Лісты ў рэдакцыю


 

Вельмі шаноўная рэдакцыя,

Атрымала нумар «Нашай Нівы» з 8 лютага. Разгарнула, перадавіца: «Што аб’яднае нас?» Патрыятызм і толькі! Патрыятызм — пашана й любасьць да ўсяго свайго. Любоў да ўсяго свайго ёсьць цэмэнтам, што спайвае сем’і, народы; любоў, што варочае горы. Мне скажуць, што цяпер у большасьці беларускага народу няма ані пашаны, ані любові да беларушчыны. Няма, бо народ затруцілі, заразілі «снідам» нігілізму. Пры хваробе блізкія, крэўныя хворага стараюцца лячыць. І лячэньне памагае. Безнадзейна ж хворыя паміраюць і стаюцца «гноем пад жывое». Туды ім і дарога.

Але ж ёсьць у народзе патрыятызм. Перапісваюся з чалавекам з Полацку, якога ніколі й на вочы ня бачыла. Ды нас зрадняе любоў да Беларушчыны.

У 1993 годзе прыехала пасьля паўстагодзьдзя на Зьезд беларусаў сьвету ў Менск. Прыехала на бацькаўшчыну ў Пружаны, душа трапяцела. Пайшлі мы зь сям’ёй брата на могліцы адведаць магілкі бацькоў, дзядоў, родных, суседзяў. У сумным месцы мне было радасна асэнсоўваць, што хаджу па роднай зямлі, дзе спачываюць мае бацькі, дзяды, дзе мае карані, зь якіх чэрпаю духовыя сілы да жыцьця.

Паважаныя супрацоўнікі «Нашай Нівы», атрымоўваеце вы сотні такіх, як мой, лістоў — ці ж гэта нам не яшчэ адзін доказ таго, што нам ёсьць вакол чаго згуртоўвацца?

Застаюся з пашанай,

Раіса Жук-Грышкевіч, Антарыё


 

Яны ня бачаць, што памыляюцца

Сымптомы маразму вiдавочныя ў паводзiнах сучаснага рэжыму. Яскравы прыклад — «мясцовыя выбары». Празьмерная нават па тутэйшых стандартах заарганiзаванасьць гэтай кампанii не магла ня выклiкаць нэгатыўнага стаўленьня нават у колах, якiя адносна лёгка паддаюцца прапагандысцкiм манiпуляцыям. Імкненьне любой цаной выконваць рытуалы, у гэтым выпадку псэўдадэмакратычныя — прыкмета неадэкватнага сьветаўспрыманьня. Але тое ж імкненьне дае пра сябе знаць таксама i ў дзейнасьцi апазыцыі, якой рэжым увесь час «дапамагае кадрамі».

Людзі ж як драмалі, так і драмаюць. Нават арышт М.Чыгiра ня выклiкаў пратэсту. Магчыма, гэта адбылося таму, што такога кшталту акцыi здольныя наладжваць перш за ўсё структуры БНФ, якiя ня надта былi ў тым зацiкаўленыя.

Дарэчы, уся гэтая справа абароны Кебiчавай канстытуцыi ад яе сучаснага i быццам нязьменнага гаранта вельмi падобная на кампанiю прыёму ў грамадзянства БНР. Парадаксальна, што адны і тыя ж людзі адным махам зьбіралі й подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты, і заявы ў грамадзянства. Чужому воку гэта падалося дадатковым сьведчаньнем таго iдэйнага заняпаду, у якiм знаходзяцца нашы больш-менш дэмакратычныя сiлы.

Тым часам новы вецер падзьмуў з Балканаў. У iншы час, у iншых умовах i пры iншых нацыянальна-свядомых лiдэрах дэмакратычны рух выкарыстаў бы момант дзеля чарговай абразы бясьсільнага старэйшага брата. Няма таго, што раньш было! Маладыя фронтаўцы на ўгодкі 25 Сакавiка ўжо не «кахалi» NATO на праезнай частцы, як у Валянцiнаў дзень. Апазыцыя заціхла, а Лукашэнка тым часам «гераічна» зьлётаў у Бялград. Як кажуць, куды чорт з капытам, туды i рак з кляшнёй. Але па-мойму, i ўлады адчуваюць унутрыпалiтычную небясьпеку празьмернай актыўнасьцi на паўднёва-заходнiм напрамку. Таму ў афiцыйных СМI да нядаўняга часу панаваў вельмi цiкавы кактэйль з бязглудзых ваяўнiчых заклiкаў i iстэрычных пацыфiсцкiх дэклярацыяў.

