Зянон Пазьняк: словы, справы, працэс

Адзін з важных вынікаў травеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў — гэта нацыянальна-дзяржаўная эвалюцыя беларускіх дэмакратаў. Шарэцкі, Ганчар, Чыгір гавораць пра прыярытэт нацыянальных інтарэсаў, пра безумоўную незалежнасьць краіны і яе эўрапейскую арыентацыю. Старшыня БНФ характарызуе іхныя словы як блеф. І вось чаму. Іх сапраўды аб'ектыўна зносіць у тую нішу, якую дагэтуль манапольна займаў Фронт і ягоны лідэр, а гэта значыць, што БНФ страчвае сваю манаполію на патрыятызм, што ня можа ня выклікаць незадаволенасьці Пазьняка і паслабленьня або рэфармаваньня БНФ.

Аб'ектыўна гэтая манаполія, якая ў свой час адштурхнула ад Фронту нацыянальную інтэлігенцыю, выяўлялася найперш у прамовах лідэра, які падзяляў беларускіх палітыкаў на нацыянальна чэсных і нацыянальна нячэсных. БНФ у гэтым сэнсе часьцяком нагадваў сабаку на сене. Аб'яднаньне дэмакратычнае апазыцыі было праблематычным з-за таго, што Шарэцкаму катэгарычна забаранялася шчыра любіць Войшалка, а Багданкевіч проста ня мог гаварыць па-беларуску, бо адчуваў, нібы без дазволу бярэ чужое. Словы незалежнасьць і беларушчына сталі прыкметамі "прапазьнякоўскай" пазыцыі. Трэба думаць, што трохгадовая віртуальнасьць старшыні Фронту толькі затрымала названаю манаполію, для якой у рэальнасьці падставаў не засталося.

І вось пасьля выбараў прэзыдэнта лёд скрануўся. Нават апальны міністар Лявонаў у сваім адкрытым лісьце на імя Лукашэнкі заклікае не гандляваць незалежнасьцю Бацькаўшчыны. Яшчэ трохі, і ён скажа пра расейскі імпэрыялізм. Што тады застанецца казаць Пазьняку, чый палітычны капітал па частках расьцягваюць то той, хто загаварыў па-беларуску, то той, хто загаварыў пра незалежнасьць? Пазьняку застаецца паўтараць, што яны гэта робяць цынічна, што яны блефуюць.

Даўно заўважаная дэталь — наймацней дастаецца ад Пазьняка тым, хто нібыта блізкі да яго паводле палітычных поглядаў. Менавіта за гэта і дастаецца — заходзяць на "ягоную тэрыторыю". З апошніх такіх уварванцаў — беларуская служба Радыё Свабода і... намесьнікі старшыні БНФ. Яшчэ раней Пазьняк не знайшоў паразуменьня з Барысам Рагулем, калі той спрабаваў памірыць лідэра Фронту з Шушкевічам, і Радаю БНР. І тут, як і ў сытуацыі з БНФ, дзе на замену сваім даўнім паплечнікам і адданым беларушчыне людзям Пазьняк шукае асобаў, якія, акрамя асабістае адданасьці, не вызначаюцца нічым, на замену Радзе БНР, як абсалютнаму аўтарытэту, падшукваецца іншае "кола старэйшынаў". Харызматычнаму лідэру патрэбны вышэйшы адстаронены аўтарытэт, дзеля чаго Лукашэнка, да прыкладу, выкарыстоўвае мітрапаліта Філарэта. На гэткую ролю Пазьняком была абраная Рада Таварыства Беларускай Культуры ў Літве.

1 чэрвеня лідэр БНФ, вяртаючыся з канфэрэнцыі ў Латвіі, правёў з сябрамі Рады ТБК гутарку, запіс якой мы сёньня прапануем чытачам "НН".

 

КУТУЗАЎ БЫЎ ВЯЛІКІ ЧАЛАВЕК

Сябра Рады ТБК: Нас зьдзівіла, што Вы адмовіліся ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. У нас былі надзеі, што выбары выкрышталізуюць сытуацыю ў Беларусі, былі надзеі на, можа, ня поўную перамогу, але на сілу, якая ўмацуе дэмакратаў, якія ідуць на гэтае мерапрыемства. Чаму з гэтага ўсяго атрымаўся нейкі пшык, плюс Лукашэнку?

