ЧАС КАЛІФАЎ

 

Кажуць, з усіх заходнеславянскіх моваў найбольш зразумелая беларусам славацкая. Можа, таму мы так рэдка і насьцярожана размаўляем міжсобку — каб не нарабіць памылак, каб у нашым вымаўленьні для іх не пачулася штосьці знаёмае гучаньнем, але зусім непрадбачанае сэнсам. А тут яшчэ славутае славянскае ўслухоўваньне сэрцам, заўсёдная гатоўнасьць да гарачых абдымкаў або да глыбокае крыўды. Блізкім паразумецца цяжэй, чым далёкім. З блізкімі трэба асьцярожна! Таму й пішуць у нас пра славянаў то «голасам братняй крыві», то «з пазыцыяў NATO». Трэці шлях абраў у сваіх нататках Віталь Тарас. Прыехаўшы ў Браціславу, ён углядаўся ў тамтэйшае жыцьцё, увесь час паралелячы яго з нашым, шукаючы сугучнасьці зь беларускай сытуацыяй на тле актуальных падзеяў цяперашняга сьвету.

 

“Лукашэнку – ў НАТЫ”
фальклёр

Ці то ад зьбегу абставінаў, ці з волі дэпутатаў ВС, ці з гістарычнае неабходнасьці, але ж прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя амаль на той самы дзень, калі будзе ўсенародна абірацца прэзыдэнт Славаччыны. Выбары гэтыя прызначыў тамтэйшы парлямэнт. Тут, праўда, паралелі, як у геамэтрыі Лабачэўскага, разыходзяцца. Хто б ні быў абраны прэзыдэнтам (а кандыдатаў у Славаччыне значна больш, чымся ў Беларусі 1994-га году), ён рэальна зойме гэтую пасаду ды ўедзе ў прэзыдэнцкі палац у цэнтры Браціславы. Пры гэтым славацкі прэзыдэнт ня мецьме й малой долі тых паўнамоцтваў, якія мае прэзыдэнт Беларусі (нават паводле канстытуцыі 94-га году), а выканаўчая ўлада застанецца ў прэм’ер-міністра, які залежыць ад парлямэнцкае большасьці.

Дэмакратычная кааліцыя, якая перамагла на восеньскіх выбарах у Славаччыне, мае зусім нязначную бальшыню ў парлямэнце, і таму экс-прэм’ер Меч’яр, хоць і не прызнаў сваёй паразы, мусіў часова выдаліцца на спачын на адзін са славацкіх курортаў. Цяпер ён пад націскам сваіх прыхільнікаў зноў уключыўся ў палітычную барацьбу і, як кажуць, мае неблагі шанец стаць прэзыдэнтам. Пасьля чаго зноў можа ўсчацца пэрманэнтная вайна паміж ім і парлямэнтам. Былы баксэр Меч’яр мае досыць круты нораў і даказаў гэта ў часе свайго прэм’ерства ў дачыненьнях з апазыцыяй ды прэсай. З-за гэтага яго, клясычнага папуліста з аўтарытарнымі замашкамі, у беларускай і расейскай прэсе нярэдка параўноўвалі з Лукашэнкам (а Славаччыну, адпаведна, зь Беларусяй).

Трэба, аднак жа, заўважыць, што Меч’яр канстытуцыі не зьмяняў, апазыцыянэраў і журналістаў у турмы не саджаў (незалежныя тэле- й радыёстанцыі, што праўда, напярэдадні выбараў улады зачыніць спрабавалі). Судовая ўлада пры ім захавала сваю незалежнасьць. Прэм’еру нават у галаву не магло прыйсьці дамагацца, скажам, узьяднаньня Славакіі й Чэхіі, скасаваньня старажытнага славацкага гербу альбо наданьня славацкай мове статусу дзяржаўнай нароўні з вугорскай! Праўда, за Меч’ярам у агульнаадукацыйных школах была ўведзеная практыка не ўключаць ацэнкі за вугорскую мову ў выпускны атэстат. Аднак, з прыходам да ўлады кааліцыі, у якую ўваходзіць, між іншымі, партыя вугорскай меншасьці, праблема зьнікла (дарэчы, у Браціславе ёсць ня толькі вугорскія, але, да прыкладу, і баўгарская школа. Адна з прыгажэйшых вуліцаў сталіцы называецца Жыдоўскай. А дарослае насельніцтва славаччыны ня толькі ведае расейскую мову, якая выкладалася ў гады йснаваньня ЧССР ва ўсіх школах, але ж і не цураецца яе ў выпадку неабходнасьці паразумецца зь якім турыстам – у адрозьненьне ад пераважнай большасьці чэхаў).