Пад цiскам панславiсцкага рэпрэсiўнага рэжыму, у спробах прапагандысцкае барацьбы зь iм дзiцячыя хваробы беларускага нацыяналiзму набылi хранiчны характар. Ідэалягічнае і псыхалягiчнае эпiгонства рамантызму ХIХ ст. Двухсэнсоўнае стаўленьне да Захаду, культурна-цывiлiзацыйная цi нават расава-храмасомная лучнасьць зь якім падкрэслiваецца раздражняюча часта і ў той жа час які разглядаецца як крынiца магчымай гегемонii i ўнiфiкацыi культураў. Старыя крыўды на былых суседзяў-братоў па турме народаў i сацлягеры, карэнныя этнiчныя меншасьці. Нарэшце, ірацыянальныя антымаскоўскiя настроi. Яны асабліва ўзмацніліся пасьля згасаньня перабольшаных надзеяў на дапамогу крамлёўскiх лiбэрал-бюракратаў супраць Лукашэнкi. Сустрэча расейскiх i беларускiх дэмакратаў у «Прэзыдэнт-гатэлi», мне падалося, прадэманстравала цалкам неадэкватныя ўяўленьнi першых пра нашу сытуацыю. Для расейцаў анiякая беларуская дзяржаўнасьць ня мае гiстарычных пэрспэктываў, эканамiчных i сацыяльных падставаў. Яны ня бачаць, як яны памыляюцца.

Зьміцер Сіманаў


 

Малады Фронт рыхтуе свой спэцназ

Малады Фронт распачаў падрыхтоўку маладзёвых камандаў, задачай якіх стане рэклямовая й інфармацыйная раскрутка будучых рэформаў сярод студэнтаў, школьнікаў, працоўнай моладзі. Вось ужо цэлы месяц штопанядзелак у штаб-кватэры БНФ праводзяцца шматлюдныя курсы «Ды-Джэяў Адраджэньня». Сёньня ў іх працы бяруць удзел больш за 100 чалавек. Маладыя людзі праходзяць адмысловыя тэставаньні, слухаюць лекцыі па сыстэмнай арганізацыі шоў, масавай псыхалёгіі, тэхналёгіі Public Relations, шоў-бізнэсу, выконваюць спэцзаданьні (напрыклад, растрыбушыць Інтэрнэт наконт рэклямы рэформаў на Захадзе або падрыхтаваць 1,5 хвілінавы выступ на тэму «Тэлевядучыя сьвету»). Сэрыя з 12-ці сэмінараў прадугледжвае шырокае выкарыстаньне інтэрактыўных мэтадаў. Кожны ўдзельнік мае свой асабісты рэйтынг, які выражаецца ва ўмоўных балах і вызначае дзясятку лідэраў.

У працэсе навучаньня будучыя Ды-джэі мусяць прайсьці самыя сур’ёзныя выпрабаваньні: пад наглядам трэнэра правесьці дыскатэку, арганізаваць шоў беларушчыны, змакетаваць кампутарны тэкст, эмацыйна выступіць перад аўдыторыяй і г.д. Якраз напярэдадні 16 траўня 10-12 найлепшых навучэнцаў курсаў атрымаюць адмысловыя сэртыфікаты й адзнакі «Ордэн Ды-джэяў». Для іх рыхтуюцца праграмы індывідуальнага трэнінгу й канчатковыя зборы.

«Каманда ўнівэрсальных Ды-джэяў — своеасаблівы шоў-спэцназ, — кажа Павал Севярынец, які ўзначальвае групу трэнэраў (дарэчы, таксама маладых людзей ва ўзросьце 22-25 гадоў). — Гэты «спэцназ» павінен прыцягваць да рэформаў ударную сілу — моладзь». Старшыня МФ лічыць, што такая каманда можа спатрэбіцца ў Беларусі вельмі хутка — можа, ужо ўвосені гэтага году.

Малады Фронт запрашае ўсіх зацікаўленых штопанядзелак а 17-й гадзіне ў Менску на вул. Варвашэні, 8.

