Год Скочку — год пракурору

У пятніцу 11 чэрвеня судзілі Яўгена Скочку, намесьніка Паўла Севярынца з "Маладога Фронту", за тое, што ён павёў моладзь на Дзень Сьвятога Валянціна лісты насіць па пасольствах заходніх краінаў, а пасьля каля рэстарану "Белая вежа" вялікага фаервэрку нарабіў з пэтардаў, напалохаўшы моцна міліцыянтаў. Гэта ўжо ня першы і ня трэці раз, што яго цягаюць па судах. Упершыню ён трапіў за краты яшчэ 26 красавіка 1996 году пасьля "Чарнобыльскага шляху", калі яго схапілі ва Ўправе БНФ. На гэты раз Я.Скочку засудзілі на год умоўна з высылкай "на месца прапіскі" ў Гомель. Пракурор прасіў два гады, але суд столькі ня даў. Пасьля суду юны партызан прыехаў у рэдакцыю "Нашай Нівы".

"У 96-м амонаўцы кінулі ў машыну і сказалі, што павязуць у Курапаты, — расказвае Я.Скочка. — Дык пасьля гэтага ўсіх судоў ужо не баішся. А ў Гомель мяне могуць запраторыць толькі пасьля разбору "касаткі" ў Вярхоўным судзе, недзе месяцы праз тры. Так што ў ліпені я буду тутака. Удзельнічаць мне забараніў суд, але ж я пазаштатны карэспандэнт "Беларускай маладзёжнай", і не магу не выконваць свайго прафэсійнага абавязку. А са жніўня мяне бяруць у Менску на працу, і такім чынам у мяне зьявіцца менская прапіска, і я застануся тут. Апроч таго, я паступаю ў Акадэмію мастацтваў на рэжысэра".

Мабыць, па прадмеце "вулічная рэжысура" М.Пташук, які робіць набор сёлета, паставіць Скочку "5". Акторскае ж майстэрства абітурыент правяраў у турэмных камэрах.

"Калі трапляю ў "хату", я пачынаю моўчкі хадзіць, сам першы не загаворваю і не сядаю, пакуль да мяне ня скажуць. А калі адзавуцца, размаўляю па-беларуску, і мне адразу прапануюць лепшы "шканар".

На суд прыяжджаў Скочку падтрымаць сам нядаўні палітвязень Уладзімер Плешчанка.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0