Пазьняк: Тады давайце па сутнасьці. Усе вы сілком навучаныя рускай гісторыі, усіх вучылі ў сталінскай школе. Там ёсьць і павучальныя моманты. Вось вайна з Напалеонам. Адбылася Барадзінская бойка, дзе Напалеон разьбіў рускія войскі, але вам гэтага не казалі, казалі наадварот. Поўнасьцю армію рускую ён ня зьнішчыў, армія руская засталася. І Напалеон прадаўжае наступ на Маскву. Дарога адкрыта. Руская армія ўжо ня можа процістаяць Напалеону. Яшчэ адна бойка, і ад яе нічога не застанецца. Зьбіраюцца ўсе генэралы на нараду, савет у Філях. І ўсе выказаліся за такую пастанову — легчы касьцьмі, не пусьціць француза ў Маскву, па-сталінску. І адзін Кутузаў сказаў: здаём Маскву і сахраняем армію. Ён быў фэльдмаршал, і яго слова значыла ўсё. Каб гэта быў дэмакратычны парлямант, дык Расеі быў бы канец — і арміі, і ўсяму. Так вот, гісторыя паказала, што Кутузаў зрабіў вельмі правільны крок, хаця яго праклінаў цар, пракліналі ўсе. Цар нічога ня мог зрабіць. Але пасьля таго, калі ён ужо і вайну выйграў, цар яму гэта не дараваў. Кутузава адправілі на вёску гусей пасьвіць. Калі ж разабрацца, то ён Расею выратаваў.

Сытуацыя з выбарамі ў Беларусі абсалютна ідэнтычная. Толькі Кутузаву ня трэба было тлумачыць ні цару (цар гэтага ўсё роўна нічога не разумеў), ні тым генэралам, якія хацелі, як там кажуць, памерці пад Масквой, ні салдатам, нікому. Ён узяў на сябе гэту ролю і ён зрабіў. У гэтым сэнсе, хоць гэта наш вораг, але гэта быў вялікі чалавек.

ХАРТЫЮ МЫ ПРАВАЛІЛІ

Сытуацыя з выбарамі такая самая. Усё не растлумачыш усім, таму што гэта складаная палітыка, якую цяжка растлумачыць у грамадзтве, пазбаўленым інфармацыі. У грамадзтве, дзе адкрытая інфармацыя, усё робіцца на віду. Вот я жыву ў Амэрыцы, і мяне часам аж сьмех бярэ, таму што там усё на віду: што нехта рот раскрыў, што Пэнтагон думае, усе сакрэтныя планы... Яны ня знаюць, куда ад этага дзецца. Грамадзтва там ведае ўсё. Я ўжо не кажу, што кожнай жонцы там пад спадніцу заглядваюць усе гэтыя таблоіды, гэта ладана, але гэта поўнасьцю адкрытае грамадзтва. У такім грамадзтве палітыкам з аднаго боку, як кажуць, цяжка, з другога боку, лягчэй. Таму што грамадзтва інфармавана.

А вот на Беларусі мы жывём у такім стане, калі людзі ня толькі пазбаўлены інфармацыі, але яны яшчэ дэзынфармаваны і замбіраваны. Яны сур'ёзна баяцца вайны — зараз на Беларусь НАТА будзе кідаць атамныя бомбы! Яны вераць гэтаму, таму што так працуе прапаганда. Спачатку напалі на Сэрбію, а цяпер на нас нападуць. Таму ў гэтым грамадзтве тую ролю, якую ўзяў я на сябе па выратаваньню Беларусі, выратаваньню Фронту, бо нічога б ужо не было, я павінен быў узяць на сябе, і ўсе пляўкі, і ўсе крыкі, і воплі, і ляманты, і прапаганду, і ўсё. І я гэта ўзяў не таму, што я ня ведаў, што так будзе, я ўсё ведаў. Але я вам скажу, што я адчуваю сябе духоўна вельмі моцна, таму што калі ты адчуваеш сваю правату, то гэта як веруючы чалавек, хай увесь сьвет будзе супраць цябе, але ў цябе ёсьць вялікая ўпэўненасьць, што ты нешта выратаваў. Праходзіць час, і гэта ўсё ўстанаўліваецца. Такая лёгіка. Дык вот, пройдзе час, ня будзе Лукашэнкі і гэта ўсё ўстане на свае месцы.

