БІБЛІЯТЭКА


 

Народныя паэты і народная паэзія

 

 Николай Герасимик, Полесский мёд, Минск, 1998 г, — 62 стар., 1000 ас.

Сапраўдныя нaродныя паэты нічога агульнага ня маюць з тымі творцамі, якім такое званьне надаюць афіцыйна. Я думаю, што наяўнасьць або адсутнасьць народных паэтаў у віры жыцьця — варты даверу паказчык жыцьцёвай сілы ці, можа, калярыту існаваньня народу. Ісляндцы, купачка народу, якіх і цяпер усяго пара соцень тысячаў, яшчэ ў тыя часы, калі рэшта Эўропы ня тое што пісаць ня ўмела, а і аборай хлеб краяла, змаглі стварыць магутную літаратуру, якая дасюль лічыцца адной зь вяршыняў сусьветнай культуры. Імёны паэтаў, што склалі ісляндзкія сагі, невядомыя. Гэта былі народныя паэты.

Калі верыць Лакснэсу — а ня верыць яму няма ніякай падставы — то скальды (народныя паэты) і цяпер сустракаюцца ў Ісляндыі таксама часта, як, прыкладам, авечкі.

Вы можаце не паверыць мне, але народныя паэты сустракаюцца ў Беларусі з той самай часьцінёю. Праўда, авечак у Беларусі ў шмат разоў менш, чымся ў Ісляндыі. А людзей у столькі ж разоў больш, у колькі менш авечак. Таму і пра беларускія сагі нештачка не чуваць. Але народныя паэты ўсё ж ёсьць, і гэта ўсьцешвае.

Вось што я знаю пра некаторых зь іх.

Жыў у нашай Заказанцы такі Саўка Карнялюк, у маладыя гады, казала бабуля, вылучаўся ён тым, што ўмеў складна гаварыць і што ўсё нешта «шаптаў» ды вывешваў на дубе ля выгану паперкі зь вершамі. Байцоў чырвонай арміі ў 1939 годзе ён вітаў зь вершам на вуснах:

Били, били пани нас,
Жити не давали,
По Ойчині ми не раз
Сльози проливали.

Сталін двери нам одкрив,
Нашому народу,
Діткам школи одчинив,
А старим — свободу.

Мужыкі беглі да тых цыдулак наўздагон — папера была патрэбная на самакруткі, а было яе няшмат. Саўка зьведаў тыповы для паэта трагічны лёс — пры чаканых саветах, агледзеўшыся, стаў заўзятым аднаасобнікам з усімі адсюль наступствамі; сына расстралялі ў вайну тыя ж саветы як дэзэрціра з фронту. На маёй памяці ён, стары, сагнёны, у саламяным брылі цягаў з балота возікі зь вішай. Але ў калгас ня йшоў. Таму й пэнсіі яму не плацілі. Ягоных вершыкаў нас навучыла наша бабуля.

Другая сустрэча з творчасьцю сучаснага мне народнага паэта адбылася пазьней. Тата, які ў гады майго юнацтва працаваў у нейкай сельскагаспадарчай установе, з чарговай камандзіроўкі прывёз верш, які пачуў у Крытышыне ад агранома, і запісаў. Ён пачынаецца так:

Вік од віку сохою горали
І косили траву-осоку,
Жали серпом, в снопочки в’язали
Слали рівно його на току.

Важкім ціпом його довго били,
Аж пекли мозолі на руках,
На печі тое зерне сушили
І жорнами мололи в руках.

Помитаю, як вносила мати
Діжку в хату зробити заміс,
Мене клала на запичку спати,
Шоб до тіста з руками не ліз...

Верш спадабаўся і аграному, і тату, і мне, але імя аўтара ні тата, на аграном ня ведалі. Я праз многа лет пабачыла, што верш належыць Сяргею Мысаўцю (ужо нябожчыку), які працаваў брыгадзірам у вёсцы Місткі Драгічынскага раёну, і называецца «Баляда хлебу». Пабачыла я і як старыя людзі плачуць за апошнімі радкамі гэтага вершу:

Їсти хліба — смачній, ніж поспати,
І за бавинки всі веселій...
Бачу й зара ше батька і хату,
маму, піч, свіжий хліб на столі.

