Рада Эўропы: багатыры і басота

 

Эдуард Шэварднадзэ

На прэс-канфэрэнцыі пасьля ўрачыстай цырымоніі прыёму Грузіі 41-м сябрам Рады Эўропы беларускія журналісты таксама задаюць пытаньне, як бы ён ацаніў стан разьвіцьця беларуска-грузінскіх дачыненьняў. «Ані нэ улучшаюцца і нэ ухудшаюцца», — не павёўшы вокам шасьцю словамі адказвае Шэварднадзэ. Воплескі ў залі.

У прамове на цырымоніі прыёму Шэварднадзэ сказаў, што «сёньня зьдзейсьнілася спрадвечная мара грузінскага народу, мара аб яднаньні з Эўропай». Тэкст прамовы распаўсюджваюць у Радзе Эўропы па-ангельску, француску і грузінску. Гледзячы на прычудную грузінскую вязь побач з лацінкай, разумееш, што грузінская мова — мова культуры.

 

Лорд Расэл-Джонстан

Вітаючы грузінскага прэзыдэнта і далучэньне Грузіі, прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы лорд Расэл-Джонстан кажа, што Грузія заўжды была часткай Эўропы, і доказ таму — шматлікія грэцкія міты адбываліся тут, на Каўказе. «Да гэтых гор быў прыкуты Прамэтэй, але трэба думаць, сьмерць яму не была такою цяжкаю, бо ён мог насалоджвацца беспараўнаным хараством вашай краіны». Ад дыпляматычнай ветлівасьці да парнаграфіі адзін крок.

 

Барыс Алійнык

Народны пісьменьнік Украіны, сябра Палітбюро ўкраінскай кампартыі, нязьменны дэпутат Вярхоўнай Рады Барыс Алійнык у Радзе Эўропы не расстаецца зы сьветла-зялёнай палатнянай шапачкай з брыльком. У такіх у нас хадзіла на дачах усё пэнсіянэрскае насельніцтва. Толькі ў дачнікаў яна звычайна замызганая, прапахлая штодзённым нужджэньнем, а ў Алійныка — чыстая, як ленінская кепка. «Я стары камуняка-інтэрнацыяналіст», — кажа пра сябе Алійнык і дастае цыгарэты «Parliament», выйшаўшы пакурыць да беларускай дэлегацыі. «У Сербіі ўжо разбамбілі 220 школаў, — кажа. — Хутка й нас будуць бамбіць. А на Ўкраіне прэзыдэнтам стане той, каго прызначыць Washington». «Дык у вас хоць штопяцьгод новага прызначаюць, а ў нас Масква як прызначыла...», — рагоча адзін зь беларусаў.

 

Мар’ян Кшаклеўскі

На слуханьнях па Беларусі на прапанову «палатачнікаў» прыехаць на месца, пабачыць, разабрацца, рэпліку падаў кандыдат у прэзыдэнты Польшчы Мар’ян Кшаклеўскі: «Я прыяжджаў, мяне схапілі й вытурылі». Баўгарскі дэпутат Іван Каеджыкаў сьмяецца за кулісамі: вытурылі, зрабілі рэкляму, а за месяц стаў лідэрам «Салідарнасьці». Хто хоча стаць прэм’ерамі і прэзыдэнтамі, прыяжджайце ў Беларусь і агітуйце сярод работнікаў.

Кшаклеўскі нейкі няўпэўнены. Не засяроджаны ў сабе, як звычайныя палітыкі такога рангу, а нейкі тонкі. Ідзеш яму насустрач па калідоры, ён зазірае табе ў твар. Адны людзі зазіраюць у твары, а адны не зазіраюць.

 

Іван Каеджыкаў

Іван Каеджыкаў — малады баўгарскі парлямэнтар, спэцыяліст па Беларусі, наш чалавек. Кажа, што эўрапейцы бачаць адзіны рэальны шлях легітымізацыі беларускай сытуацыі. У 2000 годзе парлямэнцкія выбары. Рэжым пагаджаецца на прыняцьце дэмакратычнага выбарчага закону і эўрапейскі кантроль. Дэмакратычныя сілы пагаджаюцца на ўдзел.