Але я вам раскажу, бо чым болей людзей, якія ў эліту нашу нацыянальную ўваходзяць, будзе ведаць, тым будзе лепш, бо ніхто, акрамя іх, не давядзе да іншых.

Сытуацыя з выбарамі атрымалася такая. Усе важныя палітычныя акцыі, якія на Беларусі робяцца ўжо даўно, кантралююцца Масквою. Паколькі Масква ажыцьцявіла акупацыю, яна паставіла свайго прэзыдэнта, і агенты ФСБ займаюць усе ключавыя пазыцыі ў Беларусі. Міністры: Латыпаў, скажам, замежныя справы, ключавая пазыцыя, палкоўнік КГБ, ён жа не скрывае гэтага, яны адкрыта праводзяць палітыку. Старшыня КГБ, намесьнік старшыні КГБ, кіраўнік савета безапаснасьці Шэйман і ўсе члены безапаснасьці, літаральна ўсе — гэта супрацоўнікі ФСБ і грамадзяне Расеі. Праводзіцца такая акупацыйная палітыка.

Так вот, галоўная задача Масквы — зьнішчыць Народны Фронт. Таму што калі яны захапілі ўладу ў Беларусі, то павінны захапіць і апазыцыю. Яны павінны стварыць сваю апазыцыю. Гэта правіла спэцслужбаў. Таму ўсе гэтыя чатыры гады ішоў іхны накат, маўляў, аб'едзініць усех дземакратаў, зрабіць каардынацыйны савет... Гэта ўсё элемэнтарныя нормы працы спэцслужбаў. Ствараюць мноства маргінальных партый і вялікі рух стараюцца ўцягнуць у агульную працу з імі. А працы ніякой ня можа быць, таму што за імі нічога не стаіць. Але ў іх ёсьць галасы. Яны ўводзяць гэтае балота, пачынаецца валтузьня і вялікая арганізацыя зьнішчаецца, расьцягваецца. Так была створана Хартыя. Але Хартыю ўжо раскусілі даўно, яна ўжо нічога ня значыць. Але яна была створана з мэтай расьцягнуць Народны Фронт, замяніць яго другой, больш шырокай канцэптуальна як бы ідэяй і выкарыстаць гэта на выбарах. Гэта мы правалілі ўсё.

ТАКІХ ЗАРПЛАТ НЕ БЫВАЕ

Год назад я пісаў у артыкуле "Вяртаньне БНР" аб тым, што рыхтуецца Чыгір на прэзыдэнта Беларусі. Што ён будзе прадстаўлены як лідэр, пад гэта была падрыхтавана Хартыя і гэтак далей. Гэта выклікала скамарошы сьмех усіх гэтых аналітыкаў, гэтых дзіўных людзей. Праходзіць год, паяўляецца Чыгір.

Была праведзена адпаведная падрыхтоўка, каб гэты працэс выбараў кантраляваць. Масква павінна ўзяць іх у свае рукі. Было б непрафэсійна, каб апазыцыя ў Беларусі пачала бескантрольныя выбары праводзіць. Гэта выключаецца. Я мог бы гаварыць пра гэта дакладна, нават ня ведаючы фактаў.

Чыгір рыхтаваўся даўно. Гэта чалавек зь мяккім характарам, даволі далёкі ад палітыкі і быў бы лёгка кіруемы. Потым гэта чалавек мала вядомы, ня вельмі замазаўся, яго вывелі, каб пра яго трохі забылі. І псыхалягічна прыходзіць як бы чалавек збоку. Тут усё было нядрэнна прадумана. Чыгіра выводзяць у Маскву, цэлы год ён там працуе, яму даюць зарплату 10 тысяч даляраў у месяц. Я вам скажцу, што чалавек з вышэйшай адукацыяй, ступеняй доктара ў Амэрыцы атрымлівае пяць тысяч даляраў у месяц — гэта высокая зарплата. Ганчар едзе ў гэты час працаваць у Латвію, быццам бы ў нейкай фірме, дзе ў яго зарплата была 20 тысяч даляраў у месяц. Такіх зарплат не бывае. Але гэта адпаведная, так сказаць, форма, за якую даюцца адпаведныя грошы на адпаведную работу. Я ўжо не кажу, што ў апошні час я атрымаў дакладныя агентурныя зьвесткі з гэтай жа арганізацыі, так сказаць, КГБ, што Ганчар у Латвіі быў завербован ФСБ. Яны прыехалі да мяне ў Варшаву...