Цікава, што на выбарах фармальна перамагла не кааліцыя дэмакрытычных партыяў, але партыя Дэмакратычная кааліцыя. Такім чынам, апазыцыі ўдалося абысьці “хітрае” абмежаваньне, прыдуманае прыхільнікамі Меч’яра ў парлямэнце. Наагул, апазыцыя (а цяпер кіраўнічая кааліцыя) ніколі не хавала й не хавае рознагалосьсяў паміж рознымі палітычнымі партыямі, што ў яе ўваходзяць. Сярод іх ёсць як лібэральная, так і нэакамуністычная. Адзінае, аднак, у чым няма й ня можа быць рознагалосьсяў, дык гэта, па-першае, дзяржаўны сувэрэнітэт і нацыянальныя інтарэсы Славаччыны, а па-другое, прыналежнасьць яе да Эўропы. Што тычыцца NATO, спрэчкі ідуць, галоўным чынам, пра тэмпы ўваходжаньня ў альянс, а не пра мэтазгоднасьць самога кроку. ЗША ў замежнай палітыцы ўжо даўно абвешчаныя стратэгічным партнэрам. А Расея, Беларусь, Украіна ды іншыя краіны СНГ – проста партнэрамі, зь якімі трэба разьвіваць нармальныя дачыненьні.

Хоць на вуліцах Браціславы можна бачыць надпісы кшталту ”Адольф Клінтан”, альбо “NATO“ са свастыкай замест літары “О”, іншых праяваў ”славянскае салідарнасьці” пасьля пачатку бамбёжак Югаславіі (на поўначы якой, у Ваяводзіне, дарэчы, жыве шмат славакаў) ня бачна.

За некалькі дзён перабываньня ў Браціславе мне падалося, што славакі пачуваюцца тут жыхарамі мэтраполіі. Горад, пры вонкавай амаль сялянскай сьціпласьці ды някідкасьці, утульны й гасьцінны. Колішняя сталіца – Прага (хоць, калі зазірнуць крыху далей у гісторыю, для Браціславы альбо колішняга Прэсбургу ў складзе Аўстра-Вугоршчыны, мэтраполіяй хутчэй быў Будапэшт, які, у сваю чаргу, лічыўся усяго толькі эўрапейскай правінцыяй; Славаччына ж упершыню набыла незалежнасьць у часе нямецкае акупацыі, што таксама наводзіць на некаторыя паралелі) выглядае сапраўдным эўрапейскім цэнтрам, турыстычнай мэккай, амаль што новым Бабілёнам.

Браціслава зусім і ня ймкнецца, як падалося, вылузвацца са скуры, каб удаваць зь сябе заходні горад, як, да прыкладу, гаманлівая Варшава. Браціслава нагадала мне, хутчэй, Сафію ці Вільню. Пры ўсёй адрознасьці тэмпэрамэнтаў насельнікаў гэтых сталіцаў, агульная рыса для іх — сардэчнасьць, ці, дакладней сказаць, простасардэчнасьць, характэрная для жыхароў краінаў ня столькі славянскіх, колькі аграрных. Яна страчваецца, на жаль, па меры далучэньня да заходняе цывілізацыі. Масква, якая ёсьць сама па сабе глябальнай вёскай, з гэтага раду выпадае й больш нагадвае, магчыма, Нью-Ёрк (не архітэктурай, зразумела, але адарванасьцю ад праблемаў рэшты сьвету і ўяўленьнем пра сябе як пра цэнтар цывілізацыі, альбо нават сусьвету). Менск, з другога боку, населены амаль выключна учорашнімі, або – часткова – цяперашнімі вяскоўцамі, вёскай ніколі ня быў, але ў 70-я гады стаўся дэкарацыяй, свайго роду вітрынай разьвітога сацыялізму, пазбаўленага нацыянальных, альбо любых іншых яскравых прыкметаў. Горад-прывід. У адрозьненьне ад заходніх гарадоў-прывідаў, савецкі горад-прывід не пакідаюць жыхары, ён можа нават стацца густанаселеным прамысловым мэгаполісам, але жывуць у ім ня месьцічы (тым больш – ніякія не менчукі), а менавіта насельнікі, якім усё адно, дзе жыць. У гэтым сэнсе Браціслава, пры тым, што ў ёй жыве амаль у чатыры разы меней людзей, значна жывейшае места, чымся Менск. Пры тым, што гістарычным цэнтрам Браціславы можна разгульваць увечары як музэем і не сустрэць на вуліцах ніводнага чалавека, яна ня робіць уражаньня закінутасьці й гніеньня. У той час як сталіца Беларусі ўсё больш нагадвае вялікі сьметнік, па якім зь дзелавым выглядам сноўдаюцца бамжы. Тое, што некаторыя зь іх езьдзяць у “Мэрсэдэсах” састарэлых марак, толькі павялічвае падабенства гораду на ўрбаністычны сьметнік. Зразумела, што на сьметніку ўсяго і ўсім ня хопіць. Таму патрэбны важак, які пільна сочыць, каб адыходы – харчовыя або прамысловыя, правільна разьмяркоўваліся. Што будзе, калі яны скончацца, насельнікі памыек ніколі не задумваюцца, бо йнакш яны б даўно заняліся справай, а ня корпаліся ў гаўне ў пошуках лепшае будучыні.

