Памёр Міхась Біч

Міхась Восіпавіч Біч ( 27.05.1937—17.05.1999)

Памёр Міхась Біч... Тыдзень, як ня стала нашага настаўніка, калегі, паплечніка, а звыкнуцца з гэтым, ну, няможна. Па-ранейшаму, ідучы раніцай у інстытут, так хочацца ўбачыць дзьверы ягонага пакою прачыненымі, пачуць таропкія крокі ў калідоры. Але вусьцішная ціша няўмольна цьвердзіць: Міхася Восіпавіча больш няма... Зусім жа нядаўна размаўлялі па колькі разоў на дзень. Абгаворвалі новыя кнігі, плянавалі сваё, абураліся нахабствам ідэолягаў ад гісторыі. Помню, як ён адклаў усё і старанна вычытаў першую карэктуру рэцэнзіі на «зялёную гісторыю» для «Беларускага гістарычнага агляду», прасіў абавязкова даць і другую. А колькі ж хацеў яшчэ зрабіць! Сапраўды ахвяраваўся справе і працаваў надзвычай шмат, не пакідаючы працоўню нават па выходных. Непаўторная ўсьмешка ўсё радзей асьвятляла стомлены твар. Так і згарэў у працы...

Для нашай гістарычнай навукі гэта страта наколькі раптоўная, настолькі й непапраўная. Гэта быў ня проста выдатны вучоны і арганізатар навукі, які аддаў Інстытуту гісторыі трыццаць восем гадоў жыцьця. Беларусь мела ў ім лепшага знаўцу нацыянальна-вызвольнага руху і пасьлядоўнага стваральніка беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Ён першы распрацаваў прынцыпы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі, публічна выступіў зь імі і адстойваў да апошняга дня. Чалавек высокай маралі і грамадзянскай мужнасьці, ён стаў нашым прызнаным аўтарытэтам. Не хіліўся пад палітычнымі вятрамі і не ўцякаў ад палітыкі, не дагаджаў вярхам дзеля кар’еры і не шукаў карысьці. Стаяў тут за людзкасьць і беларушчыну, што ўважаў тоесным. Ён быў — і мы, маладзейшыя, адчувалі сябе пэўней. Мы ішлі да яго ўсялякае пары, і кожны мог разьлічваць на дапамогу або параду, ці прынамсі на разуменьне і спагаду. А цяпер... быццам асірацелі...

Бывайце ж назаўжды, дарагі Міхась Восіпавіч...

Г.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0