Прэс-служба Маладога Фронту


 

Летась віншавалі вас зь перамогай, калі там з «вышыняў» пацягнулі «НН» на суд за тое, што яна трымаецца клясычнай беларускай мовы...

Ды вось цяжка вытлумачыць, чаму вы назоўнікі ставіце ў давальным склоне пасьля дзеяслова вучыць(-цца), навучаць? Прыклад: «НН»: Чаму вы вучыце свайго сына?» Гэта пытаньне Віктару Ганчару (гл. «НН», № 6, бачына 4). Трэба: Чаго вы вучыце свайго сына? Або вось іншы прыклад: «Мове Петрык навучыўся ў настаўніка беларускай мовы...» (гл. «НН», № 6, бачына 2). Гэта ў Маскоўшчыне вучаць, навучаюць або «обучают» мове!

Жадаю вам усім добрага здароўя й найвялікшых ды найлепшых посьпехаў у працы й творчасьці!

Кастусь Акула, Таронта


 

НАШЫ ГАВОРАЦЬ ПА-НАШАМУ

Прыслухоўваючыся да багатых гаворак тутэйшай зямлі, я ўбачыла, што мы прыніжаем памяць нашага слаўнага вучонага Браніслава Тарашкевіча. Ну завошта гэта мы мову зямлі, якая нам верна слугуе (і мова, і зямля!) абазвалі клічкай «тарашкевіца» ды яшчэ ў двукосьсе ўзялі, як недзеяздольную? А я вось зрабіла інакш. Як прыйшла ў хату цётка-перапісчыца, я й запісала на іхнае «ФИО» — Ганна Сьцепулёнак, дачка Пятра. Цётка вочы вылупіла:

— У беларусаў такова нет.

— Вы кажаце слушна, няма імён па бацьку.

І запісала сябе й дзяцей ліцьвінамі, роднай мовай — ліцьвінскую, іншыя мовы, якімі валодаем — расейская. Праўда, мой Міколка да чужой мовы шчэ не дапяў, затое ён, разумнік, ужо заўважае памылкі ў кніжках, якія яму даюць у школьнай бібліятэцы. Цётка-перапісчыца роўненька выйшла з нашай хаты, а я тут Вам зараз распавяду пра гэтыя памылкі ў нашай мове, бо не адна я іх бачу.

Дык вось Міколка-першакласьнік у бібліятэчнай кніжцы ўбачыў напісаньне «у акне» і паправіў: «Трэба пісаць — «у вакне». «Ну так, — кажу, — і твая бабка гаворыць. Паставіла чыгунок на вагонь. Таму й я кажу: села ў ваўтобус. Пасьля «у», калі наступнае слова пачынаецца з «а», дабаўляецца «в».

Мае сыны ўзаконілі форму напісаньня «клас». Віталік напісаў верш зь Міколкі пад назовам «Настаўнік-Першакласьнік». Настаўніца Гладкая Тацяна прачытала яго вучням перад класам.

Хоць ты ў пушчу зьбягай да зьвяроў, хоць на звалку да бамжоў, як пачую пра «славутыя творы Адама Міцкевіча»! Так лёгка, не задумваючыся, мы калечым нашую мову! Міцкевічавы творы былі й застануцца слаўнымі, знакамітымі, асёл жа застанецца славутым, бо ў гэтае слова ўкладзены адмоўны сэнс.

Думаецца, што дарма «нашаніўцы» ўсюды пішуць толькі «капэрта» — я на Мёршчыне ад цёткі Ніны (з дому Панізьнік) чула натуральнае «канвэрт». А на «цьвятную капусту», каляфёры, мая мама ведаеце, як хораша кажа: капуста-цьвітуха.

А вось якія харошыя дзядоўскія прыказкі я апошнім часам згадала:

Ня плаціць багаты, а плаціць вінаваты.

Бруд робіць цуд!

За варону замуж выйшла [прапала курыца, напрыклад].

Сьмерць і радзіны не глядзяць добрай гадзіны.

Як аддасі, дык знойдзеш, а як схаваеш, дык згубіш.

Разумных дзяцей шкода, а дурных — яшчэ больш.

Так поп, што бярэ й боб.

Плянэта твая такая [лёс, доля такая].

