«Безыменнае паўстаньне»

 

Гутарка з гісторыкам Генадзем Сагановічам пра паўстаньне 1831 году:

— Генадзь, з трох найбуйнейшых антырасейскіх паўстаньняў 18-19 ст. два замацаваліся ў сьвядомасьці публікі імёнамі правадыроў — Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага. Магчыма, дзеля гэтага пра тыя паўстаньні і болей вядома, яны лягчэй затрымліваюцца ў памяці жывымі вобразамі. Якім імем можна было б акрэсьліць паўстаньне 1831 году ў беларускай гісторыі?

— Паўстаньню 1831-га фатальна бракавала адзінага лідэра. Інсургенты дзейнічалі па паветах аўтаномна і разрозьнена. Паўстаючы, кожны павет ствараў свой паўстанцкі камітэт, зьбіраў войска і ставіў свайго камандзера. Акцыі не былі ні скаардынаванымі, ні адначасовымі. У паўночна-заходняй Беларусі дзейнічалі аддзелы Радзішэўскага, Барткевіча, Важынскага, у Наваградзкім павеце паўстанцамі кіраваў Кашыц, у Пінскім – Пуслоўскі, на Мазыршчыне – Кеневіч, у Белавескай пушчы – Ронка ды іншыя. Агульны Часовы паўстанцкі ўрад быў утвораны толькі ў чэрвені, і Тышкевіч, які яго ачоліў, зусім не зьяўляўся лідэрам. Роля ж такіх паўстанцаў, як вядомы гісторык Міхал Балінскі, пісьменьнік Ян Ходзька, мастакі Напалеон Орда і Вікенці Дмахоўскі, не настолькі істотная, каб зь іх імёнамі атаесамляць увесь рух. Не надаецца тут і яркая постаць праслаўленай гераіні тых дзён Эміліі Плятар. Думаю, паўстаньне 1831 г. так і застанецца ў нашай гісторыі «безыменным»...

 

— Такім чынам, гэтае пытаньне застаецца адкрытым. Гэтаксама як і пытаньне пра тое, ці залежыць наш інтарэс да гістарычнай падзеі ад таго, як яна называецца. Наступнае пытаньне — пра бітвы 1831 году і пра маштабы чалавечых стратаў.

— Паколькі сілы інсургентаў заставаліся разрозьненымі, дык паўстаньне стала своеасаблівай «малой вайной» — сэрыяй лякальных бітваў і сутычак з расейскім войскам. І калі ў красавіку яны часта перамагалі, дык потым усё больш саступалі перасяжным сілам карнікаў. Згадаю тут бітву пад Аўсянішкамі ля Вільні 20 красавіка, бітву ашмянскіх паўстанцаў з генэралам Атрошчанкам пад Вішневам 23 красавіка, бітву пад Румам на Ашмяншчыне 29 красавіка, бітву пад Глыбокім 15 траўня, а таксама бітву над ракой Ганьчай 28 і пад Лідай 31 траўня. Цяжкой была сеча пад Мазыром 11 чэрвеня. Адным з самых крывавых стаў міжбой аддзелу Пуслоўскага з рэгулярным расейскім войскам пад Невелем (на Піншчыне) 8 жніўня, у якім з тысячы інсургентаў палегла амаль палова. Але вырашальнай і, думаю, найбольш стратнай была бітва за Вільню 19 чэрвеня на т.зв. Панарскіх гарах. У ёй упершыню аб’яднана выступілі інсургенты шэрагу паветаў, а таксама польскае войска, прысланае на падмогу. На жаль, паўтарыць трыюмф 1794 г. гэтым разам не ўдалося. Паўстанцы мусілі адступаць, і гэтая параза падкасіла дух усяго руху.

 

— Наўрад ці існуе статыстыка чалавечых стратаў за ўсё паўстаньне. Верагодна, такі ўлік вёўся ў расейскім рэгулярным войску. Што да паўстанцаў, дык вядома, што яны хавалі свае страты і імёны палеглых інсургентаў, каб пасьля не падстаўляць пад рэпрэсіі іхныя сем’і. Падобную сытуацыю, толькі ў іншым часе, апісаў у аповесьці на «Чорных лядах» Васіль Быкаў... Наступнае пытаньне датычыць нацыянальнае прыкметы паўстаньня 1831 году, якое найчасьцей называюць у нас «польскім». Скажы, калі ласка, Генадзь, як ахарактарызуеш яго ты, беларускі гісторык — з гледзішча Беларусі як суб’екта гісторыі?

— Паўстанцкі рух на абшарах былога Вялікага Княства разьвіваўся дастаткова незалежна ад Польшчы. Ён ахапіў практычна ўсе беларускія губэрні і доўжыўся тут з красавіка па лістапад 1831 г. За гэты час на нашых землях у ім брала ўдзел 15 тысяч чалавек. Аналіз складу ўдзельнікаў паказвае, што гэтае паўстаньне не выпадае лічыць ні адно польскім, ані толькі шляхецкім. Так, шляхта зьяўлялася галоўнай сілай, але ў паўстаньні ўдзельнічалі ўсе станы, зь якіх асабліва ўражвае адсотак сялян: мужыкі-касінеры склалі больш за чвэрць усіх інсургентаў. Рэшта – гэта каталіцкія і ўніяцкія сьвятары, габрэі, мяшчане, студэнты. Так што рух быў фактычна народным.

Застаецца згадаць ідэі, якімі паўстанцы кіраваліся. Іх адозвы заклікалі люд «брацца за зброю, каб здабыць Айчыну і свабоду», дамагацца «вольнасьці і роўнасьці па праве». Пад «вольнасьцю» разумелася вызваленьне ад расейскай акупацыі, пад «правам» – законнасьць, традыцыя, справядлівасьць. Так, асноўнай мэтай барацьбы было аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., але гэта азначала – і ВКЛ як яе суб’екта: ліцьвіны раўніва бераглі самастойнасьць сваёй дзяржавы ў Рэчы Паспалітай, якая, памятайма, была зусім ня Польшчай. А ў дзяржаўнасьці Вялікага Княства ўвасабляўся сувэрэнітэт і беларускага народу. Таму з гледзішча нашае гісторыі паўстаньне 1831 г. ёсьць несумненна важнейшым этапам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. І з усіх трох, бадай, найменш вядомым...

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0