Славамір Адамовіч

Бытавуха-4

 

Сны

І.

Зьвярзлося, што зуб у мяне з роту вываліўся. Я на стол пісьмовы паклаў яго, шкадую і дзіўлюся, чаму гэта болю няма.

А тлумачэньне сну простае — заснуў я з мэнтолавым цукеркам на языку.

ІІ.

Сьніцца, халера, што вяду я ўзвод дзяўчат-сямнаццатак. Яны ў мяне ўсе ў чорным, падцягнутыя, з-пад бэрэтаў пшанічка валасоў выбіваецца, а на чырвоным полі нарукаўных павязак наставіла рожкі васьмікутная палеская зорка.

ІІІ.

Прысьніўся Паўлоўскі. Дэталяў ня памятаю, але знак гэта добры, што сьніцца нармальны чалавек.

 

Гешэфты

Літаратар Парахневіч прынёс у «Чырвоную зьмену» стос вершаў. А літаратар Песьнякевіч не сьпяшаецца іх друкаваць. Тады Парахневіч прыносіць бутэльку алкаголю. Песьнякевіч, вядома, усьцешаны, але друкаваць усё роўна не друкуе. Наступны раз Парахневіч ізноў прыходзіць з пляшкай. Так наладжваюцца ўзаеміны паміж пакаленьнямі.

 

Госьць

Анатоль Сыс аднойчы зайшоў з маладзёнам гадоў трыццаці. Не скажу, каб я быў надта ім рады, але ж у пакойчык свой упусьціў. Маладзён з парогу зарасеіў, што почему вы нас ненавидите? Тады наш Паэт прачытаў пра «у расейцаў вочы касыя» і пра «стаю на асфальце, у лыжы абуты...». Але маладзён ніяк не хацеў разумець, чаму мы іх ненавідзім.

Вырашылі зьмяніць тэму — загаварылі пра паэзію. Анатолеў спадарожнік, выпускнік маскоўскага інстытуту літаратуры, прачытаў па-расейску некалькі ўласных тэкстаў. І такая густая «духоўнасьць» зь іх паплыла, што закарцела кульнуць сабе ў вантробы грамаў сто вадкага антысэптыку.

Адстраляўшыся буйнакалібравымі словамі бог, отечество, Христос, мир ды іншымі падобнымі, маладзён паспрабаваў скіраваць нас на тэму Югаславіі і славянскага яднаньня. Калі ж я спытаў, якога ты, чалавек, бога, дзе, як той казаў, радзіўся і хрысьціўся, госьць пачаў разводзіць дэмагагічнае сусло пра тое, што ён, маўляў, проста чалавек. Такі адказ не прайшоў, і ў выніку нашых з Анатолем інтэлектуальна-патрыятычных атак маладзён расказаў, што нарадзіўся ён дзесьці ў падбрушшы Расейскай Фэдэрацыі, у Беларусь пераехаў ужо юнаком, пра «Нашу Ніву» ня чуў, з таварышамі па літцэху асабліва не кантактуе, а жыве на Трактарным, разам з бацькам — беларускім пісьменьнікам S.

 

Пах язьміну

Пасьля выбараў 16 траўня тэмпэратура паветра паднялася. Пацяплела, халады адпусьціліся. Два тыдні мой таварыш змагаўся з Acarus siro, пэцкаючы паясьніцу Benzylbenzoat’ам, але ўсё роўна сьвярбела. Са злосьці сеў пісаць паэму «Убей президента-2», але на раніцу, як толькі сьціх сьверб, прапала і натхненьне.

Вырашаючы праблему зборнай групы членістаногіх атраду акарыформных, купіў яшчэ 30 грамаў дваццаціпрацэнтнай мазі і, папярэдне вымыўшы сваё 37-гадовае цела, нацёр яго выратавальным рэчывам. Потым апрануў сьвежую бялізну, зялёны касьцюмчык і выйшаў у горад. Пайду, думаю, у Саюз пісьменьнікаў, пацікаўлюся, як ідзе прыём Адамовіча ў гэту шаноўную арганізацыю, у якую ён спрабуе ўбіцца з 1990 году. Бадай што, ён і тут усе рэкорды пабіў, а першая рэкамэндацыя, дадзеная колішнім дэканам філфаку А.Лойкам, даўно страціла вартасьць актуальнага дакумэнту і просіцца ў сэйфы Архіву Найноўшай Гісторыі.