Думаецца, ёсьць некалькі неадменных перадумоваў такога кампрамісу:

1) Каб ліцэнзіі і этэр тэле- і радыёвяшчаньня мог атрымаць любы;

2) Каб любыя газэты мелі на роўных умовах доступ да «Беларускага дому друку», адзінай друкарні, зь якой газэты могуць працаваць сёньня-на-заўтра;

3) Каб усе 50%- і 25%-ныя бар’еры былі скасаваныя, інакш горад непазьбежна аказваецца недапрадстаўлены;

4) Каб мясцовая ўлада абіралася зьнізу, а не прызначалася, бо інакш няма грунту для паўстаньня нармальнай, а не мабілізацыйна-сталічнай партыйнай сыстэмы;

5) Каб доля прыватнай уласнасьці дасягнула ня менш за 50%.

Без выкананьня хаця б першых трох умоваў любыя выбары будуць проста ўзаконенай фальсыфікацыяй і легітымацыяй бандыцкай улады. Наша ж апазыцыя ўсё патрабуе нейкія ідыёцкія 30 хвілінаў на БТ і ўключэньня актывістаў апазыцыі ў выбарчыя камісіі. Такое ўражаньне, што ўрэшце яна на будучых перамовах зноў зрачэцца нават таго, што па-за ўсякім абмеркаваньнем: ня можа быць кампрамісу, пакуль ня вызваленыя і не рэабілітаваныя (падкрэсьліваю, бо пра гэта маўчаць) усе палітвязьні за пяць апошніх гадоў (на іх забываліся перамоўшчыкі ў 1996-м і дагэтуль не пакаяліся). Эх, нам бы ў лідэры апазыцыі Тэтчэр, Олбрайт ці Су Джы.

 

Сыльв’ё Бэрлюсконі

Выступае ад імя парлямэнцкай групы «народнікаў» (правыя). «Я як бізнэсмэн абвяшчаю тут, што асабіста выдзяляю 2,2 млн. даляраў на пабудову 1000 дамоў для небаракаў-уцекачоў з Косава». Бэрлюсконі, як і кароль Хуан Карлас Гішпанскі, найлепш любіць срэбна-шэрыя гальштукі.

 

Генадзь Зюганаў

Хмуры лабасты лідэр расейскіх камуністаў ужо 6 гадоў носіць два тыя самыя гальштукі: адзін чырвоністы, другі залацісты. Грошай на абы-што не марнуе.

На прэс-канфэрэнцыі пытаньне яму задае Юры Каваленка з «Новых ізвесціяў». Зюганаў у адказ са скрухай пытаецца: «А чым «Новые ізвесція» адрозьніваюцца ад старых?»

 

Вано Хухунаішвілі

У складзе першай грузінскай дэлегацыі ў Радзе Эўропы Вано Хухунаішвілі, нацыянал-дэмакрат. Думаеш, што калі ў цябе было прозьвішча Хухунаішвілі, ты таксама, мабыць, быў бы нацыянал-дэмакратам.

 

Рэджэп Зэйдані

Альбанскі прэзыдэнт хоча мець з косаўскай трагедыі. На харчы для ўцекачоў трэба па 3 USD у дзень, кажа, то бок 33 млн. даляраў у месяц.

На такія грошы, думаеш, будзе есьці ня толькі косаўскі ўцякач, але шчэ й тры альбанскія раты побач зь ім.

 

Уладзімер Канаплёў

На пытаньне журналіста «Звязды» «а ў якім гатэлі вы спыніліся?» Лукашэнкаў дэпутат Шпілеўскі, пык-мык, кажа «ня памятаю, забыўся». Ну, думаеш, і п’юць дзядзькі, забыліся, у якім гатэлі спыніліся. Пасьля ад ягонага непасрэднага начальніка, чалавека нумар 2 у Беларусі, даведваемся: у «Hilton»-е, аказваецца. Цікава толькі, у якіх нумарах: тых, якія больш 1000 USD за ноч каштуюць, ці тых, якія менш 1000 USD.

У Канаплёва твар загарэлы, у саляры дзядзька ходзіць. У адзін з прэзыдэнтам саляры, мабыць.

