Аляксандар КУДРЫЦКІ

«Cтомлены Д’ябал» на «Вольнай сцэне»

 

Сьвятло згасла. Засталіся толькі бляклыя водбліскі ў чорных люстэрках пад нагамі, якія цягнулі ўніз, у глыб апраметнай. Цёмныя сылюэты павольна рухаліся, адчайна шукаючы выйсьця. Сьпёка. Гэта было пекла.

Зрэшты, усё выглядала цалкам лягічна, не зважаючы на тое, што ніхто з прысутных на прэм’еры спэктаклю «Стомлены д’ябал» 8-га чэрвеня ў тэатры «Вольная сцэна» не зразумеў, што робіцца. Сьвятло згасла акурат пасьля таго, як Д’ябал у чорным барэце пацягнуў хлопца Яську ў пекла, бо той ня здолеў вытрымаць тры выпрабаваньні, якія б забясьпечылі яму месца ў раі (узгадваеце «Камэдыю» Каэтана Марашэўскага 1787 году?). Думкі пра ўдалы рэжысэрскі прыём здаваліся цалкам натуральнымі. І таму, калі праз адчыненыя ў бяздонна-чорную залю дзьверы пачуліся радкі вершаў, гучна дэклямаваных кімсьці нябачным, гледачы з фае пацягнуліся да ўваходу, асьвятляючы шлях запальнічкамі. Аднак хутка дэкляматар зьнік, а антракт зацягваўся.

Дарэчы, гледачы былі ўжо падрыхтаваныя да сюрпрызаў: большасьць зь іх мелі на руках квіткі на паказ, які меў адбыцца 6-га. Меў, а не адбыўся, бо не пасьпелі скончыць дэкарацыі.

Наўрад ці стане вядома, хто «заткнуў рот» спэктаклю — невядомы цэнзар ля рубільніка ці просты электрык, які нетрывала спаяў дрот. А можа той самы Д’ябал, які прымусіў маўчаць Яську з п’есы Ўладзімера Кавалёва?

Яська спакусу маўклівасьцю ня вытрымаў. Як і Дзёмка ў п’есе Марашэўскага. Але калі беларус XVIII ст. ня здолеў захаваць маўчаньне, бо трэ было прыйсьці на дапамогу іншым, дык беларус мяжы ХХІ ст. ратуе словам сябе самога. Яську вабіць рай, дзе так шмат заморскіх страваў ды напояў, і ў якім, галоўнае, ня трэба рабіць нічога. Бо там нікога больш няма. І таму Яська маўчыць, трывае. Нават сьвятар, які халерычна кліча Яську «на вялікі сход», ня можа прымусіць яго парушыць дамову з Д’яблам. І толькі двое склізкіх тыпаў у чорнай скуры з мэгафонамі выцягваюць зь Яські з дапамогаю важкага аргумэнту «а то заб’ем да сьмерці» прызнаньне ў тым, кім ён ёсьць: «Я Яська!». Той, хто спадзяецца, што за гэтым пасьледуе голасны вокліч накшталт «я беларус!», моцна памыляецца. Яська, зазіраючы ў вочы сьмерці, крычыць «Я нічога ня ведаю!» Нават Д’ябал, стары і стомлены, жадаючы ўратаваць душу беларуса, сумна ўздыхае ды, згубіўшы надзею, вядзе яго ў пекла.

Валеры Мазынскі, кіраўнік тэатру, запрасіў гледачоў прыйсьці празь дзень, усё-такі даглядзець «Д’ябла».

Яська забіў Д’ябла ў карчме. Натуральна, у пекла пасьля гэтага ён ня трапіў, але і рай згубіў. Застаўся там, дзе і пачыналася дзеяньне — у сваім доме. Мо гэта і ёсьць рай? А мо — пекла?

Калі зірнеш сьвежым позіркам на наш агульны беларускі дом, неяк не паварочваецца язык назваць яго раем. Але ці значыць гэта, што маюць рацыю тыя, хто лічыць жыцьцё навокал суцэльным пеклам? Разважаючы аб гэтым, я прыгадаў фразу Д’ябла: «Каб ты ведаў, як жахліва цяпер выглядае пекла...».