Вольга Караткевіч

Знакам тым

Бедарусь

 

Гэтае слова прыйшло ў мой лексыкон праз уменьне друкаваць так званым «сьляпым мэтадам» — калі не глядзіш на клявіятуру. Мая найчасьцейшая памылка — блытаньне літараў л і д. Яны побач. Вось і йдзе спрэс у навінах — Бедарусь. Калі я з разумным выглядам прапаноўваю палітыку-апазыцыянэру па дарозе са Страсбургу завітаць у Жабінку, я думаю, што адчуваю рэаліі лепш за палітыка, які дзівіцца рэйтынгу Аляксандра Рыгоравіча. Кожнаму з нас трэба дома бываць часьцей. І, калі магчыма, ня госьцем. Тады Беларусь і шляхі ейнага разьвіцьця становяцца больш зразумелымі.

Што абсалютна ня ёсьць пачаткам аптымізму. Восем гадзінаў язды з Мазыру да Менску ў аўтобусе «Лельчыцы—Менск» азадачылі мяне пытаньнямі, на якія ці ня варта шукаць адказаў, ці загадка адказаў ужо знойдзеная, таму народ беларускі малапераможны ў сваёй закансэрваванасьці.... З пасадкай мяне папрасілі пачакаць, бо ў салёне трэ было вымыць кроў — вынік бойкі абпітых маладзёнаў, якія пачалі паміж сабой, а пасьля дачапіліся да кіроўцы. А пасьля пачаўся журналісцкі інвэстыгейшэн. Чаму пасажыры пруць усе свае баулы ў салён? Чаму багажня пустая, а салён перапоўнены кактэйлем пахаў сала, клубніцаў, сыравэнджанай, піва... Ці мыла з часоў вайны засталося стратэгічным таварам? Чаму пасажыры пачынаюць апантана паглынаць засмажаныя на камбітлушчы пончыкі, беляшы, чабурэкі адразу пасьля адпраўленьня аўтобуса з чарговай зь бясконцых і аднолькавых станцыяў? Чаму недастаткова зьесьці гэты сьмярдзючы тлушч яшчэ на пэроне? Каб запіць цёплым і сьмярдзючым півам? Чаму ня мыюць рук пасьля яды? Чаму жуйкі налепліваюць на падлокатнік? Чаму кашляюць так, што хочацца адкрыць парасон? Чаму пасьля заўвагі, што, маўляў, ня варта штурхаць мяне ў сьпіну, бо я й так старанна прабіралася праз навалы валізаў, накрытых газэтамі і перавязаных брудным бінтом, я займела ганебнае акрэсьленьне «гэткая інжынэрка».

Аўтобус варожа ўзіраўся ў чытанае мной. У гэты момант на старонках кніжкі цытаваўся Бярдзяеў, які заўважыў, што расейскі народ — «народ откровений и впечатлений». Цікава, як далёкія людзі з аўтобуса ад гэтага вызначэньня суседняга народу? Адкрыта на задніх сядзеньнях адзін беларускі мужчына Мележава веку (паспрабуй, вызначы — 30 ці пасьля 40!) распавядаў сябру пра кавярню ў Петрыкаве. Аказваецца, у кавярні працечнай вады няма і стаяць два тазы. У адным талерку мыюць, у другім — палошчуць. Так каля дваццаці талерак. Пасьля ваду ў тазох мяняюць.

Ня ведаю, ці праўда, а вось на аўтастанцыі ў горадзе Бабруйску пасьля парады кіроўцаў вырашыла пад’есьці. Апроч абрыдлых за апошнія 5 гадоў прыгатаваных з незразумелага мешыва кілбасак па-магілеўскі, мэню прапанаваць нічога не магло. Асарці з гародніны не адпавядала найменьню, бо яно складалася з мух, што патанулі ў залітай алеем капусьце. У бары са сьвежых сокаў мне прапанавалі адкаркаванае раніцай цёплае шампанскае... Я ніколі не прэтэндавала на арыстакратызм, але да дэгенэрацыі трэ пачакаць... Альбо таўсьценная бабка ў кофце зь люрэксам раве на маладую студэнтку ў шорціках: «Чаго лыткі расставіла?» Ну, прабачце за тое, што маладыя. Як вядома, гэты недахоп хутка зьнікае...

А тым часам другая частка краіны — надбудова — віруе. Усе стараюцца зрабіць са старшыні Рады Саюзу пісьменьнікаў Уладзімера Някляева палітэмігранта. Прэсынгуюць. Пушчаюць дэзы. Толькі сябра Някляева, старшыня Дзяржкамдруку Беларусі Міхаіл Падгайны, цьвяроза ацаніў сытуацыю і праз папярэджаную ім жа газэту «Навіны» перадаў Някляеву, «каб ён хутчэй папраўляўся, перастаў маяцца дур’ю і прыязжджаў на радзіму». З дысыдэнцтвам Беларусь яўна запазьнілася. У шасьцідзясятых Аляксандар Салжаніцын доўга змагаўся і вызначаўся, ці быць яму барацьбітом, які высмактаў афіцыйныя рэсурсы, а пасьля запратэставаў, ці быць яму пісьменьнікам, выкінутым у дысыдэнцтва.

Міжнародныя спартовыя гульні адбыліся ў Менску. Аляксандар Рыгоравіч станоўча ацаніў ідэю. Любая шыльда «міжнародныя» цяпер каштоўная. Супэр — прадстаўнікі 11 краінаў — былых рэспублік СССР і... Туніс. Якая вы думаеце любімая гульня ў беларусаў? Дартс. Кіданьне драткоў у каляровую мішэнь. Аказваецца, нацыянальная фэдэрацыя дартсу існуе з 1988 году, а на МСГ людзі з рэгіёнаў сем’ямі з Воршы, Баранавічаў, Маладэчна прыехалі пакідацца драткамі. І адзначаюць, што робяць гэта зь вялікай асалодай...

Па сталіцы на мінулым тыдні яшчэ прабегся Бег Міру. Таксама міжнародны. Калі найбольш аптымістычныя бегуны запрашалі панурых мінакоў далучацца, апошнія адно зьдзекліва цікавіліся: «А прэзыдэнт дзе?» Прэзыдэнт даўно маральна разам: «Бяз спорту няма краіны, няма нацыі». Аказалася, што й масавыя спартовыя мерапрыемствы можна дыскрэдытаваць, калі іх арганізоўвае сіла, якая падзяліла грамадзтва.

Ледзьве не забылася пра Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Сабраліся яны сабе абвесьціць чарговага разу ППРБ злачынцам. Нагадаць яму пра 20-га ліпеня. І месца сустрэчы абралі арыгінальнае — менскі рэстаран «Новолуние». Напярэдадні ў мэтах кансьпірацыі паведамлялася, што ВС будзе вырашаць кадравыя пытаньні, а паседжаньне адбудзецца недзе ў Менскай вобласьці. Ды там іх прасьцей было б журналістам знайсьці, як тое «Новолуние». Паабураліся ў камэры і фотаапараты. Пашыпелі для дыктафонаў. І паабяцалі адстаяць сваю родную Бедарусь. Далібог, так і выдрукавалася. Бо што тычыцца БеДaрусі — ім я веру.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0