Астольф дэ Кюстын

РАСЕЯ Ў 1839 ГОДЗЕ

(Урывак са скарачэньнямі)

 

Усё, што вы бачыце вакол сябе ў Расеі, усё, што ўражвае ваш позірк — усё мае жахліва правільны выгляд; падарожніку, калі ён бачыць такі сымэтрычны парадак, адразу прыходзіць у галаву думка, што гэткай поўнай аднастайнасьці, гэткай супярэчнай прыродным схільнасьцям чалавека рэгулярнасьці нельга было стварыць і падтрымліваць без прымусу. У краіне гэтай сама прырода зрабілася саўдзельніцай чалавека, які, пакланяючыся аднастайнасьці, зьнішчыў усялякую вольнасьць. Яна таксама паўсюль аднолькавая: балоцістыя ці пясчаныя раўніны, зарослыя чэзлымі і рэдкімі дрэвамі дзьвюх пародаў: бярозай і сасной. А якое асяродзьдзе стварыў для сябе сам чалавек? Санкт-Пецярбург, бясспрэчна, ёсьць адным з цудаў сьвету, Масква — таксама вельмі маляўнічы горад, але як выглядаюць правінцыі! На любым шляху за 20—30 лье пападзецца вам адзін горад – і кожны раз аднолькавы.

Прыхільнасьць расейскіх гаспадароў і будаўнікоў да паганскай архітэктуры, да простай лініі, да прысядзістых пабудоваў і шырокіх вуліцаў знаходзіцца ў супярэчнасьці з законамі прыроды і патрабаваньнямі жыцьця ў халоднай і туманнай мясцовасьці, якая няспынна прадзімаецца моцнымі вятрамі. Клімату і звычаям Расеі больш падышлі б фартэчныя муры, высокія будынкі, цесныя, зьвілістыя вулкі сярэднявечных гарадоў, чымся карыкатуры на антычнасьць; але ж уплывовыя асобы там менш за ўсё клапоцяцца аб краіне, якой кіруюць.

У Расеі ўрад над усім пануе і нічога не жыватворыць. Народ у гэтай вялізнай імпэрыі калі не нямы, дык бязмоўны; ніхто тут не гарантаваны ад раптоўнай сьмерці. Чалавек тут ляжыць у труне двойчы — у калысцы і ў магіле. Мацяркам тут варта было б аплакваць нараджэньне сваіх дзяцей больш за іхную сьмерць. Пры такім грамадзкім ладзе чалавек зь першага дня свайго жыцьця можа ведаць (і сапраўды ведае), што ён будзе рабіць да апошняга свайго дня.

У характары гэтага павярхоўна разьвітага народу ўвогуле ўсё супярэчліва; найбольш характэрная рыса ягоная — невынаходлівасьць. Нават у найбольш славалюбных ягоных імкненьнях ёсьць нейкае малпаваньне. Заваёўніцкі дух яго спароджаны ня моцай, а ўсяго толькі прэтэнзіяй. У ім няма творчай сілы, увесь ягоны талент — у спаборніцтве, увесь ягоны геній — у запазычваньнях. Прызначэньне расейцаў — перакладаць эўрапейскую цывілізацыю для азіятаў. Далучыўшыся да грэцкай схізмы і гэтым аддзяліўшы сябе ад Захаду, Расея празь некалькі стагодзьдзяў зь непасьлядоўнасьцю абражанага самалюбцы зноў зьвярнулася да досьведу нацыяў, якія стварыліся ва ўлоньні каталіцызму, каб пераняць у іх цывілізацыю, да якой выключна палітычная рэлігія раней Расею не дапускала. Перанесеная з палацу ў вайсковы лягер для таго, каб падтрымліваць там парадак, гэтая бізантыйская рэлігія не адпавядала найбольш высокім патрабаваньням чалавечай душы; яна дапамагала паліцыі дурыць народ — і толькі.

Расейская нацыя заўжды будзе перажываць вынікі той несамабытнасьці, ад якой яна пакутавала ў час свайго палітычнага абуджэньня. Яе кіраўнікі, і перадусім Пётар Вялікі, гвалтоўна выхапілі яе зь дзяцінства. Ледзь скінуўшы іншаземны прыгнёт, краіна лічыла свабодай усё, што хочаш, абы не мангольскае ярмо, і таму яна нават прыгон успрыняла як вызваленьне, бо ён паходзіў ад яе законных кіраўнікоў. Прыгноблены захопнікамі народ быў шчасьлівым ужо таму, што новага тырана звалі расейскім, а не татарскім імем. Вынікі гэтай памылкі адчуваюцца дагэтуль. Расейскую зямлю пакінуў дух своеасаблівасьці; яе жыхары, звыклыя да рабства, да гэтага часу добра разумеюць толькі мову страху і славалюбства.

Якая карысьць для Расеі ў тым, што яна ажыцьцяўляе націск на Эўропу, уплывае на эўрапейскую палітыку? Ненатуральныя інтарэсы, нікчэмныя імкненьні! Для яе больш важна было б у сабе самой мець і разьвіваць жыцьцёвыя асновы, бо нацыя, у якой няма нічога свайго, апроч пакоры, мёртвая.