Заявы расейскіх рэваншыстаў і тутэйшых зімоўскіх наконт таго, што наступным аб’ектам агрэсіі NATO можа стаць Беларусь, ёсьць чыстай вады ідыятызмам. Для таго, каб стаць аб’ектам нечай агрэсіі, трэба быць ім. Ці існуе ў стратэгічных плянах NATO або Пэнтагону такі аб’ект, як Беларусь? Сумняюся. Вядома, у інтэлектуальных здольнасьцях натаўцаў пасьля таго, як яны пачалі бамбаваць аўтобусы й пасольствы, таксама можна ўсумніцца. Але ж у існаваньні самой Югаславіі, Сэрбіі ды прэзыдэнта Мілошавіча ніхто дагэтуль не сумняваўся. Ніхто не аспрэчвае й сувэрэнітэту Югаславіі; NATO проста дэкляравала, што правы чалавека й правы нацменшасьцяў вышэй за дзяржаўны сувэрэнітэт. А вось што тычыцца сувэрэннай Беларусі, дык яна сама яшчэ ня ўпэўненая ў сваім існаваньні на карце Эўропы. Яна яшчэ нічым не засьведчыла пакуль свайго йснаваньня як самастойнае дзяржавы. Лукашэнку, дзякуючы скандалу ў Драздах, ужо ведаюць. Пра тое, што ён прэзыдэнт сувэрэннай Беларусі, памятаюць наўрад ці. Ён і сам, відаць, да канца ў гэтым ня ўпэўнены, інакш ніколі б ня стаў нават згадваць пра ядзерную зброю, ці “ядзерны парасон”. Бо вяртаньне гэтай зброі ў Беларусь ніяк не адмяніла б таго факту, што ключ ад “ядзернай валізкі” знаходзіцца ў расейскага прэзыдэнта.

Размовы пра славянскае адзінства па-за межамі Менску й Масквы выклікаюць толькі раздражненьне альбо неўразуменьне. У МЗС Славакіі, напрыклад, падыходы ў замежнай палітыцы, заснаваныя на нейкай абстрактнай салідарнасьці нацыяў (ці то са славянамі, ці то з альбанцамі ) альбо канфэсіяў лічаць суцэльным анахранізмам. Калі палякі, чэхі, баўгары, славакі – ворагі славяншчыны, дык хто тады сябры?

