Напрадвесьні хросту

У Полацку, там, дзе на высокай гары па-над ракою стаіць сёньня Курган Славы, адзін са шматлікіх савецкіх мэмарыялаў, была некалі сьвятая магіла. Памяць пра яе сьцерлася ня толькі ў людзкой сьведамасьці, але й са старонак нашых старадаўніх кніг. Гэта магіла славутага скандынаўскага місіянэра пачатку Х стагодзьдзя сьвятога Торвальда Вандроўніка, высілкамі якога да веры Хрыстовае была спрычыненая Ісляндыя. Напрыканцы сваіх працаў эвангелічных, сьвятар зьдзейсьніў падарожжа ў Сьвятую Зямлю, у Ерусалім. Па вяртаньні адтуль ён гасьцяваў у канстантынопальскага патрыярха й быў у вялікай пашане ў бізантыйскага імпэратара. Затым сьвяты Торвальд адважыўся на падарожжа ў тады дзікі й малавядомы сьвет — у нетры ўсходняй славяншчыны. Ягоны сьветлы шлях скончыўся ў Полацку, дзе ён заснаваў манастыр Яна Хрысьціцеля. Нястомны прапаведнік Торвальд пасьля сьмерці быў пахаваны на гары, над якой засьвяціўся крыж. Апошнія згадкі пра манастыр сустракаюцца ў летапісах XIV стагодзьдзя й зьнікаюць назаўжды...

Аднак нават сьвяты Торвальд, які хрысьціў нашых продкаў раней за хрост у Кіеве, ня быў першы. Адзін з летапісаў 834 году распавядае пра Ансгарыя, папскага легата ў паўночных народаў, які дабраўся да крывіцкіх земляў і колькі часу вандраваў там. Каталіцкая традыцыя ўказвае таксама на нейкага мансьёра Бэрнарда, нібыта ірляндзкага манаха, які ў ІХ стагодзьдзі прапаведаваў у ваколіцах Навагарадка і ўсталяваў там першы крыж...

Ёсьць і яшчэ, праўда, ускосныя падставы сьцьвярджаць, што і да 988 году ў Беларусі былі хрысьціянскія бажніцы. У нямецкіх калёніях у Полацку і Віцебску. Нямецкая царква дакладна йснавала напрыканцы Х стагодзьдзя ў Смаленску. Але наколькі плённымі былі высілкі місіянэраў, наколькі яны здолелі ахапіць увесь край, — невядома.

У артыкуле "Аб беларусах лаціньніках" Янка Станкевіч у 1922 годзе наводзіць на адну нібы нечаканую думку: "Тэба думаць, што дзякуючы арабскаму культурнаму ўплыву, некаторыя Беларусы прыймалі і іслам". Насамрэч, гандлёвыя кантакты Беларусі з Арабскім Халіфатам, Булгарыяй ды Хазарыяй былі вельмі шчыльнымі напрадвесьні хрысьціянізацыі. Пра што сьведчыць вялікая колькасьць у нашай зямлі скарбаў, манэтаў ды рэчаў з мусульманскага Ўсходу. Пра Сьвятога Торвальда нам нядаўна стала вядома са старажытнае скандынаўскае "Сагі пра хрышчэньне" скальда Бранда. Хто ведае, мо ў якой з арабскіх бібліятэк хто-небудзь знойдзе чароўны аповед і пра духоўны подзьвіг якога мусульманіна, што навярнуў на сваю веру дрыгавічоў або ліцьвінаў?...

Сяргей Харэўскі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0