ЧАРНАГОРЫЯ СУПРАЦЬ ЮГАСЛАВІІ

 

Сытуацыя на Балканах у асьвятленьні прарасейскіх СМІ выглядае як агрэсія NATO супраць мірнае Югаславіі, адзіным паратункам для якое можа быць толькі вайсковая дапамога з боку Беларусі й Расеі. Пра галоўную прычыну новага балканскага канфлікту — косаўскую праблему — амаль ніхто ня згадвае. Пра крывавыя рэйды сэрбскай паліцыі супраць альбанскага жыхарства Косава і дыктатуру Мілошавіча маўчаць. На трупах касавараў ды сьлязах сэрбаў ідзе вялікая палітычная гульня пад сьцягамі мітычнага «славянскага братэрства». Як спроба застрашыць NATO ды скарыстацца расейскаю зброяю выглядае задума Мілошавіча далучыцца да беларуска-расейскага саюзу. У афіцыйных СМІ шмат гавораць пра пастанову югаслаўскай Скупшчыны аб прыняцьці краіны ў склад гэтага саюзу. Пры гэтым ніхто ня кажа, што яна нелегітымная, бо прынятая без уліку думкі Чарнагорыі. Чарнагорыя ж мае сваё, адрознае ад афіцыйнага Бялграду, гледзішча на падзеі вакол Косава.

Чарнагорыя даўно адхіленая ад удзелу ў саюзных органах Югаславіі, і яна, закладнік бязглуздае палітыкі дыктатарскага сэрбскага рэжыму, усё больш схіляецца да выхаду з фэдэрацыі. Малады прэзыдэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч — сымбаль імкненьня адной з найстарэйшых славянскіх дзяржаваў да незалежнасьці і непрыманьня ідэяў славянскага расізму. Ягонае гледзішча будзе цікавым чытачам «НН», калі ўзяць пад увагу падабенства беларускага й чарнагорскага бяспраўнага становішча ў складзе адпаведных саюзаў.

— Як спадар прэзыдэнт ацэньвае ідэю Мілошавіча аб далучэньні Югаславіі да Саюзу Беларусі й Расеі?

— Мілошавіч фармальна пераўтварыў сваю ідэю ў ініцыятыву югаслаўскага парлямэнту. Гэтак званага парлямэнту, бо прадстаўнікі Чарнагорыі ня ўдзельнічаюць у Скупшчыне. Югаслаўскія фэдэральныя інстытуты фактычна даўно ня дзейнічаюць. Саюзны парлямэнт існуе ва ўрэзаным стане, таму па сутнасьці ягоная прапанова аб далучэньні да Саюзу Беларусі й Расеі ня мае пад сабой грунту, бо сваё гледзішча мусіла выкласьці й Чарнагорыя. Мілошавіч скарыстоўвае сытуацыю, калі Югаславія апынулася ў стане вайны з NATO і жадае ўцягнуць у канфлікт Расею, каб паказаць слушнасьць сваёй тэорыі, быццам з Балканаў пачнецца ІІІ сусьветная вайна. Мілошавіч у сваіх амбіцыйных задумах спадзяецца скарыстацца зь сяброўскага й спагадлівага стаўленьня Расеі да Югаславіі.

— З спадаром прэзыдэнтам не было кансультацыяў з сэрбскага боку?

— Не, аніхто не кансультаваўся ані з мною, як з прэзыдэнтам Чарнагорыі, ані з нашым парлямэнтам.

— Якое Вашае стаўленьне да праблемы альбанскіх уцекачоў, якіх шмат у Чарнагорыі?

— Косаўская праблема мусіць быць разьвязаная палітычным чынам. Кожны від гвалту ў Югаславіі — гэта памылка. Я папярэджваў пра памылковасьць вайсковае акцыі ў Косаве. Калі NATO хоча нанесьці паразу Мілошавічу ды зьліквідаваць ягоны дыктатарскі рэжым, дык гэтага ня ўдасца зрабіць з дапамогай зброі, бо гэта толькі ўзмацняе яго. Праблема Косава мае сваю перадгісторыю ад часу скасаваньня 10 гадоў таму косаўскае аўтаноміі, і ўжо тады трэ’ было шукаць выйсьця, а цяпер, калі канфлікт зацягнуўся, распачынаньне вайны сталася няслушным актам. Нашага голасу розуму не пачулі.

— Ці ёсьць пэрспэктыва дэмакратычных зьменаў у Югаславіі?

— Дэмакратычныя зьмены ў Сэрбіі патрэбныя. Мілошавіч супраць дэмакратыі, але пакуль ня будзе ўсталяваная дэмакратыя, казаць пра рэформы і ўдзел Югаславіі ў інтэграцыі з эўрапейскай супольнасьцю немагчыма.

— Якія надзеі Вы ўскладаеце на косаўскага лідэра Ібрагіма Ругову і ці ўважаеце яго за чалавека, здольнага цяпер займаць пасаду прэзыдэнта Косава?

— Цяпер гэта нерэальна, бо Мілошавіч паказвае, што ён не разумее патрабаваньняў часу. Некалі Ругова быў сапраўдным лідэрам Косава, цяперака яго з нацягам можна назваць аўтарытэтным палітыкам. Патрэбная міжнародная ініцыятыва ва ўрэгуляваньні канфлікту, пэўны спадзеў ёсьць на Расею. Чарнагорыя гатовая ў кожным разе зрабіць свой унёсак у стабілізацыю сытуацыі ў рэгіёне.

 

Вайна на Балканах ідзе пад няспыннаю плыняй хлусьні, што ліецца на нашыя галовы з расейскіх СМІ ды з адначасовым неразуменьнем усяе глыбіні й складанасьці сытуацыі з боку NATO. Ніхто не прыслухаўся да думкі маленькае Чарнагорыі: яе без запытаньня амаль улучылі ў саюз зь Беларусяй і Расеяй, на яе залятаюць натаўскія тамагаўкі, сюды ж уцякаюць касавары. Чарнагорыя фактычна выйшла з саюзу з Сэрбіяй, засталося аформіць гэта адпаведным юрыдычным актам. Для Сэрбіі Чарнагорыя — выйсьце да мора, як Беларусь для Расеі — гэта наўпростае «вакно» ў Эўропу і закладнік у выпадку вайны. Досьвед гэтае маленькае рэспублікі ў паўднёвай Эўропе каштоўны для Беларусі, як для рэальнае ахвяры палітычных гульняў крамлёўскіх палітыкаў.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0