Пасьля ў газэце «Збудінне» я вычытала цудоўную «Песьню пра тое, як забілі камуністы Беленькага сына» (аўтар, на жаль, невядомы, бо пад акупацыяй за такі верш пагражаў расстрэл), сказ пра маладога партызана, якога з рэўнасьці загубіла дзяўчына, якой ён не заўважаў. Яна высачыла, калі ён прыйшоў да сваёй любай, і даказала гэбістам, дзе ён начуе.

Пра скальда Каляску пачула ад журналіста «Звязды» Валера Каліноўскага. Жыў гэты скальд у ваколіцах Моталя яшчэ дзесяць гадоў таму, бамжаваў, хадзіў ад вёскі да вёскі (ах як гэта нагадвае малявальніцу дываноў Алену Кіш, творы якой уваскрасіў цяпер ужо сам нябожчык, зямля яму пухам, Міхась Раманюк!), чытаў свае вершы ды апавяданьні, за што гаспадыні яго кармілі, а гаспадары дзяліліся табакай. Знаходзіліся людзі, што запісвалі за ім, і далей у яго сачыненьняў пачыналася самастойнае жыцьцё — у сьпісах яны вандравалі паміж тымі ж вёскамі, дзе хадзіў Каляска, і нават там, дзе не хадзіў. Валер чытаў яго аповедзікі, кажа — простыя й адточаныя гадамі і вякамі…

Пра гэтых людзей, пра народную паэзію мне ўспомнілася, калі ў рукі трапіла кніжка Мікалая Герасіміка. Ягоны верш я ўпершыню сустрэла ў 1989 годзе ў рамантычных «Балесах Полісся»:

Я люблю заблудитись в росах
З полишучкою в літню ніч
І заплутатись в м’ятних косах,
Политіти з душою впріч.

Ёсьць нешта сымпатычнае ў непрафэсіяналізме. Маю на ўвазе ня той агідны непрафэсіяналізм, калі чалавек робіць справу, за якую атрымлівае грошы, абы адчапіцца, як не сваімі рукамі. Маю на ўвазе непрафэсіяналізм таго кшталту, калі прыкладам, прафэсійны пчаляр Герасімік, прадаўшы мёд, вяртаецца з базару дадому і запісвае такія радкі

У пчеловода пир горой:
Пришел из города домой,
Колбаски, пива, торт купил,
«Столичной» водки не забыл.
Пришли друзья из хуторов,
Соседи из других дворов,
Одетые, с подарками
И с женами, с доярками.

Або так:

—Зачем, — спросил меня сын, —
Скажи,
Выдумали люди ножи?..
Фильм смотрел я недавно с другом,
Люди резали там друг друга…
И сын продолжает вновь:
—На ножах оставалась кровь…
Папа,
Ты ведь большой, скажи,
Зачем выдумали ножи?

Хібы гэтых радкоў з гледзішча кабінэтнай паэтыкі навідавоку, але якія цёплыя, знаёмыя карціны яны малююць! Якія блізкія яны да духу побыту тых людзей, чыё жыцьцё не назавеш ні гарадзкім, ні бясплённым. Асаджэньне пчалінага рою, восеньскае паляваньне на лісаў, размовы з жонкай, зварот да сына, думкі пра дачку, а яшчэ — таямнічае каханьне, што бянтэжыць, але не даецца забыць, — гэта тэмы вершаў Мікалая Герасіміка.

