Ад ліпеня «НН» стане штотыднёваю

 

Ад першага ліпеня «Наша Ніва» будзе выходзіць кожны тыдзень. Аформіўшы падпіску, вы будзеце атрымліваць газэту ня два, як раней, а чатыры разы на месяц. Газэта будзе заставацца найвярнейшым люстэркам жаданьняў і патрэбаў беларускага народу.

Усё беларускае пачыналася з «Нашай Нівы». Ад самага стварэньня ў 1906 годзе штотыднёвая газэта была галоўнай трыбунай палітыкі, гаспадаркі, літаратуры, навукі. З «Нашай Нівы» ішла дарога Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Зьмітра Жылуновіча, Антона Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага. Але галоўнае, яна была голасам людзей з усёй Беларусі і Літвы. Спыніла выхад газэты першая сусьветная вайна. У 1920 годзе выданьне спрабавалі зноў распачаць, але здолелі выдаць толькі дзевяць нумароў.

У 1991 годзе «Наша Ніва» была адноўленая ў Вільні, у калысцы беларускай ідэі і беларускай сучаснасьці. Вы трымаеце ў руках ужо сто трыццаць першы нумар газэты. Усе гэтыя гады яна жывілася й жывіла тым беларускім духам, які ня быў выкрыўлены й перакручаны саветчынай і расейшчынай, зьвязвала разарваныя ніці, ткала новую аснову. Яна адразу стала больш чым газэтай — кропкай пачатку каардынатаў, чыстым жаданьнем, гіпэртэкстам на паперы, жывым целам культуры. Падзеі дзесяцігодзьдзя рабілі краіну больш самастойнаю, але яшчэ не зрабілі больш беларускаю. Беларусь мянялася, газэта заставалася.

У 1996 годзе, на дзевяностым годзе свайго існаваньня, 1 сакавіка, «Наша Ніва» пераехала ў Менск. Тады пачалася менская вясна змаганьня за незалежнасьць. Мы ішлі поруч з тымі, хто верыў і рабіў, і заўсёды займалі ясную пазыцыю, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў Беларусі і прадстаўляючы думку беларускай інтэлігенцыі.

 

Панядзелак з «Нашай Нівай» будзе адкрываць кожны тыдзень. Пачынаецца новае беларускае стагодзьдзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0