Даўней нашы продкi знешне мала чым рознiлiся ад малпы. Пакрытае жорсткай поўсцю цела, доўгiя рукi, нiзкi лоб, высунутая наперад развiтая нiжняя скiвiца i г.д. — антраполагi сёння даюць даволi падрабязны партрэт старажытнага чалавека. А як будуць выглядаць нашы нашчадкi цягам бiялагiчнай эвалюцыi? Кандыдат медыцынскiх навук Валерый Моластаў, выкладчык адной з мінскіх ВНУ мае свой адказ на гэтае пытанне.

— На знешнi выгляд жывой iстоты моцны ўплыў аказвае навакольнае асяроддзе, — тлумачыць Валерый Дзмiтрыевiч, — а для чалавека будучынi iм стане космас. Ужо дзесьцi праз тысячу гадоў карысныя выкапнi на Зямлi скончацца i чалавецтва актыўна пачне асвойваць планеты Сонечнай сiстэмы, а затым — i далёкага космасу. Прычым на многiя з iх людзi нават перастануць высаджвацца: там будуць працаваць цалкам аўтаматызаваныя заводы, а на базавыя касмiчныя караблi транспартавацца толькi прадукты перапрацоўкi здабытай сыравiны. Само ж чалавецтва будзе жыць у агромнiстых касмiчных гарадах.

— I гэта натуральным чынам прывядзе да змен у знешнiм выглядзе Hоmо sарiеns?

— Так. Сучасныя касманаўты знаходзяцца ва ўмовах касмiчнай бязважкасцi не больш за год, аднак i ў iх узнiкаюць пэўныя змяненнi ў органах i тканках. Калi ж накiрунак гэтых змен «працягнуць» далей, мы атрымаем карцiну знешняга выгляду чалавека касмiчнай эры. Нават у цяперашнiх касманаўтаў пасля вяртання назiраецца мышачная слабасць, а што казаць пра будучыя пакаленнi, хто прывыкне да бязважкасцi, будзе абкружаны робатамi, якiя возьмуць на сябе ўсе фiзiчныя нагрузкi ў космасе, на вытворчасцi i ў побыце? Чалавеку застанецца толькi «нацiскаць кнопкi». З‑за доўгатэрмiновага знаходжання ў бязважкасцi i поўнай аўтаматызацыi фiзiчных работ адбудзецца перабудова коснага i мышачнага апарата: значна скароцяцца рукi i ногi (магчыма поўная атрафiя нiжнiх канечнасцяў), мускулатура грудной клеткi, шыi, твару будзе фактычна адсутнiчаць. Тулава стане шырокiм i кароткiм, рэбры зрастуцца з касцямi таза. Цалкам знiкне валасяное покрыва (для нас валасы з’яўляюцца прыродным цеплаiзаляцыйным матэрыялам, бровы i вейкi абараняюць ад пападання вiльгацi, пылу, поту. Ва ўмовах касмiчнай бязважкасцi, на мiжпланетным караблi неабходнасць у iх адпадзе.)

— Сённяшнiя медыцынскiя даследаваннi паказалi, што працяглае знаходжанне ва ўмовах бязважкасцi прыводзiць да размякчэння касцей, ад адсутнасцi нагрузкi яны становяцца тонкiмi, мышцы атрафiруюцца. Аднак у касмiчным караблi можна змадэляваць штучную гравiтацыю...

— Калi карабель сканструяваць у выглядзе кола з дыяметрам у сотнi метраў i «прымусiць» яго круцiцца, то ўнутры ўзнiкнуць цэнтрабежныя сiлы, якiя па фiзiчнаму ўздзеянню на косна‑мышачную сiстэму касманаўта нi ў чым не будуць адрознiвацца ад гравiтацыйнага прыцягнення Зямлi. Аднак такая мадэль мiжпланетнага карабля ў шмат разоў ускладняе iнжынерныя рашэннi многiх вытворчых i транспартных працэсаў, перашкаджае правядзенню пасадкi «гiганцкага кола» на паверхню планеты, замаруджвае транспарцiроўку ўнутр яго руды i г.д., карацей кажучы, стварае сотнi нязручнасцяў iнжынерна‑тэхнiчнага характару. Думаю, можна сцвярджаць, што падобныя касмiчныя караблi са штучнай гравiтацыяй з’явяцца вельмi няхутка. Да таго ж часу чалавецтва доўгi час будзе жыць i працаваць ва ўмовах поўнай бязважкасцi.