 

Алія Ізэтбэгавіч

Басьнійскі прэзыдэнт нечым няўлоўна нагадвае мэра Ўладзівастока Чарапкова.

10 гадоў таму ў ягонай краіне жыло 4 мільёны чалавек, цяпер — 3300 тысячаў. Быў Ізэтбэгавіч дысыдэнтам, быў прэзыдэнтам, а цяпер ён — сябар прэзыдэнцыі разам і з герцагавінска»хрвацкім» і басьнійска»српскім» калегамі. А прэзыдэнтам у Босьніі цяпер спэцпрадстаўнік ААН Карлас Вэстэндорп. А сама Босьнія знаходзіцца пад міжнародным пратэктаратам.

На вуліцах Страсбургу заўважаеш вар’ятаў. Іх так мала, што іх заўважаеш. У Менску людзей псыхічна неўнармаваных і сацыяльна дэградаваных столькі, што іх перастаеш заўважаць.

 

Дыпляматы, дыпляматы, беларускія сыны...

Нішто так ня цешыць душу беларускага інтэлігента-дзяржаўніка, як сустрэчы зь беларускімі дыпляматамі за мяжой. І адкрыцьцё, што добрая палова зь іх выпісала сабе «Народны альбом», ба больш – не прапускае нумароў «НН», ба больш – зачытваецца «ARCHE».

 

Азэрбайджанскія матылькі

Усе ходзяць у Радзе Эўропы ў гальштуках, а азэрбайджанская дэлегацыя — у чорных пінжаках і белых кашулях пад матылёк. Мабыць, гэта іх нацыянальныя строі.

 

Рыцары і кaты

«Воін» заўсёды значыла той, хто рызыкуе сваім жыцьцём, ваюючы, выконваючы заданьні, — кажа Генадзь Зюганаў. — Цяпер амэрыканскія пілёты ваююць, не ўваходзячы ў зону паражэньня. Ён перастае быць воінам, становіцца катам».

 

Псыхадэлічныя каровы

Страсбург заклеены плякатамі: «Amnesty International прадстаўляе канцэрт групы «Les Vaches Psychedeliques». Думаеш, толькі ў нас Гэльсынскі камітэт выдае кампакт-дыскі...

 

Папугай Грузьдзіловіча

Журналіст з «Навінаў» Алег Грузьдзіловіч хваліцца, што ягоны папугай умеў гаварыць «Да здравствует Белорусскій народный фронт». Бялорусь, Бялорусь... Па-беларуску могуць гаварыць лепшыя беларускія журналісты, лепшыя беларускія папугаі — не.

 

13 цэркваў

У Страсбургу было 13 цэркваў, калі каталікі зь лютэранамі, стаміўшыся змагацца, сталі іх дзяліць. Падзялілі па 6, а адну — напалам. Катэдра дасталася каталікам, але пратэстанты атрымалі права тройчы ў год — на Каляды, Вялікдзень і Сёмуху — адпраўляць там службу, але ні разу з XVI ст. не скарысталіся ім. Зацятыя.

 

Поцца Таска

Італьянская дэпутатка з харошым прозьвішчам Поцца Таска зьвінавачвае сэрбскія ўлады, што яны бяруць кроў у альбанскіх падлеткаў на патрэбы сэрбскага войска і прымушаюць 7000 юнакоў працаваць на капальнях у Прышціне.

 

Шарая Ранэта

Купляю на базары на Place Clebert самыя танныя яблыкі, таўстаскурыя, шэрабокія, пляскаватыя Boskoop. «Вы ж ведаеце, што гэта Boskoop?» — перапытвае дабрызная сялянка. Як жа ня ведаць, даражэнькая. Не было ў нас у Заказанцы садка без шарой ранэты. На зіму іх закопвалі ў ямкі, адкопвалі пад Вялікдзень. Дзеці чакалі Вялікадня, валачобных, пасак, шарой ранэты. Паўмірала тая Заказанка, павымярзалі тыя садкі. Цяпер усюды чырвонабокія салодкія таварныя яблыкі родзяць. А ты зноў і зноў едзеш у Эўропу, бо там столькі нагадвае табе пра краіну, якой няма.

