынцаў атакавалі яго ў пад’езьдзе дому, дзе знаходзіцца рэдакцыя «НН», куды Адамовіч і накіроўваўся. У выніку непрацяглае сутычкі паэт атрымаў лёгкае пашкоджаньне твару. Сьведкамі здарэньня сталі жыхары кватэраў, якія пачулі крыкі і набралі 02. Міліцыянты зьявіліся хутка, але на месцы інцыдэнту ўжо нікога не засьпелі.

С.Адамовіч сьцьвярджае, што яго высочваюць спэцслужбы рэжыму ў зьвязку зь ягонай дзейнасьцю на пасадзе сакратара Менскай гарадзкой камісіі па выбарах прэзыдэнта Беларусі, якія прызначаныя на 16 траўня. Гвалтоўныя дзеяньні спэцслужбаў маюць намер запалохаць патрыётаў, якія захоўваюць вернасьць закону і Беларусі.

С.Адамовіч кажа, што наіўна палохаць тычкаю ў твар чалавека, які прайшоў Лукашэнкаву турму і сухую галадоўку. А тое, што з набліжэньнем дня выбараў у дыктатуры засьвярбелі кулакі, сьведчыць толькі пра адно: рэжым губляе вытрымку, баіцца сам і спадзяецца, што спужаемся мы.

Міраслаў Чантарыцкі