Беларусь мяжуе сама з сабой
На вуліцах Менску я апытаў 50 маладых людзей ва ўзросьце ад 16 да 25 гадоў. Я задаваў адзінае пытаньне: зь якой колькасьцю краінаў мяжуе Рэспубліка Беларусь? Толькі сем юнакоў правільна адказалі адразу і ўпэўнена:
— Літва, Латвія, Расея, Польшча, Украіна — пяць.
Але зазвычай называлі то шэсьць, то чатыры і нават тры:
— Польшча, Украіна, Расея.
— Тры-чатыры.
— Пяць: Расея, Украіна, Польшча... Ну, напэўна, і ўсё.
— З трыма: Расея, Украіна, Польшча... яшчэ там нешта.
— Тры: Расея, Украіна, Югаславія.
Апошні адказ ня быў унікальным. Гэта сьведчыць ня толькі пра актуальнасьць балканскіх падзеяў для беларускай моладзі. Рэч у тым, што ня ўсе маладыя беларусы разумеюць сэнс слова мяжа:
— Як мяжуе? Польшча... Я ня ведаю, што акрамя Польшчы яшчэ. Літва, можа... Ну, Расея.
Не для ўсіх слова мяжа мае звычайны геаграфічны альбо палітычны сэнс. Мяжа – гэта калі сябруем, ці варагуем? Можа ў гэтым непаразуменьні прычына таго, што адныя забываліся назваць Расею, як, напрыклад, сяржант унутраных войскаў:
— Ня ведаю... Украіна, Польшча, Літва, Латвія... Што там яшчэ? Усё.
А іншыя называлі толькі Расею:
— З адной: Расея.
Часьцяком забываліся ня толькі на Расею. Таксама на Польшчу, Літву і Ўкраіну. Але найбольш «пацярпела» Латвія. Пра нашую паўночную суседку забыліся дзесяць зь пяцідзесяці рэспандэнтаў. На адной з лаваў, да якой я падыйшоў з пытаньнем, разгарэлася цэлая спрэчка наконт таго, ці мяжуе Латвія зь Беларусяй...
Ці мусіць увогуле грамадзянін любой краіны ведаць усе краіны-суседкі? Калі так – у чым тады ўнікальнасьць беларускай сытуацыі?
— Я ведаю, з колькімі краінамі мяжуе Нямеччына — з шаснаццацю... А Беларусь — каля таго. З геаграфіяй у мяне было слаба ў школе. Ня ведаю. Не цікава.
Магчыма, старакацень адказаў вынікае з рознасьці геапалітычных арыенціраў кожнай асобы. Адзін езьдзіць да сваякоў ва Ўкраіну, другі — да сяброў у Піцер, трэці — па тавары ў Польшчу, у іншага старэйшы брат ганяе машыны зь Літвы, а ў таго бацька служыў у рыскім параходзтве... Вось і ўся геаграфія, і школа тут ні пры чым. Літоўцы, пакуль не зьявіўся Лукашэнка, таксама доўга не маглі зразумець, з кім яны мяжуюць на поўдні: з Расеяй ці не зусім Расеяй. Але ж, урэшце, беларуская дзяржаўнасьць набыла хай сабе і выродлівыя, але больш-менш выразныя, прынамсі, для суседзяў, формы. Калі для беларусаў форма ўласнага дзяржаўнага йснаваньня акрэсьліцца і стане зразумелай, вернецца панятак дзяржаўнай мяжы, і тады суседзі зьбяруцца ў поўным складзе.
Севярын Квяткоўскі