— Ну вы ўжо ведалі?...

— Да.

БЕЗЬ МЯНЕ НЕМАГЧЫМА

Прыехалі ў Варшаву Чыгір, Ганчар...

Калі б мы правялі гэтыя выбары, калі б, скажам, разьведка не спрацавала, то мы мелі б рэальнага прэзыдэнта. Мы б у гэтым годзе Лукашэнку выгналі. Але яны гэта ўсё палажылі на нуль. Іхная задача была выкарыстаць Народны Фронт, бо няма іншай арганізацыі, самі б яны не арганізавалі. Чаму яны да мяне прыехалі? Таму што трэба, каб я пайшоў, і трэба каб Фронт падключыць, безь мяне немагчыма. Яны адкрыта пра гэта сказалі.

Далей. Яны на Фронце выяжджаюць. Паколькі кіраўнік ЦВК Ганчар, у любой сытуацыі яны робяць прэзыдэнтам Чыгіра. Як толькі Чыгір робіцца прэзыдэнтам, яму ствараюць інфармацыйнае поле адпаведнае, міжнароднае і пад яго пачынаюць падцягваць усю гэту маргінальную крыклівую масу, усіх гэтых там Шушкевічаў, Шарэцкіх ды ўсю гэтую дзіўную публіку, за якімі нічога не стаіць. І аб'яўляецца што вот утварылася апазыцыя, вот ужо ёсьць прэзыдэнт.

Для Лукашэнкі гэта чыгунная баба, якую вешаюць у яго над галавой, і кажуць: ты вот хочаш інцегріравацца, дык вот ты давай сначала пусьці нашыя банкі туда (а ён жа не пускае!) рускія, ты дай нам нафтавы комплекс, ты заплаці нам за газ і гэтак далей. А не будзеш — так мы Чыгіра зробім прэзыдэнтам. А Лукашэнка хоча быць прэзыдэнтам Расеі. Яны яму прапануюць губэрнатара. Ня хочаш — так мы Чыгіра зробім прэзыдэнтам. Яны вешаюць на яго Чыгіра як альтэрнатыву, і гэта рэальна. Чыгір ужо як бы ёсьць прэзыдэнт. Калі б Лукашэнка пайшоў на канфлікт з Масквой, яны б яго маглі элемэнтарна прыбраць. Лукашэнка гэта разумеў, барацьба была вельмі складаная. І вот калі яны прыехалі, яны прапанавалі, каб я ўдзельнічаў у выбарах, таму што трэба падцягнуць наш электарат, трэба зьняць Лукашэнку, Чыгір расколе вэртыкаль, мы паднімем усё грамадзтва. Канешне ж вы, Зянон Станіслававіч, ня можаце ў этай сытуацыі выйграць, но для обшчэга дзела і так далей...

— Вам сказалі, што вы ня можаце?..

— Ну а як жа, хо! Як быццам бы я ня знаю, што іменна я і выграў бы ў этай сытуацыі.

МАСКВА ЎСЕ ГРОШЫ АБРЭЖА

Некатарыя рэчы, якія я вам расказваю, ніхто ня ведае, акрамя маіх бліжэйшых памочнікаў і намесьнікаў.

