«Суседзяў не выбiраюць...»

 

Звыклае выслоўе набывае фатальны сэнс, калi гаворка ідзе пра суседнiя краiны. Як далёка можна зайсьцi ў манiпуляцыі геаграфiчнымi паняткамi, відаць на прыкладзе iмпартаванага з Расеi выразу «блiзкае замежжа», якiм пазначаная постсавецкая прастора. Атрымлiваецца, што для беларуса Таджыкiстан гэта «блiзкае замежжа», а Польшча — «далёкае». Пасьля гэтага ўжо няцяжка пераканаць у тым, што наш сусед — Югаславія, якая ляжыць аж за трыма межамi на поўдзень ад Беларусі.

…У Вячаслава Адамчыка ў кнiзе «Чужая бацькаўшчына» ёсьць эпізод пра тое, як заходнебеларускiя сяляне чытаюць газэту. «Iталiя захапiла Альбанiю, вайна будзе». «А дзе тая Альбанія, да нас, можа, і ня дойдзе». Наіўна, але слушна: Балканы – гэта вельмi далёка. I сёньня блiжэйшыя яны ня сталi…

Далейшаю стала Латвiя. Яна нам «больш не сусед», бо iмкнецца ў ЭС i NATO. Мiж тым, кавалак мяжы з Латвiяй у Верхнядзьвiнскiм раёне — самы стары з усiх нашых межаў, усталяваны яшчэ ў 1924 годзе. З Латвiяй суседзяць яшчэ два раёны Беларусi: Браслаўскi і Мёрскi. Але нiхто пэўна не адкажа, колькi ж кiлямэтраў цягнецца гэтая самая старая зь беларускіх межаў. Янка Запруднiк у сваiм «Гiстарычным слоўнiку Беларусi», якi нядаўна выйшаў у Лёндане, скарыстаўся афіцыйнымі зьвесткамі беларускага Ўпраўленьня геадэзіі й картаграфіі, і падае лiчбу ў 143 км. На розных сайтах у Iнтэрнэце фiгуруе лiчба 141 кiлямэтар, а на запыт у Латвiйскім пасольстве ў Менску мне назвалі лічбу 157. Розьнiца нiбыта нязначная, аднак...

Разнабой у зьвестках пра кілямэтраж назіраецца і з усімі астатнімі беларускімі межамі. Пра Літву Ўпраўленьне геадэзіі й картаграфіі падае лiчбу 462 кiлямэтры. У iнтэрнэтаўскiх даведнiках — 502. Дзяржаўны лiтоўскi сайт называе 724 км. А прадстаўнік Лiтоўскага пасольства ў Менску — 650. Найбольш дакладнай выглядае інфармацыя літоўскага Дэпартамэнту памежнай паліцыі — 651,7.

Ну, няхай не пералiчылi пакуль дэмаркацыю зь Лiтвою. А што ж з Польшчай, мяжу зь якой, калi верыць паданьням, пад лінарку правёў Сталiн? Гэта, мiж iншым, самая «маладая» мяжа Беларусi, вызначаная толькi ў верасьнi 1944 году. Дык вось жа i тут, зь нядаўняй мяжой СССР, пэўнасьцi няма. У беларускіх картографаў, як і ў ангельскiм слоўнiку Запруднiка, падаецца лiчба 399 кiлямэтраў. У Iнтэрнэце гэтая лiчба павялiчваецца ледзь не ўдвая, да 605 кiлямэтраў! Давялося затэлефанаваць у Варшаву, у дзяржаўны Дэпартамэнт статыстыкi, дзе мне прапанавалi iншую, ужо трэцюю лiчбу — 416 кiлямэтраў.

Лiшне казаць, што мяжа з Украiнаю, па палескiх лясох ды балотах, наогул няпэўная. У афіцыйных беларускіх крыніцах яна складае 975 кiлямэтраў. Iнтэрнэтныя даведкi падаюць лiчбу 891.

Затое вайсковы аташэ Ўкраiны ў Менску заявiў, што яны зыходзяць зь лiчбы 1037 кiлямэтраў.

Пры ўсёй заблытанасьці самай даўжэзнай застаецца наша мяжа з Расеяй. Паводле Ўпраўленьня геадэзіі й картаграфіі яна цягнецца на 990 кiлямэтраў. Калi верыць Iнтэрнэту, расейская мяжа ў нас нават меншая — 959 кiлямэтраў. А вось жа прадстаўнiк вайсковага аташэ з расейскае амбасады ў Менску запэўнiў, што яны ў разьлiках кіруюцца лiчбаю 1239.

Беларускія картаграфія й статыстыка не карэктаваліся з савецкіх часоў, таму афіцыйныя зьвесткі насамрэч хібныя. За апошнія гады адбываліся новыя дэмаркацыі межаў новых дзяржаваў. Марна шукаць дакладную iнфармацыю пра межы Беларусi ў беларускiх энцыкляпэдыях. Яе там няма... У СССР яна была «сакрэтнай» і дадаткова скажалася, каб яе ня ведалі «ворагі», а ў РБ да гэтага не даходзяць рукі. Сёньня нашыя межы за нас вызначаюць нашыя суседзi.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0