— Фiзiчная нагрузка, як вы казалi, у людзей касмiчнай эры будзе зведзена ледзь не да нуля (толькi кнопкi нацiскаць), а актывiзацыя разумовай дзейнасцi адаб’ецца на знешнасцi нашых нашчадкаў?

— Абавязкова. Размякчэнне касцей чэрапа пад уздзеяннем бязважкасцi прывядзе да павелiчэння дыяметра «шарападобнай чарапной каробкi». Даныя антраполагаў пераканаўча даказваюць факт няўхiльнага павелiчэння аб’ёму i вагi мозга чалавека (гэты працэс называюць цэфалiзацыяй). За 5 млн гадоў развiцця чалавека вага нашага мозга павялiчылася ў сярэднiм на 900 грамаў. Далейшая эвалюцыя разумовых здольнасцяў абавязкова прывядзе да яшчэ большага павелiчэння памераў мозга. Калi меркаваць, што такая тэндэнцыя захаваецца i кожныя 5 млн гадоў мозг чалавека будзе павялiчваць сваю вагу на 900 грамаў, то праз мiльярд гадоў яго вага павялiчыцца ў 200 разоў i складзе 180 кiлаграмаў! Галава тады будзе ўяўляць сабой шар дыяметрам 1,5 метра. Павелiчэнню чэрапа будзе спрыяць бязважкасць i размякчэнне яго касцей. Пры гэтым чакаецца поўная атрафiя шыйнага аддзела пазваночнiка.

— З такiмi габарытамi чалавек не зможа жыць пад уздзеяннем гравiтацыi...

— ...Цяжкая галава раздавiць унутраныя органы тулава. Праз мiльярд гадоў нашы нашчадкi змогуць iснаваць толькi ва ўмовах касмiчнай бязважкасцi.

Сваё ўздзеянне на знешнасць чалавека акажа i змяненне рацыёну. Ужыванне вадкай лёгказасваяльнай ежы прывядзе да атрафii нiжняй часткi твару i зубоў, а таксама да скарачэння кiшэчнiка ў некалькi разоў. Прадукты распаду будуць выдаляцца ў вадкiм выглядзе з мачой, а неабходнасць у прамой кiшцэ адпадзе. З часам верагодна поўнае зарастанне (атрэзiя) ануса.

— А якiмi, паводле вашай тэорыi, будуць узаемаадносiны чалавека i камп’ютара?

— Сiмбiёз. На апошнiм этапе сваёй эвалюцыi чалавек i камп’ютар стануць адным цэлым: у мозг будуць ужыўлены вечныя кантакты, з дапамогай якiх людзi атрымаюць магчымасць заўсёды быць на сувязi з камп’ютарам. Зрашчэнне чалавека з ЭВМ, з аднаго боку, абмяжуе нашых нашчадкаў у свабодзе руху, а з iншага — значна ўзмацнiць iндывiдуальны розум. Пры гэтым электронны мозг выйдзе на ўзровень рашэння творчых задач. Машына атрымае здольнасць працаваць з iнфармацыйнай прасторай свайго гаспадара, хутка выбiраць найбольш зручныя зыходныя мадэлi для апiсання неабходнага кола з’яў. На шляху ўзмацнення эфектыўнасцi працы чалавек зробiць кiбернетыку часткай свайго мозга. Тады неабходнасць у нацiсканнi кнопак адпадзе — дастаткова будзе ў думках даць загад.

— Гаворачы пра будучыя пакаленнi, нельга абмiнуць увагай «палавое пытанне».

