Якім вы ўяўляеце сабе сёньняшні дзень, калі б не было Чарнобыля?

 

Журналіст Аляксандар Лукашук:

Чарнобыль ня выбухнуў — гэта такое шчасьце для ўсіх, што немагчыма апісаць. Як апісаць жыцьцё, якое не загінула — гэта па сілах хіба Пану Богу, гэта ягоная тэрыторыя. Гэта як бы не было і вайны, і Курапатаў, і калектывізацыі, і Слуцкі збройны чын перамог, і сёньня Рада БНР якога-небудзь 15 скліканьня галасавала, пасылаць ці не міратворчы аддзел у Косава. Праўда, хутчэй за ўсё, і этнічных чыстак Косава не было б разам з усёй бальшавіцкай спадчынай, ад якой дагэтуль трасе палову сьвету. Чарнобыль — агонія камунізму. Несвабодныя грамадзтвы ня ў стане эфэктыўна справіцца з цывільнымі тэхналёгіямі высокай складанасьці — як кітайцы, якія пры Мао мелі атамную бомбу, але намагаліся ў кожнай вёсцы выплаўляць чыгун. Ці саветы, якія запускалі ў космас сабак і маёраў, а жыльлёвыя чэргі расьцягваліся на дзесяцігодзьдзі. Паглядзіце на бяззубыя ўсьмешкі 30-40 гадовых беларускіх вяскоўцаў — плёмбы ставіць так і не навучылася савецкая мэдыцына, якая сама як Чарнобыль. Тэхналягічныя аварыі здараюцца паўсюдна — але толькі ва ўмовах несвабоды яны запраграмаваныя, а іх наступствы катастрафічныя.

 

Гісторык Генадзь Сагановіч:

Калі б не Чарнобыльская катастрофа, яшчэ жылі б мае заўчасна памерлыя родзічы, і не пусьцела б так раптоўна мая палеская вёска; Беларусь не пакінула б столькі маіх знаёмых і незнаёмых, што зьехалі зь дзецьмі далей ад бяды, думаю, мы былі б ва ўсім мацнейшыя і нязможныя такой стомай ды безвыходнасьцю...

 

Лекар і экстрасэнс Валеры Лістратаў:

Чарнобыль адабраў у нас частку роднай зямлi i выгнаў адтуль народ. Я думаю, што народ наш быў бы больш здаровым, i працягласьць жыцьця была б вышэйшай, як i якасьць харчовых прадуктаў. Бо вядома, што некаторыя расьлiны, грыбы гэтак абцяжараныя радыяцыяй, што iх зусiм нельга ўжываць.

Ну i галоўнае — калi чалавек ведае пра небясьпеку, ён ужо ня можа поўнасьцю расслабiцца, адпачыць духам, бо падсьвядомасць не дае гэта зрабiць. Я ўпэўнены, каб не было чарнобыльскае катастрофы, людзi пачувалi б сябе нашмат больш свабоднымi.

 

Фатограф і журналіст Анатоль Кляшчук:

Сёньняшнi дзень, каб не было гэтае трагедыi, мне ўяўляўся б значна весялейшым. Ня ведаю, як бы жыў я, у якiм бы быў здароўi, але той страх, якi прыйшоў пасьля гэтае катастрофы, не дае мне спакойна жыць. У мяне зьявiлася агiда i нянавiсьць да гэтага Чарнобыля... Празь яго нашыя людзi стаяць нiбы ў даўгой чарзе. Мне даводзiцца бываць у Бараўлянах, там жа ўсё забiта людзьмi!.. Я адчуў, што мая чарга папросту пакуль не дайшла да гэтага будынка. Памiраюць ад раку дзецi... Можна сабе ўявiць, колькi б не было трагедыяў на нашай зямлi, сьлёзаў, новых магiлаў. Я не кажу ўжо пра тую спустошаную зямлю. Так, мы жылi б можа цяжка, як сёньня шмат народаў жыве, але быў бы зусiм iншы настрой.

 

Перакладчык і выдавец Зьміцер Колас:

Па-першае, на гэтае пытаньне я магу сказаць: адбылося тое, што павiнна было адбыцца. Думаю, што ў гiсторыi няма ўмоўнага ладу. Любая iмпэрыя, якой быў i Савецкi Саюз, мусiла б скончыцца нейкiм катаклiзмам. Ды з другога боку, гэты катаклiзм быў каталiзатарам распаду СССР. Таму, мяркую, калi раптам даць волю фантазii i ўявiць, што гэтага катаклiзму не было, дык сёньня мы па-ранейшаму жылi б у Савецкiм Саюзе.

 

Алесь Анціпенка, дырэктар Беларускага калегіюму:

«Я думаю, што Чарнобыль ня меў нейкіх значных сацыяльных або культурніцкіх наступстваў. Шкада, што згубілі такі вялікі кавалак прыгожай зямлі. Думаю, што было б няправільным лічыць, нібы Чарнобыль стаўся асноваю для палітычнай ці апазыцыйнай самаідэнтыфікацыі, ён ня быў пускавым мэханізмам Адраджэньня, бо ў нас было шмат іншых уплывовых фактараў. Проста аднойчы, калі на сваёй радзіме я апавядаў людзям пра наступствы радыяцыі, тлумачыў, чым Чарнобыль пагражае іхнаму здароўю і іхным дзецям, пачуў такую рэпліку, ад якой застаўся літаральна агаломшаны: «Мы і так вінаватыя»...

 

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:

«Лічу, што пасьля выбуху нічога істотнага ў лёсе Беларусі не зьмянілася. Каб не катастрофа, нацыя была б трохі здаравейшая біялягічна. Напэўна,магла быц крыху лепшай дэмаграфічная сытуацыя: беларускія жанчыны больш нараджалі б. Я ня схільны пераацэньваць значнасьці гэтай падзеі для Адраджэньня, бо варта паглядзець на сёньняшні стан нацыянальнай згуртаванасьці: яе няма. Бясспрэчна, Чарнобыль адыграў нейкую ролю, але ня трэба ўзводзіць яе ў абсалют. Беларускім грамадзтвам трагедыя дасюль не асэнсаваная. Увогуле ж, Чарнобыльскую катастрофу можна было б вызначыць як падзею, зь якой пачалася беларуская гісторыя XXI стагоддзя».

 

Ігар Бабкоў, паэт:

«Я ня ведаю адказу на гэтае пытаньне, ды й няма жаданьня адказваць на яго. Уяўляць Беларусь без Чарнобыля бессэнсоўна. Ён проста ёсьць».

 

Артур Клінаў, мастак:

«Мне падаецца, што ў гэтым выпадку няшмат зьмянілася б. Чарнобыль на гэтай зямлі выбухнуў некалькі стагодзьдзяў таму. Калі было б ці будзе яшчэ пару чарнобыляў, дык нічога ўсё роўна не зьмянілася б і ня зьменіцца, бо для беларуса кожны такі чарнобыль — адной шкодай болей, адной шкодай меней. Чарнобыль толькі павялічыў тую чорную дзюрку, якою даўно ўжо ёсьць Беларусь. Ён мусіў выбухнуць тут, менавіта тут».

 

Ірына Шаблоўская, доктар філялягічных навук:

«Гэта пытаньне, вядома. Калі б не было Чарнобыля, усё было б па-іншаму ня толькі для нас, але і для ўсяго сьвету. Ён стаўся пачаткам новае эры; час падзяліўся на Да Чарнобыля і на Пасьля Чарнобыля. Гэта эпахальная падзея, якая паказала, што такое НТР насамрэч, да чаго яна можа прывесьці. Як гэта ні парадаксальна, але, магчыма, Чарнобыль з часам і беларусаў падштурхне ад нашай запаволенасьці да пошуку выйсьця. Трагічны духоўны досьвед Чарнобыля ўсё ж, спадзяюся, прымусіць нас зьмяніцца».

 

Станіслаў Шушкевіч:

«Каб не было той трагедыі, было б проста крыху лепей: дзеці не хварэлі б на такія страшэнныя хваробы, як рак шчытападобнай залозы, не паміралі б ліквідатары аварыі, не была б страчаная значная частка краіны. Было б меней гора».

 

Тамара Шчукіна, прэзыдэнт дабрачыннага чарнобыльскага фонду «Крыніца»:

«У першую чаргу, на маю думку, каб не Чарнобыль, як гэта ні цынічна гучыць, нашыя дзеці ніколі б не змаглі патрапіць за мяжу. Гэта страшна, вядома, але толькі дзякуючы катастрофе сотні тысячаў беларускіх дзетак паймелі магчымасьць паглядзець іншы сьвет. Гэткім чынам яны спазнаюць шмат чаго новага, і адначасова мяняецца іхны мэнталітэт, іхная сьвядомасьць. Зь іншага боку, праз Чарнобыль людзі з-зя мяжы даведаліся аб Беларусі, цікавяцца ёю. Я толькі павярнулася з падарожжа ў Італію, якое мы ладзілі для дзіцячага хору «Вечнае дзяцінства», і вы ведаеце, італьянцы пляскалі ў далоні стоячы».

 

Карлас Шэрман, віцэ-прэзыдэнт Беларускага Пэн-цэнтру:

«О, пытаньне дык пытаньне... Калі б не было Чарнобыля, быў бы, пэўне, іншы стан душы, было б нейк спакайней. Але нашмат страшнейшы іншы Чарнобыль — духоўны, які прыйшоў пасьля экалягічнай катастрофы і якім ёсьць абсалютная параза грамадзкасьці. Вялікая колькасьць людзей зьняверылася ў тым, што мы можам жыць па самасьці, а не па чужасьці. Канечне, выбух падарваў і эканоміку, і выклікаў навалу цяжкіх захворваньняў. Але Чарнобыль яшчэ не асэнсаваны як трагедыя, як катастрофа, людзі яе не ўсьведамляюць. Але той Чарнобыль, аб якім я казаў спачатку, забрудзіў не адну пятую тэрыторыі, а ўсю нашую Беларусь, і ягоным галоўным вынікам стаўся поўны зьнявер людзей».

Падрыхтаваў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0