А слоўцы якія ў нас!

Мурнік — пячнік.

Гадун — варажбіт.

Гарэніць — гарчыць [малако ў цельнай каровы гарэніць].

Сьцямка, заране — надта рана.

Камсамолачка — ідэістка, функцыянэрка, без праўдзівай веры.

Пабяляны — эмаляваны.

Кацёлачкі — шарыкі.

Прыштыкі — тое, што па-расейску «изюминка».

Нешта не багавое — зусім благое.

Пачапіцца — значыць, павесіцца (выбачайце).

Ну й скем — кажуць пра сьцюжу.

Процівень — наравісты, настырны чалавек.

Пішчаніцай лезе ў вочы — скажуць пра такога.

Сядзь зь ціхатою! — сварацца на дзяцей.

Бадун — мабыць, хітры дурань.

Малайцом, сынок! — пахваліць мама сыночка. Ня кажуць «маладзец» ці «малайчына».

Мэрліна, мэрля — марля.

Не зацемнавай! — калі просяць адысьціся ад вакна (= ня засьці).

Прычындалы — інструмэнты, бо яны прычыняюцца да працы.

Салапяка — «малакасос», знаёмае, яшчэ ад Якуба Коласа слоўца.

Падмосьце — так хораша гучыць тое, што іншыя брудна называюць «козлы».

Рассусольваць — прамаруджваць (ад «суслы», «соскі»).

Як дала гасла! — у сэнсе: дала збой, згасіла нейкую звадку.

Праўда што! — згаджаюцца з тым, хто слушна кажа.

Прыдасца — надзець спатрэбіцца, падыдзе.

Сьпіткі-зьедкі.

Уперад добра было! — параўнай Максімава: «Няма таго, што раньш было!» Выглядае, што мы стапталіся і зрабіліся ўжо «задам», бо адракліся ад даўніны, «пераду». Каросту й тую сталі называць «часоткай». А пра яе цікавая прымаўка засталася: «Кароста — ня проста». Панская хвароба. Ад яе людзі не ўміраюць, але й ручкі не гуляюць. Альбо хто памятае яшчэ, што «кор» — гэта «адзёр». І кароста, і адзёр — хваробы набірушчыя, значыць, заразныя.

Не пакрыўдуйце, але Вы пішаце: «партнэр», а я — «напарнік». Вось так мы і ходзім з Вамі, панове, укружка. А чаму не ўжываць часьцей спрадвечны зварот «Гаспадар», «Гаспадарыня»?!

Ганна Матусэвіч, Койданава


Заява

На пачатак траўня прызначана падпісаньне ў Горадні так званай «саюзнай дамовы». Тое, што гэта можа здарыцца ў нашым горадзе, зьяўляецца звышцынізмам і абразай нашай нацыянальнай годнасьці. Менавіта ў Горадні 205 гадоў таму пад дуламі расейскіх гарматаў адбыўся апошні Сойм Рэчы Паспалітай, які зацьвердзіў акупацыю беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй.

Мы лічым, што далучэньне Беларусі да Расеі нясе нашай краіне і ўсяму сьвету небясьпеку фізычнага зьнішчэньня. Ужо неаднаразова зь дзяржаўных трыбунаў Менску й Масквы гучалі словы пра вяртаньне ў Беларусь ядзернай зброі. Расейскія «чырвона-карычневыя» і прэзыдэнт Беларусі выступаюць за ваенны саюз зь Югаславіяй, які непазьбежна паставіць сьвет на мяжу трэцяй сусьветнай вайны.

Мы рашуча пратэстуем супраць прыезду ў наш горад расейскіх, беларускіх і югаслаўскіх мілітарыстаў-»інтэграстаў». Мы зьвяртаемся да жыхароў Горадні. Сёньня на нас ляжыць адказнасьць за лёс Беларусі і будучыню Эўропы. Давайце ўсімі магчымымі законнымі сродкамі спынім злачынныя намеры і ўратуем сьвет ад катастрофы.

 

Данута Бічэль-Загнетава, Эдвард Дзьмухоўскі, Дзьмітры Кісель, Алесь Краўцэвіч, Алесь Лобан, Мікалай Маркевіч, Андрэй Мялешка, Андрэй Пачобут, Віктар Сазонаў, Уладзімер Хільмановіч

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0