Нябесная папараць мандзюсака

 

Мандзюсака — японская папараць-кветка. Але цьвіце яна не ў вільготным змрочным лесе, а на нябёсах. І даруе свайму шчасьліваму назіральніку загадкавую магчымасьць усё астатняе жыцьцё пазьбягаць зла ў сваіх дзеях. Тэатральная трупа «Мандзюсака» з радзімы нябеснай краскі гасьцявала ў Беларусі пры канцы сакавіка і на пачатку красавіка, вандруючы па самых забруджаных раёнах Магілёўшчыны й Гамельшчыны ды даруючы хвілі радасьці чарнобыльскім дзеткам…

Старыя й малыя былі ў захапленьні. Яны ляскалі ў далоні, шырака ўсьміхаліся ды часамі пішчэлі з асалоды. Рэдкія «дарослыя» непаразумела варочалі галовамі, пэўна, спрабуючы ўцяміць, што дзеецца, але не задавалася… Толькі непасрэднасьць разумела хуткія словы чужой мовы й сакавітыя вобразы чужой плястыкі. Ды й чаму чужой? Хіба не хапае аднаго ймгненьня, каб працяў душу боль нечага гора ці заказытаў у грудзях агонь нечай любові? Хіба не адным імгненьнем успыхвае зьнічка захапленьня або цяжкі ўсхліп роспачы? Хіба не ў адным каханьні аснова чалавечага жыцьця?..

Каханьне… Яно — на цяжкіх паясах чароўных кімано. Яно — на бліскучым лязе старога самурайскага мяча. Яно — у самім зьяўленьні «Мандзюсака» ў Беларусі. І хіба не яно ў такіх падобных на нашыя малітвах, прасьпяваных трупай тэатра ў адселеных вёсках Чачэршчыны ды каля абязбожанай Сафіі ў Полацку?

…Разьюшаны менскі завуч дарэмна спрабаваў выціснуць дзяцей з маленькай школьнай залы. Маўляў, дзея скончаная — усе на ўрокі, а йначай… Ягоныя «страшкія» словы патаналі ў цеплыні павольнай незнаёмай музыкі. Дзеці зьбіліся да самае сцэны ды прагна лавілі жывыя дзіўныя словы разьвітаньня й непаразумелыя гіерагліфічныя росьпісы на праграмках. Як усё сымбалічна! Міжволі ўзгадаеш словы таямнічага верша кіраўніцы «Мандзюсака» Кіёэ Фудзінака :

 

Сьціхла віхура…
Нарэшце сабраліся зноў
Вашыя душы.
Па небасхіле сівым
Поўня, бы човен, плыве.
Восем аблокаў
У месяцовым сьвятле —
Добрая вестка!
Значыцца, змога й боль
Хутка міне назаўжды.
Неба адбітак
У люстры вазёрнай вады
Зьлёгку йскрыцца.
Песьня блукае праз ноч,
Песьня з глыбіняў душы.
Гэтаю ноччу
Хай Бадхісатва Каннон
Сэрца раскрые,
Быццам бы келіх сакэ,
Поўнае дзіўнага сну.
Здарыцца можа —
Зьнешнюю існасьць сваю
Ён ператворыць
Словам у вецер або
Кветак агністы дзірван.
Водару лекі
Ціха абгорнуць тваё
Змоглае цела.
Змоўкні й прагна глядзі
Танец нябесных красунь.

 

Андрэй Захаранка