Някляеў—загадка

 

Уладзімер Някляеў не вярнуўся ў Беларусь. Апошнія надзеі «дзяржаўнай» інтэлігенцыі на перавыхаваньне прэзыдэнта разьвейваюцца. Улада застаецца пры сваім імкненьні выправіць «гістарычную памылку бальшавікоў» і ліквідаваць беларускае пытаньне. Дзяржаўная інтэлігенцыя застаецца перад выбарам: устаць разам з усім народам ці працягваць удаваць вялікую хітрасьць, трымаючы хвігу ў кішэні.

Эміграцыя Някляева, дэкляраваны крах спробаў недалучанага чалавека «цярпець уладу моўчкі», можа стаць вялікай справай для Беларусі, для дасягненьня нацыянальнага адзінства. Гэта знакавы ўчынак, параўнальны зь вяртаньнем Чыгіра. Выходзіць, ніякі чалавек ня можа больш трываць. Лепш ужо няволя, лепш эміграцыя, чым маўчаньне.

Саюзу пісьменьнікаў Някляеў дае адзіны шанец ператварыцца з савецкага бюракратычнага фантому, зь якім ужо даўно ніхто ня лічыцца і якога ніхто не заўважае, у нешта сапраўднае, з прынцыпамі і пазыцыяй. Мала хто верыць, што гэта магчыма. З вуснаў намесьніцы старшыні СП Вольгі Іпатавай ужо прагучала, што галоўнае — захаваць «асяродак нацыянальнай ідэі». Што, калі адкінуць мэтафары, азначае — захаваць пару пакояў у будынку ля парку Горкага, пераабраўшы Някляева. Іншы ж намесьнік, Навум Гальпяровіч, маўчыць.

У.Някляеў ахінуў сябе таямніцай. Кажуць, што ён сапраўды вельмі хворы — пасьля інсульту. Кажуць, што ён можа нікуды не эмігруе, прыедзе назад і скажа: «А хто прыдумаў усё гэта? Я такога ніколі не казаў, гэта выдумка рэпартэраў». Варшаўская сям’я, у якой ён гасьцюе, нікога да яго не падпускае, нават ягоная жонка ня зь першага разу дазванілася. Вядома, што сустракаўся з Пазьняком, але невядома, пра што гаварылі. Прэс-канфэрэнцыя адкладаецца.

Валянцін Акудовіч, сябар рэдакцыі «Крыніцы», пацьвярджае: «Някляеў, як ніхто, умее трымаць паўзу». Карэспандэнт «Белорусской газеты» Сямён Букчын абураецца ў слухаўку: «Нічога ня ведаю. Я вам не літсакратар Някляева, я не за тым у Варшаве». Віктар Шніп, які працаваў адказным сакратаром «ЛіМу» і за Някляева, усьміхаецца ў вусы: «Някляеў паехаў па Нобэлеўскую прэмію. Шымборская, польская паэтка атрымала ж гэтую прэмію». У беларускай літаратуры была адна энігма — Максім Танк. Мас-мэдыя за тыдзень зьляпілі другую.

Згадваюцца даўнія кадры з БТ: калі Лукашэнка ўрачыста адкрываў Тэатар эстрады, ён абыходзіў прысутную «творчую інтэлігенцыю», вітаючы і ціснучы рукі. Падышоў і да Някляева. Той застаўся стаяць рукі ў кішэнях. Лукашэнку скрывіла.

Мы спыталіся, што думае пра ад’езд Уладзімера Някляева Адам Глёбус, які працаваў разам зь ім у часопісе «Крыніца» — тым, наклад якога сягаў 500 тысяч.


 

Адам Глёбус: Някляеў будзе выдаваць «Крыніцу» за мяжой

 

«У яго жыцьці наступіў крызыс. Той Някляеў, якога я ведаў быў чалавек экстэр’ерны, эстрадны, пасадны. Ён заўсёды быў навідавоку. Гэта чалавек, які мог чытаць вершы на стадыёне або выступаць на зьезьдзе камуністаў. Яго заўсёды цікавіла зьнешняя праява мастацтва. І разам з тым гэты чалавек валодаў вялікай здатнасьцю дамаўляцца з усімі. Цяпер, мусіць, гэта першы выпадак, калі ён не дамовіўся з уладамі.

На маю думку, чалавек такога складу здольны да суіцыдальных жэстаў. Ён захварэў. А як не захварэць, калі цябе прадалі, прычым прадалі не тыя людзі, што лічыліся ворагамі, а людзі, калегі, зь якімі ты прапрацаваў усе лепшыя гады. Яны не зразумелі, што часопіс «Крыніца», і тая старая, і новая — гэта вяршыня творчасьці Някляева, ягоная вялікая заслуга. Тыя, хто хацеў выгнаць Някляева з «Крыніцы», пралічыліся. Някляеў зробіць — у Польшчы, у Парыжы, дзе заўгодна, — новую, будучую «Крыніцу», нармальны літаратурна-мастацкі часопіс. Я ўпэўнены, што ён зробіць там часопіс. Гэта адзінае, што можа вывесьці яго і з дэпрэсіі, і зь няяснага палітычнага стану. Тым больш што за межамі Беларусі жыве дастаткова творчых асобаў, якія маглі б удзельнічаць у такім часопісе — Быкаў, Дубавец, Мінкін, Шупа, Максімюк, Лукашук, Сокалаў-Воюш, амэрыканская й ангельская эміграцыя. Някляеў — таленавіты арганізатар. Ён зможа зьяднаць усіх. У абноўленай менскай «Крыніцы» ж усе друкаваліся!

Ніводзін з тых людзей, што прэтэндавалі і прэтэндуюць на пасаду галоўнага рэдактара «Крыніцы», ня маюць маральнага права так рабіць ды й ніводзін зь іх проста ня здатны рабіць часопіс. Яны могуць стварыць добры верш, напісаць добры артыкул, зрабіць добры пераклад, але кіраваць працэсам ні адзін зь іх ня здатны.

Жэст Някляева — гэта жэст не палітыка, а чалавека і паэта.»

Застаецца нагадаць, што пісаў Адам Глёбус пра У.Някляева ў сваіх «Суайчыньніках» год таму: «РЭДАКТАР Някляеў любіў папалохаць беларускіх патрыётаў наступным чынам: «Вы тут героі, а зойдзе чалавек з маленькім пісталетам, і гераізм прападзе».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0