— Наўрад цi палавы спосаб размнажэння ў касмiчную эру iстотна зменiцца. Ён прымальны i ва ўмовах бязважкасцi, i нават працякае больш лёгка, як i роды. Аднак небяспечнасць доўгатэрмiновага знаходжання ў бязважкасцi ў тым, што моц палавога прыцягнення (лiбiда) будзе пастаянна слабець, а праз пэўны час (мiльярд гадоў) цалкам знiкне.

— У чым вам бачыцца прычына такой сумнай перспектывы?

— Па‑першае, вядома, што фiзiчна слаба развiтыя людзi маюць слабае лiбiда. Астэнiчныя мужчыны, як правiла, пакутуюць ад iмпатэнцыi, а жанчыны часта маюць праблемы з нараджэннем дзяцей. Гiпадынамiя (недахоп мышачных рухаў) на працягу многiх пакаленняў прывядзе да агульнай фiзiчнай слабасцi (астэнii). А яна абавязкова «спрадуцыруе» палавую слабасць у мужчын i няздольнасць да дзетараджэння ў жанчын. Доўгатэрмiновае ўздзеянне бязважкасцi на працягу тысяч пакаленняў прывядзе да гiпертрафii коснай i мышачнай тканак, да фiзiчнай слабасцi.

Можна сцвярджаць, што людзi будучынi — гэта цалкам асэксуальныя, стэрыльныя, без палавых прыкмет, аднак высокаразвiтыя ў разумовых адносiнах арганiзмы. Палавы акт i нараджэнне дзяцей будуць для iх немагчымымi.

— Атрымлiваецца, што доўгае пражыванне ва ўмовах касмiчнай бязважкасцi прывядзе да бiялагiчнага вымiрання чалавецтва па прычыне адсутнасцi фiзiчных сiл, неабходных для працэсу размнажэння?

— Татальная мiастэнiя (страта мышачнай сiлы) чалавека касмiчнай эры — адна з прычын.

— Ёсць i iншыя?

— Так. Вядома, што моцнае разумовае перанапружванне, канцэнтрацыя на творчасцi прыводзяць да падаўлення палавога прыцягнення. Нашы нашчадкi будуць вырашаць навукова‑тэхнiчныя праблемы ў мiльярды разоў больш складаныя, чым сённяшнiя глабальныя праблемы. Разумовае напружанне ў iх будзе ў дзесяткi разоў большым, чым у сучасных буйных вучоных. Пастаянная блакiроўка цэнтра палавога прыцягнення ў мозгу праз мiльёны гадоў прывядзе да згасання лiбiда.

— Вы прарочыце чалавецтву вымiранне?

— Магчыма, выдатныя поспехi генетыкi праз мiльёны гадоў дадуць магчымасць штучнага сiнтэзу мужчынскай i жаночай ДНК з загадзя запланаванымi ўласцiвасцямi будучага дарослага арганiзма. Выкарыстанне метаду сiнтэтычнай «вытворчасцi» дапаможа чалавецтву значна падоўжыць iснаванне сваёй цывiлiзацыi.

Адзначу яшчэ адзiн важны момант. Устаноўлена, што нараджэнне дзяцей ад бацькоў‑сваякоў небяспечна для патомства. Шлюбы памiж сваякамi амаль заўсёды выклiкаюць генетычныя хваробы, псiхiчныя адхiленнi, парушэннi абмену рэчываў i г.д. Пры засяленнi планеты адной сям’ёй, пры доўгiм пералёце з адной галактыкi ў iншую на касмiчным караблi могуць узнiкнуць шматлiкiя сваяцкiя шлюбныя саюзы. Можа быць, у будучынi генетыка навучыцца выпраўляць непажаданыя генетычныя праявы i такiя шлюбы стануць магчымымi? Тым не менш, з цягам часу для нашых нашчадкаў, абмежаваных прасторай касмiчнага карабля, гэтая праблема паўстане вельмi востра.

Падрыхтавала Iнга Мiндалёва, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0