Значыць, я да іх прыезду падрыхтаваў мэмарандум "Аб дзяржаўнай пазыцыі" і прапанаваў Чыгіру падпісаць. Там сказана, што мы абодва выступаем на выбары, абодва працуем на адну справу і прытрымліваемся такіх дзяржаўных пазыцый: беларуская мова дзяржаўная, незалежная Беларусь і поўнае адкіданьне палітыкі інтэграцыі з Расеяй, ніякіх саюзаў, ніякіх узаемаадносін з Расеяй не павінна быць, толькі на аснове міжнароднага права і сваіх нацыянальных інтарэсаў, дагаварныя, так сказаць. Так як Літва, так як Эстонія. Чыгір, як чалавек не палітычны, а даволі прасты, адразу сказаў: ну, калі я гэта падпішу, то мне Масква ўсе грошы абрэжа. І пасьля гэтага я яму задаю пытаньне: а хто вас фінансіруе. Ну, есьць із Масквы саатветствуюшчые кругі, фірмы. Ганчар кажа: із Канады бізнесмэны... А Чыгір, будучы прэм'ер-міністрам, даў крэдыт 30 мільёнаў даляраў канадзкім фірмам. І за гэта яго Лукашэнка цяпер цягае. Ён даў крэдыт (усё па закону было зроблена) і пайшоў у адстаўку. Ён пайшоў у адстаўку, а крэдыт не вярнулі. Юрыдычна ён ні пры чым, але пракурор можа пачаць сьледзтва, таму што крэдыт не вярнулі, па факту.

Так вот якая сытуацыя. Мы ня можам, бо нам грошы абрэжуць. Мне ўсё ясна. Хаця я ўжо ведаў. Я ведаў, што грошы ідуць ад ВПК і зьвязаных зь ім фірмаў і ад Беразоўскага. Агульная сума 6 млн. даляраў. Гэта каласальная сума. Ельцын страціў на свае выбары 2 мільёны, здаецца. Далей. Гэту справу курыравала ФСБ і ў канцы ланцужка стаяў Прымакоў. І вот этыя хлопцы прыяжджаюць да мяне з этымі сьветлымі вочкамі размаўляць аб агульных дзеяньнях. А я знаю іх. Я ўжо не кажу, што Ганчара я знаю як аблупленага, я з ім у парламенце сядзеў пяць з паловай гадоў — ён і я, праз аднаго. Я знаю дакладна, чым ён дыша, на што ён здольны.

Цяпер другое. Яны прапанавалі — Фронту трэба ісьці на выбары. Што нам рабіць? Нельга ісьці на выбары, таму што нас аблапошаць у любой сытуацыі, і што б мы ні рабілі, — іхныя ключавыя пазыцыі і яны робяць прэзыдэнтам Чыгіра. На нашай сьпіне, бо мы ж будзем працаваць. Фронт будзе пахаць, а прэзыдэнтам зробяць Чыгіра... Што нам рабіць? Гэта ня проста так, гэта вырашаецца лёс Беларусі і Фронта, і мой асабісты. І трэба прымаць рашэньне.

Першы варыянт — не ідзём на выбары. Што адбываецца? Мы Канстытуцыю 94 года прызнаём, мы ўвесь час казалі, што павінны быць прэзыдэнцкія выбары, што канчаецца яго (Лукашэнкі) тэрмін, а тут паяўляецца Чыгір, і мы кажам — мы не ідзём на выбары. Чым мы растлумачым народу? Што Ганчар — ФСБ, што Чыгіра Масква падтрымлівае? Яны скажуць — чэпуха, вы с ума сашлі! Мы сябе асьмяём, мы нічога не дакажам. Нават калі б дакументы былі — гэта ня доказ. Гэта каму, электарату дакажаш?..

Гэта так гуляў Кебіч, які асноўны свой факт прыпас на самы пасьледак. Калі Лукашэнка абакраў сьцюардэсу. Мы ўсе ведалі ў парламенце, што так было. Таму што ў яго параноя, праяўленьне фізычнай хваробы, ён сапраўды абакраў гэтую сьцюардэсу. І Кебіч прыпас гэты факт на апошнія дні. Думаў, што зваліць Лукашэнку. І ён гэты факт выдаў. А ўсе пашлі за Лукашэнку, бо ніхто не паверыў. Ёсьць правілы, якія дзейнічаюць у псыхалёгіі.

