Сяргей Харэўскі

Навакольле з абрысамі розуму

 

Вандруючы па Гарадоцкім раёне, мы бачылі ў самых гожых мясьцінах падмуркі закінутых сядзібаў, няжылыя хаціны, амаль зруйнаваныя плаціны на рэках. Аднойчы, шпацыруючы ў лугах на другім беразе ад вёскі з адметнай назвай Вясьніцкія, я натрапіў на дзіўную карціну... Адзін за адным зь зямлі падымаліся вялізарныя каменныя падмуркі, на якіх у золку палымнелі хвалі скрыпеню. Навакольле, якое спачатку ўдавала на неруш, набыло абрысы розуму: сталі яснымі лініі прысадаў, межы колішняга ворыва. Зьдзічэлыя няплодныя йгрушы ды сьлівы шапацелі пра род, што некалі тут пражываў...

Гарадоччына — найменш населены раён Беларусі і адзін з самых буйных па плошчы. Тут, на тэрыторыі больш як у 3 тысячы км. жыве толькі 36 тысячаў чалавек. Альбо блізу 12 чалавек на квадратны кілямэтар. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Эўропе. Для параўнаньня: у самай «прасторнай» Фінляндыі на квадратны кілямэтар прыпадае ўсё ж 15 чалавек. Альбо ўзяць, напрыклад, які Ганцавіцкі раён, там шчыльнасьць утрая большая.

Беларусь наогул — адна з найменш урбанізаваных дзяржаваў Эўропы. У нашых вёсках жыве ажно 30 % насельніцтва. Столькі ж вяскоўцаў, напрыклад, у Калюмбіі і ў самай аграрнай краіне Заходняе Эўропы — Партугаліі. Але тэндэнцыя да павелічэньня долі гарадзкога насельніцтва паўсюдная і няўхільная на ўсіх кантынентах. Таму сытуацыя на Гарадоччыне — мадэль нашае блізкае будучыні па ўсёй краіне.

Старыя, яшчэ савецкія, даведнікі падаюць, што ў гэтым раёне пад ворывам 23 % земляў. Сёньня гэтая лічба нашмат меншая. Палі задзірванелі і можна прадбачыць, што да ўзнаўленьня тут пасадак справа ня дойдзе. Ня хопіць рук. Жывёлагадоўля, якой жыве гэты край, не патрабавала ані вялікае адукацыі ані вялікае колькасьці работнікаў. Гэта і стала прычынаю ад’езду адсюль моладзі.

Але сам па сабе край, густа зарослы травою, існаваць ня зможа. Плаціны на рэках, як, напрыклад, на вялікім Ключагорскім вадасховішчы, неўзабаве зруйнуюцца ўшчэнт і могуць парушыць той рэжым, што склаўся тут за дзясяткі гадоў. Зьвяры, без нагляду лясьнічых, пакрысе выбіваюцца наежджымі браканьерамі з Расеі, пра што кажуць тутэйшыя людзі, са скрухаю згадваючы, колькі было дзічыны раней. Рыбаў, таксама з-за несупыннага браканьерства, становіцца штогод меней. Чысьціня ды неруш таксама патрабуць штодзённага клопату!

Ды й жывёлагадоўля пры цяперашнім ладзе становіцца нерэнтабэльнай: няма куды здаваць прадукцыю, з-за бездарожжа яна псуецца раней, чым яе куды давязуць. У жывёлагадоўчым куце Беларусі ня знойдзеш сыру!

Што тут будзе і што можа быць у наступным тысячагодзьдзі? Ці ёсьць сэнс канкураваць з Эўропай у бульбаводзтве ці жывёлагадоўлі? Замест таго, каб лавіць апошнюю рыбу, можа варта яе разводзіць? Замест таго, каб дабіваць апошнюю дзічыну, можа варта гадаваць на мяса аленяў, як, дарэчы, гэта ўжо робяць у іншых раёнах? Замест таго, каб гвалціць гліну, спрабуючы выціснуць зь яе кволы ўраджай, мо пара аднавіць былую славу выбітнай гарадоцкай керамікі, якая некалі шырака экспартавалася? Заняцца тым, чым ня могуць заняцца іншыя... Калі ёсьць лясы ды азёры — трэба запрашаць турыстаў, якія паядуць тутэйшую гадаваную рыбу, пап’юць лішняе малако, накупляюць гліняных ды льняных сувэніраў, пафатаграфуюць буслоў ды ласёў. Цывілізаваны турызм прынясе з сабою, бадай, самае істотнае — людзкія кантакты, з-за браку якіх адсюль некалі ўцякала моладзь. І грошы. Грошы, за якія будуць пракладзены добрыя дарогі, дагледжаныя лясы й рэкі. Будуць пабудаваныя дамы й гатэлі на тых самых падмурках, дзе сёньня вецер гойдае цыбукі скрыпеню. І дасканаласьць прыроды будзе прымножаная гаспадарскімі рукамі, мо і з тых самых радзінаў, што некалі ўраблялі гэты куток.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0