У Беларусі электарат проста ня бачыць нікога й нічога (у самым простым сэнсе гэтага слова), акрамя цяперашняга ўладара. Апазыцыя ж, прапанаваўшы ідэю выбараў, не знайшла, КАГО і ШТО прапаноўваць, а значыць, няма з чаго й выбіраць. У сьвядомасьці мільёнаў людзей няма Пазьняка й няма Чыгіра – яны ня ведаюць, а часам і ня хочуць, што ім прапануюць гэтыя палітыкі. І справа ня толькі ў мас-мэдыях, якія знаходзяцца амаль цалкам у руках уладаў, ня толькі ў прапагандзе, якая штодня засьмечвае людзям мазгі. Справа яшчэ ў тым, што калі б нават апазыцыйная (альбо, больш годна, незалежная) прэса раптам атрымала фантастычныя грашовыя сродкі ад дзядзечкі Сораса, а дзяржкамдрук разам з усімі іншымі камітэтамі ды службамі кудысьці зьніклі, высьветлілася б, што ёй няма аб чым казаць. Па-першае, няма чым казаць – бо па-беларуску сёньня гавораць і пішуць лічаныя мэдыі. І галоўнае – няма пра што, бо ўся менская прэса застаецца, у асноўным, правінцыйна-другаснай. Дума, Ельцын, Скуратаў, Лукашэнка, Жырыноўскі, Глоба, Чубайс, зноў Лукашэнка, зноў Ельцын, Блін Клінтан, Моніка Левінскі, Пугачова – вось сапраўдныя героі нашага часу, нашага друку. Ну, яшчэ Ганчар, Віньнікава, Старавойтаў, Скочка, Бандарэнка, Шчукін — парадак імёнаў можна мяняць, дадаваць да іх новыя. Уражаньне, аднак, такое, што нашыя (нашыя!) газэты маглі б выдавацца ў якім-небудзь Тамбове ці Казмадзям’янску. Толькі пісалі б яны не пра кандыдатаў у прэзыдэнты, а пра кандыдатаў у губэрнатары; ды яшчэ наколькі лягчэй пісалася б, асабліва аматарам творчасьці Пушкіна.

Нашыя (нашыя!) апазыцыянэры часам з горыччу, альбо з годнасьцю гавораць, што найбольш плённыя палітычныя ідэі, ды яшчэ й мэханізм іхнага ўвасабленьня, падказваюць журналісты. Радавацца тут ці плакаць? Ёсьць журналісты, якія за апазыцыю і ў турму гатовыя пайсьці, і ў пікет, і на мітынг. Як кажа адзін з калегаў, “Гонар і слава!” Але не магу ня ўспомніць размову са старшынём асацыяцыі газэтных выдаўцоў Славаччыны спадаром Немэчкам. Узгадваючы пэрыяд ціску ўладаў на прэсу ў пярэдадзень парлямэнцкіх выбараў, ён казаў: “Мы, журналісты й газэтчыкі, маглі б выйсьці на плошчу. Але колькі нас? Пару сотняў, ну, тысячаў. А ў нашых газэтаў у сукупнасьці сотні тысячаў чытачоў! Менавіта ў гэтым нашая моц”.

А якая моц у недзяржаўных выданьняў Беларусі, калі іхныя наклады не перавышаюць дваццаці-трыццаці тысячаў? У сапраўды рынкавых умовах такія “агульнанацыянальныя” грамадзка-палітычныя газэты зьніклі б імгненна, іхнае месца занялі б расейскія “монстры” жоўтае прэсы (яны ўжо зараз пачуваюць сябе няблага – як тая “Камсамолка”). А вось славацкія газэты выжылі – і левыя й правыя, і вялікія, і зусім маленькія, і ўсе яны трымаюцца на айчынным капітале.

Сярод славацкіх журналістаў таксама існуе раскол. Частка ўваходзіць ва, умоўна кажучы, прамеч’яраўскі саюз, частка – у сындыкат. Аднак, большая частка журналістаў не ўваходзіць ні ў якае аб’яднаньне. Так, напэўна, павінна быць у нармальным грамадзтве.

Нашае грамадзтва як бы знаходзіцца ў летаргічным сьне й бачыць фантастычныя сны – “мы выйдзем шчыльнымі радамі”, Кірыла й Мэтод, снайпэр на даху, Беларусь у Эўропе… Натаўскія бомбы, магчыма, ужо растрывожылі чыйсьці сон. Але так ня хочацца вылазіць з-пад коўдры, скідваць зь сябе млявасьць пачуцьцяў і маруднасьць звыклых думак. Аднак жа, час прачынацца, бо ўжо трэцяе тысячагодзьдзе на двары. Фукуяма памыліўся – гісторыя ня скончылася, яна толькі пачынаецца. Для тых, зразумела, хто не прасьпіць і пачуе гукі часу. Пад “ядзерным парасонам” ды “таполямі” ад яго не ўратуесься. Час каліфаў на гадзіну мінае. Беларусь застаецца?

Віталь Тарас


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0