Так вот, калі б мы не пайшлі на выбары, мы нічым бы гэтага не растлумачылі. У нас не было аргумэнтаў, а супраць нас аргумэнтаў было дастаткова: Фронт струсіў, іспугалісь Чыгіра, ані не хацят участваваць, ані прэдацелі... І пайшла вална такая (у нас жа няма сваіх сродкаў масавай інфармацыі). І вось пад гэту хвалю яны пачынаюць выбары. Чыгір і гэтак далей. І ім вялікія сродкі. Яны ідуць у фронтаўскія структуры, нас не пытаюць. Ідуць у Смаргонь і кажуць — рэбята, памажыце, нам трэба сваліць этава Лукашэнку, мы гатовы, нам памагаюць таварышчы із Масквы, долар за подпісь даём. Частка Фронту сказала б што Пазьняк здурэў, бо трэба ісьці Лукашэнку заваліць, а частка... Раскалолі б Фронт, перакупілі б і зьнішчылі. І гэта сур'ёзнае дзела. Значыць, на выбары трэба ісьці. Я павінен быў ісьці на выбары і я цудоўна ведаў, што нас растопчуць, толькі потым. Мяне зьнішчаць, толькі потым.

ПРАВЕСЬЦІ РЭАЛЬНЫЯ ВЫБАРЫ БЫЛО НЕМАГЧЫМА

Я што прапанаваў тады? Добра, мы ідзём на выбары, але адна ўмова — строга прытрымліваемся заканадаўства. Я канешне знаў, што яны парушаць закон, але трэба было, каб яны далі такую гарантыю, бо калі строга прытрымлівацца закона, дык немагчыма зрабіць фальсіфікацыю. Я знаў, што яны будуць толькі на фальсіфікацыю разьлічваць. Правесьці рэальныя выбары было немагчыма.

Спачатку ўсё ішло нармальна, пасьля пачаліся фальсіфікаты. Першы фальсіфікат быў па зборы подпісаў. Мы правялі вялікую работу, мы занялі фактычна ўсе камісіі, кіраўнікі нашы былі, мы стварылі кантроль за зборам подпісаў — ня толькі сваім, але і як зьбіралі ў Чыгіра, мы гэта ўсё падлічылі. Чыгір сабраў 90 тысяч, а я 114. На першым жа этапе мы правалілі Чыгіра. Усё! І ставілася задача — пракантраліраваць, паглядзець, што робіць Ганчар.

Па закону трэба 10 дзён праверкі і тады зьбіраецца камісія і аб'яўляе вынікі, колькі хто сабраў. А ён на наступны ж дзень выступіў і сказаў: група Пазьняка сабрала 137 тысяч, Чыгіра 120 тысяч. Дабавіў мне, дабавіў яму. На працягу гэтых дзесяці дзён я пісьмы пісаў, ставілі пытаньні зрабіць праверку, кантроль. Ганчар уцякаў, тыя хто там быў, разьбегліся, нікога не злавіць. І так і не ўдалося прымусіць іх зрабіць кантроль. Ігнарыравалі проста напрач, бо яны праігралі з першага раўнда. Не ўдалося ім подпісы сабраць, хоць яны плацілі, а мы... Фронт задарма ўсё робіць. І потым пайшла ўжо цэлая чарга.

Па-першае, Ганчар аб'явіў, што будуць 10 дзён галасаваць. 10 дзён галасаваў Лукашэнка ў 96-м годзе і гэта было парушэньне закону, фальсіфікацыя была даказана, міжнародная супольнасьць не прызнала Лукашэнкі, яго канстытуцыю, яго рэфэрэндум. Тое ж самае пачынае рабіць Ганчар. Ужо ясна, што робіцца фальсыфікат, на аснове якога вынікаў выбараў ніхто не прызнае.

Далей. Бяром алавік і робім разьлікі. Усіх членаў камісій было 1600 зь нечым чалавек, падзяліць на два, бо па два трэба было хадзіць — гэта 800. І калі памножыць на чалавекадні, то гэта трэба год хадзіць, каб сабраць пару мільёнаў галасоў. Нідзе на сьвеце выбары не адбываюцца 10 дзён з хаджэньнем па хатах, таму што гэта немагчыма тэхнічна зрабіць. Гэта можа ў Эстоніі можна было зрабіць за месяц, калі пусьціць некалькі тысяч хаджэньне, а ў нас гэта немагчыма, у нас 7,5 млн выбаршчыкаў...  


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0