Павал Севярынец

Футбол пад бел-чырван-белымі сьцягамі

 

У мінулы чацьвер у Лідзе пасьля матчу першай лігі тутэйшай каманды з маладэчанцамі міліцыя затрымала некалькі маладых заўзятараў, што размахвалі нацыянальнымі сьцягамі й крычалі «Жыве Беларусь!» У пастарунку апынуўся і адзін з кіраўнікоў лідзкага Маладога Фронту, рэдактар газэты «Лідэр», старшыня гарадзкога фан-клюбу Алесь Ганевіч.

Традыцыя лідчукоў, якія абавязкова вітаюць перамогу сваёй каманды ўрачыстымі вечаровымі маршамі па вуліцах у суправаджэньні аркестра музычнае вучэльні, на гэты раз перарасла ў масавае шэсьце пад бел-чырван-белымі сьцягамі. Ад стадыёну за аркестрам рушыла больш за тысячу балельшчыкаў. Ужо на падыходах да плошчы Леніна, калі сталі відавочнымі нэрвовыя перамяшчэньні органаў правапарадку і народ пачаў разыходзіцца, дэманстрантаў засталося 50—60 чалавек. Калёна выйшла на праезную частку, і тут яе сустрэлі амонаўцы з дубінкамі.

Неўзабаве затрыманых маладафронтаўцаў адпусьцілі. Па словах лідчукоў, якія вельмі ганарацца бел-чырвона-белай формай сваёй любімай каманды, гэткія карныя акцыі толькі разахвочваюць моладзь.

Зрэшты, не адзіны Гаўрыла ў Полацку.

Бел-чырван-белыя сьцягі ў сёлетнім футбольным сэзоне, у адрозьненьне ад леташняга, бывае, зьяўляюцца даволі масава. Прыкладам, на пачатку міжнароднае гульні «Беларусь — Швэйцарыя» 27 сакавіка стадыён «Дынама» расквецілі два дзясяткі нацыянальных палотнішчаў, сярод іх некалькі двухмэтровых і гіганцкі абрус 4 на 2 мэтры. Міліцыі, што спрабавала сканфіскаваць сьцягі, давялося выклікаць на дапамогу АМОН. З тузін балельшчыкаў (сярод якіх і аўтар гэтых радкоў) былі яшчэ да перапынку проста за рукі-ногі вышвырнутыя са стадыёну. А ў 12 сэктары, якраз насупраць прэзыдэнцкае ложы, на абарону сьцяга-гіганта паўсталі ўсе абураныя трыбуны, і пяць хвілінаў усё «Дынама» назірала сутычкі з удзелам дзясяткаў міліцыянтаў і заўзятараў.

Нядаўна ў Барысаве, на гульні мясцовага БАТЭ (дарэчы, лідэра чэмпіянату), тамтэйшая моладзь, згаварыўшыся, дружна ўзьняла адразу 15 бел-чырван-белых, і ахоўнікі парадку, у якіх разьбегліся вочы, так і не змаглі вырашыць, каго ж затрымліваць.

А на апошнім матчы адборачнага цыклю чэмпіяната Эўропы, калі беларусы выяжджалі на сустрэчу са зборнай Даніі, Малады Фронт і «Грамадзянскі Форум» дамовіліся з дацкімі маладымі кансэрватарамі, каб тыя пабалелі за нашых, машучы беларускімі нацыянальнымі сьцягамі. Падзея шырока асьвятлялася ў дацкай прэсе й нават мела статус міжнароднае акцыі салідарнасьці.

Дарэчы, ужо зусім хутка, 18 жніўня, — таварыская сустрэча зборных Беларусі й Расеі ў Менску. Ёсьць сэнс паказаць «таварышам» ня толькі якасную гульню, але яшчэ й сапраўдны беларускі сьцяг.