Расейскі дэспатызм толькі стварае бачнасьць парадку, таксама, як наша, эўрапейская, прыхільнасьць да рэспубліканскіх вартасьцяў — толькі бачнасьць свабоды.

На мой погляд, у расейцаў звычайна вельмі шмат своеасаблівага жыцьцёвага такту і хітрасьці, але мала спагады. Надзвычай востры нюх у спалучэньні з добрай доляй грубасьці складае, на маю думку, аснову іхнага характару.

Расейцы спрадвеку надта баяліся, каб зь іх не сьмяяліся. У дзіўным гэтым народзе вялікае выхвальства спалучаецца зь няменшай няўпэўненасьцю ў сабе; самазадаволенасьць на людзях і хваравітае самапрыніжэньне ўсярэдзіне — вось што я звычайна бачыў у большасьці расейцаў. У «Павучэньні Манамаха» я вычытаў мудрую і знамянальную параду сынам. Гэтае прызнаньне варта запомніць: «Больш за ўсё шануйце госьця, і славутага, і простага, і купца, і пасла; калі ня можаце абдарыць яго, дык хоць страваю і пітвом задавольце, бо менавіта госьці распускаюць у іншых землях і добрую, і кепскую аб нас пагалоску». Згадзіцеся, такія хітрыкі значна абясцэньваюць гасьціннасьць.

У сэрцы расейскага народу настолькі моцная, неўтаймаваная прага заваёваў, якая толькі можа ўзрасьці ў душы прыгнечаных і якая жывіцца толькі ўсенароднай галечай. Нацыя гэтая, ад прыроды захопніцкая, робіцца тым больш прагнай, чым большыя нягоды перажывае, прыніжальнай няволяй у сябе дома загадзя выкупляючы мару аб панаваньні над іншымі народамі. Чаканьне будучай славы і багацьцяў заплюшчвае расейцам вочы на тое, у якой несвабодзе яны жывуць; раб на каленях марыць аб сусьветным панаваньні, спадзеючыся дасягненьнямі ў замежнай палітыцы змыць зь сябе ганебнае кляймо народу, што выракся ўсялякай грамадзкай і асабістай вольнасьці.

Расея бачыць у Эўропе сваю здабычу, якая рана ці позна ёй дастанецца ў выніку сваіх унутраных звадаў; яна, Расея, распальвае ў нас анархію. Яны хочуць паўтарыць зноў, але ў большых памерах, тое, што зрабілі з Польшчай ў XVIII ст. «Эўропа ідзе тым жа шляхам, што й Польшча, — кажуць у Пецярбурзе, — бессэнсоўным лібэралізмам яна саслабляе сябе, а мы застанемся моцнымі менавіта таму, што ў нас свабода абмежаваная; пацерпім жа пад прыгнётам, затое сёньняшняя няволя дасьць нам магчымасьць стаць валадарамі над іншымі народамі».

Грамадзкае жыцьцё ў гэтай краіне — няспынныя падкопы супраць праўды. Кожны, хто не ўдаецца ў гэты падман, лічыцца тут здраднікам; пасьмяяцца з самахвальства, запярэчыць палітычнай рыторыцы — усё гэта лічаць тут замахам на бясьпеку дзяржавы і манарха; адно слова, і ты ператвараесься ў рэвалюцыянэра, бунтара, ворага грамадзкага ладу, злачынцу.

Расейская цывілізацыя так мала адарвалася ад сваіх вытокаў, што яна больш паходзіць на барбарства. Расея — супольнасьць захопнікаў, яе моц — не ў мысьленьні, а ва ўмельстве ваяваць, то бок у хітрасьці й бязьлітаснасьці.

Толькі калі пажывеш у гэтай пустэльні, дзе цябе ўвесь час кантралююць, у гэтай турме, дзе цябе ні ўдзень, ні ўночы не пакідаюць сам-насам з сабой, імя якой Расея, — пачынаеш адчуваць, як свабодна жывецца ў іншых краінах Эўропы, якая б форма дзяржаўнага кіраваньня не была там прынятая.

Калі ваш сын будзе незадаволены Францыяй, парайце яму зьезьдзіць у Расею. Такое падарожжа будзе карысным кожнаму эўрапейцу: пабачыўшы на свае вочы гэтую краіну, кожны застанецца задаволены жыцьцём абы-дзе, абы не ў Расеі. Заўжды карысна ведаць, што ёсьць у сьвеце дзяржава, дзе шчасьце немагчымае, бо чалавек, паводле сваёй прыроды, ня можа быць шчасьлівы без свабоды. Расея дапамагае больш цаніць сваю бацькаўшчыну; вярнуўшыся дадому, падарожнік можа сказаць аб сваёй краіне тое, што нейкі разумны чалавек казаў пра сябе самога: «Ацэньваючы сябе, я сьціплы; параўнаньне зь іншымі робіць мяне гордым».

Падрыхтавала Надзея Рагалевіч