Думаю, адлюстраваньне такіх тэмаў — сьведчанне багатага духоўнага жыцьця аўтара. Думаю, гадоў дзесяць-пятнаццаць таму ягоныя вершы мелі ўсе шансы быць перапісанымі ад рукі і хадзіць у сьпісах сярод вясковых дзяўчат (а мо й цяпер?). Дзяўчаты не зьвяртаюць увагі на недахопы і ляпы, бо расейскай мовай валодаюць яшчэ меней, чым паэт. Цяпер перапісваць вершы ад рукі сэнсу няма: прагрэс выдавецкіх тэхналёгіяў зрабіў цалкам магчымым выданьне сьціплай, без прэтэнзіяў, кніжкі, якую змогуць прачытаць усе, хто схоча. Паэт выказаўся.

Наагул, адзінае, што псуе цёплае пачуцьцё ад вершаў Герасіміка — гэта іх расейскамоўнасьць. Здаецца, на ўкраінскай паэт піша больш цэльна, бо няма таго разрыву паміж чысьцінёй вобразаў і зроку ды калькаванай, нясвойскай мовай, на беларускай — больш выкшталцона. Падзякаваўшы за прыемныя хвіліны, праведзеныя за чытаньнем, хочацца выказаць спадзеў, што, як і абяцае паэт, гэта апошняя ягоная кніжка па-расейску.

Наталка Бабіна


 

Гісторыя, архівы й справаводзтва

 

Архівы й справаводзтва. Навукова-практычны ілюстраваны часопіс. 1999. № 1, 2

Часопіс «Беларуская мінуўшчына», згубіўшы каляровыя ілюстрацыі й пэўную схільнасьць да дылетанцтва, у нейкім сэнсе ўваскрос пад назвай «Архівы й справаводзтва» (галоўны рэдактар Сьвятаслаў Асіноўскі). Шкада «Мінуўшчыны», беларускай гістарыяграфіі яе будзе не ставаць. Але цяпер напэўна вядома, што нам не ставала й «Архіваў і справаводзтва», афіцыйнага органу Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводзтве, Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту дакумэнтазнаўства й архіўнай справы і ўсё таго ж акадэмічнага Інстытуту гісторыі. Назва часопісу неяк падманвае чытача: быццам палова выданьня — гэта пра архівы, а другая палова — пра папяровыя справы. Папраўдзе ж, першая палова — пра гісторыю.

Як часопіс выйшаў з нэтраў архіўнага ведамства, дык гісторыкі на яго старонках зыходзяць ад канкрэтнага факту, ад дакумэнтаў. Гістарычныя працы набываюць канкрэтнасьці, але крыху губляюць у шыраце погляду на рэчаіснасьць. Ну, для таго на Беларусі ёсьць іншыя гістарычныя часопісы. Горш, калі гістарычныя працы пішуцца з ідэалягічнымі лёзунгамі ў якасьці пункту адліку. На жаль, і такія часопісы ёсьць. «Абавязковымі для аўтараў зьяўляюцца спасылкі на архіўныя й іншыя крыніцы», — гэты лёзунг рэдакцыі трэба вітаць. Цікава, як ён будзе стасавацца з проста супрацьлеглым дырэктывай нашых архіваў, якія зь сёлета запатрабавалі ад наведнікаў не даваць у друку дакладных спасылак на шыфры архіўных дакумэнтаў. Сваё выйсьце з тупіку прапанаваў Ігар Валахановіч, які сьціпла падпісаўся «супрацоўнік архіву КГБ РБ». Яго артыкул «Падпольле АУН на тэрыторыі Беларусі ў 1944--1952 гадах» утрымлівае 17 спасылак, ажно 14 зь якіх выглядаюць так: «Архіў КГБ РБ». Маўляў, там заўсёды можна спраўдзіць — жартуе аўтар. А праверыць ёсьць што. Напрыклад, на с. 19 гаворыцца, што пад час адной апэрацыі супраць антысавецкага падпольля на Берасьцейшыне й Піншчыне, якая праводзілася з 15 студзеня па 20 лютага 1945 году, савецкія войскі й сілы КГБ атачылі 839 населеных пунктаў, абшукалі 48 479 двароў, праверылі 165 137 чалавек, прачасалі 12 тыс. кв. км лясоў і балотаў. У выніку разрамілі 33 узброеныя групы, забілі 98 і арыштавалі 3808 чалавек. А на с. 20 канстатуецца, што за 1943—53 г. усяго ў Беларусі арыштаваная толькі 1282 украінскія нацыяналісты.

