28.06.1999 / 13:00

Тэатар малых сцэнаў

№ 12 (133) 1999 г.


Тэатар малых сцэнаў

 

У менскіх тэатрах прайшлі апошнія ў гэтым сэзоне прэм’еры. Беларускі тэатар, ці не апошняе «запатрабаванае шырокай публікай» мастацтва, у апошнія часы ўпарта ішоў дарогай крытыкі грамадзкай рэчаіснасьці. Наша амбітная марыянэтка стала галоўным пэрсанажам як лялечных, так і ня лялечных сцэнаў. Безь яе характарнага вобразу абышліся хіба што ў Беларускім балеце — мо таму, што за 5 год прэзыдэнцтва Лукашэнка толькі там і бываў. Не тэатрал ён, а кулачны баец. А было б што яму пабачыць. «Вольная сцэна» іграла «Ўзьлёт Артура Ўі...», пакуль яго не спынілі зьверху, дзецям у ЦЮГу насупраць прэзыдэнцыі паказвалі «Шчасьлівых жабракоў» пад самымі сёньняшнімі сьцягамі, брандмаёр-самі-знаеце-хто пужаў герояў «Лысай сьпявачкі» на Малой сцэне Купалаўскага, нават у кандовым Рускім Луцэнка паставіў «Раскіданае гняздо», якое публіка прыняла на «Жыве Беларусь». Пры гэтым тэатры існуюць на дзяржаўныя грошы. І таму лёгка завальваюцца знакавыя праекты, якім магла б стаць, напрыклад, пастаноўка Пінігіным «Народнага альбому». І з-за посьняга казённага пансіёну едуць за мяжу лепшыя (і харашэйшыя).

Ясная рэч, зьяваў кшталту польскіх вандроўных тэатраў або вугорскіх тэатраў на кватэры 70—80-х гадоў у Беларусі няма. Нашы камэдыянты выкарыстоўваюць эзопаву тэатральную мову — балазе з-за мяккасьці рэжыму можна амаль не хавацца, — і рэдка досьвед тэатральнага супраціву Сярэдняй Эўропы.

Што цяпер хочуць паказаць нам тэатры? Актуаліі там ёсьць, але ці ёсьць клясычная веліч, годная клясычнай эпохі, якую мы перажываем? Ці ёсьць пастаноўкі, роўныя па сваёй вартасьці той клясычнай паэзіі або рок-музыцы, якія ствараюцца тут і цяпер? Там ёсьць сэнтымэнтальнасьць кшталту песьні Азнавура «Багема» пры канцы спэктаклю Малога тэатру «Арт», але ці ёсьць там пачуцьцё? Затаіўшы ў сэрцы тугу па ТЭАТРЫ, «нашаніўцы» выправіліся ў тэатры малых формаў і малых грошай.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру