Гэнрык Жавускі

Рэйтан

 

З нас, старых, сьмяюцца, што мы заўсёды радыя гаварыць пра даўныя часы і пра даўнейшых людзей. Але што ж паробіш, калі й часы, і людзі тады былі лепшыя, чымся цяпер! Нязьведаныя шляхі Боскія: Пан Бог гатовы быў пакінуць Садом, абы ў ім, прынамсі, зь дзесяток праведных знайшлося, — ды няўжо гэткай малое лічбы ў нас не знайшлося? З тым ніколі не згаджуся. Нэндзнасьць і прыгнёт бывалі частымі зьвестунамі вялікага багацьця. Таму людзі, дасьведчаныя ў навуках Боскіх, якія асягнуць можна толькі цнатлівасьцю сэрца і страхам нязьмерным, пра гэта добра ведаюць; стогнуць, як той казаў, пад нястомным дабрабытам і радыя, калі які неспадзяваны клопат перарве ім трохі клубок, снуты заўсёды прыязным лёсам.

Гэткім быў Ягамосьці Рэйтан, падкаморны Наваградзкі, якога ў маёй маладосьці меў шчасьце часта бачыць, бо хадзіў у школу з усімі ягонымі сынамі, апроч пана Міхала, які выхоўваўся ў Нясьвіжы з князем Каралем Радзівілам, гетмановічам вялікалітоўскім. Ягамосьці падкаморы быў службоўцам, якіх і даўней нат ня шмат было; бо і ў розуме надзвычайным, і справядлівасьцю быў ледзьве ня роўны сьвятым судзьдзям тым усяго людзтва Божага. А які быў пабожны і вернік!, што калі б не пакорнасьць, то мёртвых уваскрашаў бы. Ён то й быў асаблівым дабрадзеем айцоў езуітаў у Наваградку, а тамтэйшы бедны дамініканскі кляштар, дзякуючы ягонае шчодрасьці, стаўся адным з найбагатшых на Літве. Бывала, ён штомесяц склікаў законьнікаў у Грушаўку, каб разам пасьціць і рыхтавацца да споведзі, то як які вінавайца дысцыплінаю катаваў сябе і ня толькі сябе, але і ўсю чэлядзь. «Мой хлеб законны ясьце, — дык і патурайце мне», — і страху на ўвесь двор, калі зьяўляецца які дамініканец ці езуіт. І ніводны слуга ад яго не пайшоў: старэлі і паміралі ў яго, і былі настолькі адданыя, што ў агонь за яго скочылі б, хоць і быў грозны. Ды ня толькі слугі, але й жонка і дзеці былі як на духу перад ім. Шчасьце незвычайнае меў ён: з бацькоўскай спадчыны багаты, стала багацьце павялічваў сваё, хоць і здавалася, што пра яго ня дбаў. Ані спытаўся калі, што там на палетках робіцца. Аконамы яго як хочуць, так і правяць, а ён кажа: «У мяне пан Езус — гаспадар, Найясьнейшая панна — гаспадыня». Гэткім быў ад усяго далёкім, што нават у спадчынны Бераздаў, што ў ваяводзтве Полацкім ад Вялікіх Лук непадалёк, за ўсё жыцьцё быў усяго на пару тыдняў завітаў. Там жа, калі ўспадчыньніў яго па бацьку, шэсьць фальваркаў было, дзецям жа сваім пакінуў адзінаццаць. Меў ён яшчэ па бацьку Грушаўку, дзе жыў, трыста хат у Мазыршчыне, ужо з уласнага набытку, і дажывоцьце ў Рубяжэвічах ад княжны канцылярыны Радзівілавай, якая, дзякуючы ягоным слушным парадам, мільёны сабе ацаліла. Ні перад кім не запабягаў, ні аб чым не прасіў ні ў кога, і пра ўласныя інтарэсы не клапаціўся. Да ўшанаваньняў і славы роўна быў абыякавы: два разы абіралі яго дэпутатам, раз паслом, потым земскім судзьдзём, нарэшце быў ухвалены на найпершую пасаду ваяводзтва. І на ніводным з тых соймікаў не прысутнічаў. Кожны ляўдум і кожны прывілей шукалі яго ў Грушаўцы, а ня ён іх у Наваградку альбо Варшаве. Ён ня раз непакоіўся з-за гэткай трываласьці ўдачы. Аднаго разу згарэў у яго гарэлачны склад, у якім захоўваўся колькігадовы запас. Уратаваць нічога не ўдалося; на трыццаць тысячаў пайшло дабра з дымам; увесь дом быў у смутку, толькі ён адзін сьмяяўся.

— Хоць адзін раз не пашанцавала. Я рады, што пан Бог пра мяне памятае.

Ды было гэта, як жарт лёсу; дня не мінула, як атрымаў ён прывілей на староства Крычаўскае, якое за год яму прынесла больш, чымся толькі што страціў. Усе дома радаваліся, але ня ён: гэта звалілася яму, як камень зь неба, бо ні стараўся, ні сувязяў пры двары ня меў. А ў жыцьці сямейным які ён быў шчасьлівы! Жонка, як той анёл у чалавечым абліччы, такая цнатлівая і прыгожая; сыны ў веку кавалерскім, ды такія, што кожны бацька пазайздросьціць; а трох дачок, прыгожых паненак, можна было прыняць за малодшых сясьцёр маткі. Яшчэ пры жыцьці выдаў іх за нашчадкаў самых слынных радоў ваяводзтва. Адну ўзяў пан Павал Есьмян, харужы слонімскі, продак якога быў ваяводам смаленскім; другую выдаў за пана Казімера Гарабурду, старосту вілядымоўскага, род якога ва ўсёй Літве ня меў над сабой старажытнейшага; трэцяя пайшла за пана Яўхіма Рдултоўскага, кашталяна наваградзкага, які пасьля сьмерці цясьця стаў падкаморым нашым. Да таго ж такі здаровы быў, што восемдзесят гадоў маючы, лекаў ня ведаў. І калі пачаў слабець, на чатыры гады прыкуты да ложка, пасьля чаго і сьмерць прыняў, увесь пакрыты ранамі, нязносны боль церпячы (так лекары казалі, але па ім таго не відно было), калі ўсе плакалі, ён весялейшы як калі быў. Жартаваў:

— Рады я, што Божа пра мяне жывога ўспомніў і мушу я ў пакутах задумацца аб сваім лёсе: калі раней я сам сябе хвастаў, то зараз Ён мяне хвошча.

Без сумневу Пан Бог душу ягоную забраў на неба, а на зямлі між усіх годных дзяцей узнагародзіў яго Тадэвушам, адным з найвялікшых мужоў стагодзьдзя.

У школах пан Тадэвуш бадай ці не апошнім вучнем быў, бо да навук здольнасьцяў ня меў, а ў гульнях задуменны і нават пануры; не было ў яго тае таварыскае жылкі, гэтак неабходнай, каб стаць папулярным. Айцы езуіты доўга высільваліся, каб адвучыць яго ад заўсёднай задуменнасьці, але пераканаўшыся ў марнасьці сваіх намаганьняў, пакінулі ў спакоі; а ў паводзінах сваіх быў вельмі добры і паслухмяны перад начальствам школьным, і хоць езуіты ў выхаваньні школьнай моладзі былі вельмі строгімі, ды за колькі гадоў пан Тадэвуш ня быў ніводнага разу аштрафаваны. Раз толькі яго моцна пакаралі, і вось зь якой прычыны. У чацьвертай клясе вучыўся Ўладзіслаў Аскерка, кашталяніч наваградзкі, унук апошняй з роду Гансеўскіх, якая з пасагам вялізную частку сваёй бацькавіны Аскеркам прынесла. Гэта быў хлопец вельмі разважлівы і надзіва здатны да навук. Неяк пад час майскай рэкрэацыі размова зайшла пра гетмана Гансеўскага, аб ягонай славе і заслугах. Адзін з вучняў сказаў, што далучыўшыся да Тышавецкай канфэдэрацыі, ён змыў зь сябе ганьбу супрацоўніцтва з швэдамі. Кашталяніч жа пачаў бараніць свайго продка, даводзячы, што той мусіў лічыцца з абставінамі і добра зрабіў, што, бачачы, што сябе загубіць ды не ўратуе краю, каб ацаліць жыцьцё сваё да часоў лепшых, пайшоў на змову з ворагам. На гэта пан Тадэвуш так абурыўся, што схапіўшы камень, запусьціў ім у галаву кашталянічу — той ажно крывёю заліўся. Гэтая падзея нарабіла шуму на ўвесь кляштар. Гэты ўчынак пана Тадэвуша быў яму не на карысьць яшчэ й таму, што кашталяніч не абвінавачваў яго. Сам рэктар пакараў пана Тадэвуша, а потым загадаў яму на каленях прасіць прабачэньня ў пакрыўджанага калегі. Але пан Тадэвуш, пад розгамі сьлязы ніводнай не пусьціўшы, адказаў:

— Не папрашу.

Яго яшчэ некалькі разоў секлі, але нішто не дапамагло. Ён быў, як скала. Ксёндз рэктар ня стаў яго больш біць, каб не надарваць здароўя, але ў каталажку заперці загадаў, адкуль яго толькі на ўрокі выпускалі. Гэткім чынам хацеў да пакоры яго змусіць. Чатыры тыдні ён мужна вытрымаў, ажно пакуль сам Ягамосьці Аскерка, кашталян наваградзкі, прыехаўшы ў школу і даведаўшыся пра ўсё, сам не папрасіў за яго. Бывалі яшчэ й частыя сутычкі паміж студэямі, перакупнікамі і жыдамі, а скаргі прафэсарам былі такія шматлікія, што тыя, маючы каля тысячы навучэнцаў у сваіх школах, ня ведалі, як гэтаму рады даць. Але езуітам прыйшла добрая думка, якую яны ажыцьцявілі разам зь Ягамосьці Яблонскім, тагачасным ваяводам наваградзкім; яны стварылі школьны суд, які абіраўся зь ліку студэнтаў і неадкладна рассуджваў усе іхныя спрэчкі зь мяшчанамі. Напачатку гандляркі пабойваліся мець справы з студэнтамі, але неўзабаве зьмірыліся з тым законам, бо большай справядлівасьці нідзе пад сонцам не знайшлі. Суды прызначаліся пасьля абеду ў чацьвер, на іх старшыняваў прэзыдэнт, у склад уваходзіла чатырох судзьдзяў, двох пісараў і рэгент. Студэнты вялі справы, а боку, які скардзіўся, нават выдзялялі абаронцу-студэнта. Усё гэта адбывалася на вельмі прыстойным узроўні, а моладзь гэткім парадкам знаёмілася з правам і вучылася публічна выступаць. Штогод зьбіралі соймікі, на якіх абіралі праўнікаў, але калі прэзыдэнтам аднойчы выбралі пана Тадэвуша, дык на гэтай пасадзе ён адбыў ажно да сканчэньня навучаньня. Раз нават «засудзіў» самога княжыча Радзівіла, маршалковіча надворнага, які пазьней стаў канюшым літоўскім, хоць на ягоным баку былі й ксяндзы-езуіты. Бывала, пан Тадэвуш так права вучыў, каб выкарыстоўваць законы ў сваёй судовай дзейнасьці, што прафэсары мусілі сіламоц адбіраць у яго з рук кнігі. Аднаго разу ягоны брат пан Юзаф, сваволячы, нейкай гандлярцы паразьбіваў збанкі. Пачаўся судовы зыск. Гандлярка настолькі спадзявалася на справядлівасьць пана Тадэвуша, што патрабавала канчатковага рашэньня справы, але ён падняўся і сказаў:

— Тут рэч не ў даверы, а ў тым, каб чыніць паводле закону; закон жа не дазваляе, каб вінаваты вінаватага судзіў. Я лічу за лепшае выконваць законы, чымся цешыцца славай, што роднага брата засудзіў.

Пасьля Барскай канфэдэрацыі пан Тадэвуш вярнуўся дадому і абсеў у Грушаўцы. Душа ягоная, аднак, ужо была занадта зраненая, а здароўе падарванае. Апроч іншых хваробаў, у яго часта тачылася галава, а бяссоннымі начамі навальваліся і ціснулі цяжкія думкі. Да сябе нікога не падпускаў, а калі сказаў, што жыць ня хоча, браты сталі пільнаваць яго. Калі я насьмеліўся адведаць яго, і мяне яму назвалі, то ўспомніў мяне.

— Пан Севярын! Гэта мой школьны і вайсковы таварыш. Хай увойдзе.

Ён ветліва прывітаў мяне і спачатку спакойна размаўляў, але ўборздзе пачаў увесь трэсьціся і кідацца, і калі б слугі не стрымалі, то накінуўся б і на мяне. Я разьвітаўся зь ім са сьлязамі. Неўзабаве ж і скончылася ягоная пілігрымка па сьлёзных пакутах. Ён упаў у беспамяцтва і, разьбіўшы шыбу ў вакне, шклом парэзаў сабе вантробы. Праз два дні пасьля тога прыпадку ён і аддаў дух Пану Богу. Кажу — Пану Богу, бо за колькі гадзін перад сконам да яго вярнулася прытомнасьць і ён пры ясным розуме прыкладна падрыхтаваўся да сьмерці.

Пераклаў з польскай Алег Дышлевіч

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0