Вяртаючыся з гораду, затрымаўся на вахце, каб пазваніць сяму-таму. Вахцёрка Марыя засьвяцілася добрым настроем, прынюхалася і заўважыла, што ад мяне моцна пахне язьмінам. Так моцна, што аж да галавакруту.

— Гэта вясна, — адказаў я, — цяпло, і ў прыватным сэктары забушавалі сады.

 

Сінанімія

Прыбіральня — надзвычай актуальная ўстанова. Таму і назваў мае ў запасе: сарцір, туалет, дабл, ачко, WC, параша, уборная, клязэт...

Халоднымі зімамі сямідзясятых наша сям’я хадзіла на вядро ў сенцах, а то й на газэту — бацька быў паштальёнам. Таму, калі ты скажаш, што хочаш у сенцы, я цябе зразумею, зямляк. Сьвятая справа — справіць патрэбу, асабліва, калі над душой не стаіць вертухай.

 

Сіла

Цябе ж папярэджвалі, а ты злаваўся. Ты казаў сувязному, што не баісься, што ў падпольле ня пойдзеш і хавацца ня будзеш, хоць папярэджвайце, хоць затрымлівайце, хоць закрывайце ў камэру, а хоць бы й парашыце на месцы.

І другі раз казалі табе: не хадзі ў Рэдакцыю дваццаць трэцяга з паўдня — будуць пільнаваць. Ты, што праўда, прыслухаўся да парады, але датрымаць паўзу ня змог. Ледзь толькі пераваліла на восьмую вечара — папхнула цябе сіла невядомая пад кулакі чакальнікаў. І бачыў жа, што стаяць два каля вакна. І чуў, як адзін у другога спытаў: «Этот?» А ты ішоў, быццам цябе гэта зусім не абыходзіла. І толькі ўдар у пераносіцу ды кроў фантанам на імгненьне затрымалі тваю хаду. Заліваючы сябе чырвоным, ты выхапіў з-пад курткі свой дробнакалібравы і зрабіў, што трэба.

Пракурор ня стаў узбуджаць крымінальную справу, жыхароў пад’езду папрасілі не фантазіяваць, а трупы, як не запатрабаваныя роднымі, адправілі ў крэматорый Заходняга кварталу.

 

Перапіска

На мой запыт старэйшаму сьледчаму Мядзельскага райаддзелу міліцыі грамадзянцы Чамко я атрымаў афіцыйны адказ (дакумэнт № А—3 ад 4.05.1999 г.) : «На вашу заяву паведамляю, што дадзеныя папярэдняга рассьледаваньня ў адпаведнасьці з арт. 141 КПК Беларусі ня могуць быць раскрытыя. Таму ніякіх зьвестак па факце допыту мною грамадзянкі Чантарыцкай Ю.П. вы атрымаць ня можаце. Ст. сьледчы Мядзельскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Чамко».

Тое, што работнік сілавой структуры палічыў патрэбным адказаць на грамадзянскі запыт — нядрэнны знак. З такіх узаемінаў і пачынаецца шлях да рэальнага двоеўладзьдзя.

 

Героі і шаптуны

Што, ты думаеш, я пачуў у Менску пасьля красавіцкага выступленьня гарадзенскай моладзі? Думаеш, я пачуў словы ўдзячнасьці, гонару, захапленьня маладымі людзьмі, якія зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў руках прадэманстравалі волю беларусаў да барацьбы за незалежнасьць? Не, я пачуў любімае слова худасракіх палітінтрыганчыкаў — правакацыя. Аказваецца, беларускія хлопцы запалілі паходні ня там і ня ў час. Аказваецца, іхны таемны кіраўнік спэцыяльна падставіў сваіх юнакоў пад дубінкі і аўтаматныя прыклады. Аказваецца, ня той чалавек іх вывеў на вуліцу Савецкую ў Горадні. Вось якія шэпты і па сёньня я чую ў кулюарах партыйных штабоў. Гэткія шэпты чуліся і ў 1994. Тады праварадыкальная група «Правы Рэванш» пасьпяхова правяла першае ў Менску шэсьце з паходнямі, прымеркаваўшы яго да Дня незалежнасьці 27 ліпеня.