Прыхаваў архіўны шыфр дакумэнту й дасьледчык зусім іншага пэрыяду нашай мінуўшчыны — Яўген Анішчанка ў сваёй цікавай публікацыі невядомага раней дзёньніку апошняга сойму Рэчы Паспалітай 1793 г. Не далі пры публікацыі і шыфру дзёньніку нямецкага санітара Рудольфа Каспэра за 1943 г. Зьміцер Яцкевіч працягвае сэрыю матэрыялаў пра радаводы найбольш слаўных людзей беларускай зямлі, гэтым разам пра Адама Ганорыя Кіркора й Яўстафія Тышкевіча (цудоўная абяцае выйсьці кніга). Але й тут ніводнай спасылкі. Сум ад такой карціны разьвейвае толькі Алесь Смалянчук, які надрукаваў разам зь іх дакладнымі «адрасамі» колькі лістоў археоляга Юзафа Ядкоўскага, якія ён даслаў у 1914—1915 г. іншаму археолягу — Вандаліну Шукевічу. Лісты зьберагаюцца ў Варшаве, там дакладнасьць сапраўды шануюць.

З артыкулаў, напісаных не на архіўных матэрыялах, часопіс зьмяшчае публікацыі Сяргея Рассадзіна пра плямёны Ўсходняй Эўропы часоў Герадота й працы Вячаслава Чамярыцкага пра беларускія летапісы. Шмат ёсьць пра гісторыю архіваў — гэта публікацыя Андрэя Рыбакова пра дзяржаўны архіў Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ ст., нарысы Міхася Шумейкі й Сяргея Жумара пра Віленскую археаграфічную камісію й пра выбітнага архівіста Зьмітра Даўгялу. Ёсьць крыху пра іншыя гістарычныя сюжэты. Некалькі старонак — пра новыя кнігі й дысэртацыі па гісторыі, пра канфэрэнцыі й нарады, пра гістарычныя памятныя даты. Увогуле, «гістарычная дзялянка» часопісу вельмі шырокая і, здаецца, будзе ахопліваць усе перыяды гісторыі. Кожны знойдзе сваё.

Другая палова выданьня — пра справаводзтва. Яно ў Беларусі вядзецца вядома на якой мове, таму й гэта частка матэрыялаў на той самай «казённай» (ва ўсіх сэнсах) мове. Часопіс вучыць установы, як правільна весьці дакумэнтацыю, друкаваць блянкі, пісаць найменьні ўстановаў. Апошняе сапраўды цікава. Хто мае права на вялікія літары? Прапануецца пісаць «Савет Міністраў», але «Нацыянальны сход», «Палата прадстаўнікоў». Адразу бачна, хто галоўны. Усе суды — гэта «Суды». Усе цэнтральныя органы Саюзу Беларусі й Расеі (за выняткам небаракі Мытнага камітэту) маюць гонар пісаць зь вялікай літары кожнае слова ў сваім найменьні («Парлямэнцкі Сход» — гэта не беларускі «Нацыянальны сход»). Усе цэнтральныя органы Садружнасьці Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расейскай Фэдэрацыі маюць тое самае права. Яго ня мае ніводны цэнтральны орган СНГ. Але, майстэрства вялікіх літар — гэта сапраўднае мастацтва.

Зь першага нумару часопіс пачаў публікаваць матэрыялы па вядзеньні й захаваньні электроннай дакумэнтацыі. Дасьць Бог, дзякуючы часопісу, дажывем да таго часу, калі пачне выходзіць і электронная вэрсія саміх «Архіваў і справаводзтва».

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0