 

Цэляфанавы пакецік

Плаці ты басяку мільёны, у яго з задняй кішэні штаноў усё адно будзе тырчаць цэляфанавы пакецік. Вось як у расейскага дэпутата Думы М., што гаворыць у спадарожнікавы тэлефон.

 

Страсбург і Менск

У Страсбургу нідзе на вочы ня кідаюцца патрулі. У Менску мянты паўсюль, а праўды няма нідзе.

Страсбурскія вуліцы — Вуліца Рынку малочных парасятаў, Вуліца Сірочы роў, Тупік Садка з ружамі. І вуліца Вальтэра Бэн’яміна: сярод нейкіх складоў, крывая, ніводнага людзкага дому. Толькі тры грабы шумяць. Так дажываў, такая і вуліца.

Грабы, дарэчы, раней былі звыклым дрэвам для Берасьцейшчыны і Піншчыны. Цяпер толькі ў пушчы засталіся. Бо на добрай зямлі расьлі, цяпер пад палі ўсё павысякалі. А расьліннасьць, характэрная для грабавых лясоў, захавалася. Грабаў няма, а кветкі й былінкі, што прывыклі пад грабамі расьці, выжылі.

Калі палітыку ў дзяцінстве бракавала бацькоўскай любові, ён усё жыцьцё несьвядома прагне любові народнай. Ён хоча, каб яго любілі. Няма горшага для дзяржавы дзеяча, чым той, што ўсім ахвяруе за народную любоў, бо ён увесь час дзейнічае насуперак рэчы паспалітай, агульнаму дабру.

 

Duty Free Shops

Беларусы наведваюць бязмытныя крамы, нібы гэта магазіны спажывецкай каапэрацыі, у якіх купляць можна адно алькаголь.

 

Нэгры і расісты

Калі славянскія расісты, звычайна бледныя і пархатыя, трапляюць у Эўропу, найбольш іх дратуюць эўрапейскія нэгры, сытыя і чыстыя, хаця і спадчынна мутнавокія. Мы, маўляў, белыя, а ня маем грошай на пінжак, а гэтыя нігеры...

 

Еврей

Карэспандэнт РІАН пытаецца ў Зюганава: «Ці можна лічыць асуджэньне палітыкі НАТО адабрэньнем палітыкі Мілошавіча?» Рэпліка з задніх радоў на ўсю залю: «От еврей, а!»

 

Асінскі

РІАН, ранейшае АПН, — агенцыя, створаная адным нашым усемагутным ведамствам з трох літараў. Быў у Менску такі журналіст Асінскі, працаваў, працаваў, а пасьля яго журналістам у Нямеччыну перавялі. Во. А цяпер ён рэдагуе газэту «Белоруссия».

 

Як твая доля

Мужчына без нагі паўзе пераходам ля вакзалу нагамі наперад. На здаровай назе толькі шкарпэтка. Ды й праўда, навошта яму боты?

Тры п’яныя і апушчаныя глуханямыя, мужык і дзьве бабы, спрабуюць прарвацца ў мэтро а палове на першую ночы: азызлыя, уродзкія твары, недалужныя, дробныя, кульгавыя целы. Кантралёрка крычыць: «На мэтро грошай ня маеш, а зь якога горла водку піць, добра знаеш», — але ўрэшце прапускае. Стаяць глуханямыя на пляцформе, крычаць на мігах адзін адному. Крычаць, крычаць, ажно баба дыбае да люстра, што ў мэтро стаіць, глядзіцца, прыгладжвае тлусты каўтун.

Стары, апрануты ў досыць прыстойны зялёны пінжак, што былі модныя гадоў пяць таму (і на ліцо партработнік), мые пляшкі ў калюжы пасярод дарогі ў дварэ за тым домам на плошчы Перамогі, на якім гарыць «Подвиг народа». «Мэрсэдэсы» і «БМВ» мясцовых жыхароў аб’яжджаюць яго, а ён і вухом не вядзе. Тутсама ў дварэ пункт прыёму шклатары ад крамы «Дыянісій».

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0