У тым жа годзе ў Віцебску прайшоў Першы зьезд беларускіх нацыяналістаў. Мастак Алесь Пушкін прапанаваў пад акцыю сваю прыватную мастацкую галерэю, якую потым улады зачынілі. І тады папаўзьлі чуткі нашых шаптуноў, што арганізатар Зьезду правёў яго якраз з мэтай ліквідацыі галерэі.

Дык як жа мы назавем таго, хто нашэптвае пад руку Нацыянальнай Рэвалюцыі?

 

Пра маральнасьць

У нас тут некаторыя пераблыталі Палітыку з Царквой. Ужо дзесяць гадоў яны палітыкуюць «чыстымі рукамі» — толькі вось да ўлады прыйсьці ніяк ня могуць.

Між тым, усё даволі проста: маральна тое, што вядзе да ўлады і не раздражняе масы. Маральны той палітык, які жадае ўлады настолькі, што бярэ яе, не адкладваючы на потым.

Што амаральна?

Амаральна ўдаваць зь сябе палітычную цэлку, калі даўно пара нарадзіць плод. Амаральна кожную новую паразу называць нашай маральнай перамогай.

 

Выбары

І

16 мая 1999 году, вуліца Голубева, каля аднаго з дамоў — стары аўтобус, абсталяваны пад выбарчы ўчастак. На лёзунг «16 мая — выбары Прэзыдэнта Беларусі» сьцякаюцца людзі, заходзяць у салён, галасуюць. Зайшоў мужчына гадоў пяцідзесяці з пашпартам, як ён сказаў, сваёй цешчы, спадарыні Марыі 1892 году нараджэньня. Зяць кажа, што хоча засьведчыць волю гэтай 107-гадовай беларускай жанчыны родам зь вёскі Рудакі Віцебскай вобласьці, якая цьвёрда наказала зяцю прагаласаваць ад яе імя за... Пазьняка.

Упершыню такі выбар пакінуў на душы непрыемны асадак. І гэта яшчэ вельмі мякка сказана, калі мець на ўвазе мой характар і тэмпэрамэнт.

ІІ

Сябры ўчастковай выбарчай камісіі ходзяць з урнай па кватэрах аднаго з дамоў на вуліцы Румянцава ў Менску. Я падстрахоўваю іх на выпадак міліцэйскага налёту. І сапраўды, неўзабаве ў двор заязджае аўто з чатырма антэнамі на страсе. «Гэта яны», — кажа знаёмы журналіст. Ён застаецца на дварэ, я заходжу ў пад’езд і хаваю сяброў камісіі з урнай у кватэры, дзе перад тым тры вясёлыя хлапцы з ахвотаю выканалі свой грамадзянскі абавязак.

Група зусім маладых супрацоўнікаў крымінальнай міліцыі застаецца ні з чым. А вось журналісты задаволеныя: ім будзе пра што напісаць.

ІІІ

Патэлефанавалі са сталічнага мікрараёну Шабаны, паведамілі адрас, папрасілі зайсьці з урнай.

Прыехалі, дзьверы адчыняе міліцыянт у форме, прыкоўвае аднаго зь сяброў участковай камісіі да клямкі і вяртаецца да тэлефону. Але ён забыўся пра скрыню зь бюлетэнямі, якую мы і хаваем у гаспадароў суседняй кватэры. Інцыдэнт вычарпаны.

***

Першы этап выбараў новага б е л а р у с к а г а прэзыдэнта завяршыўся, высьвеціўшы галоўнае — людзі ж а д а ю ц ь пераменаў. На жаль, сам я так і не прагаласаваў — мой кандыдат сышоў з дыстанцыі.

 

Красавік — май 1999 году


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0