Ласасьнянскія татары-казакі

 

Цюркскае насельніцтва Беларусі напачатку складалася з трох элемэнтаў: аселых наёмнікаў, саюзных воінаў татарскіх ордаў з улусаў, што трапілі ў палон, і выхадцаў з Залатой Арды й Крыму, што, стаміўшыся ад нязгоды й смутаў у сваёй дзяржаве, самі добраахвотна перасяляліся ў ВКЛ.

Татараў пасялялі ў Вялікім Княстве Літоўскім, бо цанілі іх ваенны досьвед, баявыя якасьці, імкнуліся прыцягнуць стэпавых коньнікаў на службу. Яшчэ ў ХІV ст. існавалі пасяленьні татараў, але найбольш татараў асела ў Беларусі ў эпоху княжаньня найслаўнейшага з усіх тагачасных валадароў Паўночнай Эўропы, князя Вітаўта. Беларускія татары захавалі добрую памяць пра яго. Вітаўта яны праслаўлялі ў сваіх песьнях, за яго здароўе маліліся, лічылі яго "наймацнейшым з усіх князёў". Большасьць з татараў, што прыйшлі за Вітаўтам, былі нежанатымі, і Вялікі князь дазваляў ім жаніцца з тутэйшымі дзяўчатамі, але з умовай, што кожны зь іх павінен мець адну жонку. Так і павёўся ў беларускіх татараў звычай аднашлюбнасьці.

Татары дапамагалі абараняць дзяржаву. Татары-казакі разьмяшчаліся ў ваколіцах нашай краіны, мелі сваіх атаманаў і падпарадкоўваліся харунжым. Цюркскае слова "казак" азначала ў ардзе людзей, што, парваўшы сувязь са сваім родам і ўласным князем, займаліся ваеннай справай як вольныя нйманьнікі. Яны знаходзіліся нібы за рамкамі фэадальна-уласнай структуры ардынскай супольнасьці. У іх атрадах былі ня толькі простыя воіны, але й выхадцы са знаці, княжычы. У Попісах войска татарскага 1528-1567 гадоў упамінаюцца такія атаманы, якія ўзначальвалі слаўныя сьцягі ласасьнянскіх татараў-казакоў.

Татары-казакі разьмяшчаліся ў ваколіцах цяперашняй вёскі Ласосна Баранавіцкага сельсавету Гарадзенскага павету, у басэйне ракі Ласасянкі й яе прытокаў з правага боку — Прорвы, Падліпкі, Каменкі, і зь левага боку — Круцішкі і Татаркі (раней званай Нурцом) з Нуркай, або Папіліяй. Даўжыня ракі Ласасянкі —45 км. Татарскіх пасяленьняў тут было шмат. Гэта былі пераважна селішчы хутарскога тыпу на адну-дзьве сям'і. Усе землі ўваходзілі ў Гарадзенскую каралеўскую эканомію. У тыя часы да пасяленьняў хутарскога тыпу адносіліся Кульбакаўшчына, Абярдоўшчына, Багдашчына, Качаноўшчына, Казакоўшчына, Жыдоўшчына, Ласосна Алінская і іншыя. Недалёка ад ракі Ласасянкі знаходзіліся і большыя татарскія вёскі: Дайлідкі, Караліно, Тарусічы (цяпер Баранавіцкага с/сав.) і вёска Гневеншчызна (цяпер Каробчыцкага с/сав.). Найбольш старымі татарскімі пасяленьнямі на тэрыторыі сёньняшняга Гарадзенскага раёну былі вёскі Чортак і Кадыш на рацэ Чорная Ганча й вёска Малое Дзіміткава ля Ласасянкі, а таксама Сьвяцк (Сапоцкінскага сельсавету).

У архіўных паперах значацца й прозьвішчы былых жыхароў паселішчаў: Ізмаіл Сяхновіч, Кульзіман Аразовіч, Кульзіман Касімовіч, Джанчук Фатлыговіч, Асан Бузіновіч, Урус Алан і іншыя. Значацца прозьвішчы князёў, якія займалі адказныя пасады, мулаў былога Ласасьнянскага мячэту, якія паходзілі з прадстаўнікоў княжаскага роду — Фатлагодзічаў і Бузуловічаў.

Ніжэйшыя за князёў пасады займалі “Ўланы”, у тым ліку Ахмет Улан Асанчуковіч, Чумбай Улан Малошыцкі й Дзімідаўскія.

У тыя часы ў татараў-казакоў адзіным вымярэньнем быў "конь", гэта значыць, надзел зямлі або маёнтак, зь якога ўладальнік, у адпаведнасьці з тагачаснымі нормамі, мусіў выстаўляць аднаго коньніка. Памеры ўчасткаў не былі дакладна вызначаны, асабліва ў ваколіцах ракі Ласасянкі. Першыя зямельныя дараваньні татараў-казакоў адносяцца да часоў Вітаўта. Зямля давалася адразу на цэлыя групы татараў.

Ласасьнянскія татары-казакі ў асноўным займаліся земляробствам, конегадоўляй, кушнерствам, агародніцтвам і гадоўляй рыбы, асабліва ласося і стронгі (якую даўней называлі "лох", адкуль назвы рэчак і населеных пунктаў — Лоша, Лаша і інш.). Для гадоўлі гэтых рыбаў дужа надавалася чыстая, крынічная вада Ласосны й прытокаў. Апроч гэтага асобныя з татараў-казакоў служылі ў тыя часы ў канцылярыях вялікіх князёў талмачамі, татарскімі пісарамі, езьдзілі з даручэньнямі ў Вялікую Арду і Крым.

Ужо ў сярэдзіне XVI ст. беларускія татары, у тым ліку і ласасьнянскія татары-казакі, ня ўмелі размаўляць па-татарску, сталі карыстацца іншымі мовамі, у асноўным беларускай. Яны ўжо не маглі кантактаваць з жыхарамі мусульманскіх краінаў. Адбыліся працэсы моўнай асыміляцыі татараў па прычыне, галоўным чынам, мяшаных шлюбаў: многія татары бралі беларусак. Але ўсё ж, нягледзячы на гэта, беларускія татары, у тым ліку і татары-казакі ласасьнянскія, яшчэ доўгі час зьберагалі свае спэцыфічныя рысы, не зьнікалі ў агульнай масе насельніцтва ВКЛ, бо па-ранейшаму вызнавалі іслам.

Апроч ваеннай службы, татары Ласосны выконвалі і іншыя функцыі. У кнізе Ю.Ядкоўскага "Гродна" (1928) пазначана, што татары ў 1508 годзе зьвярнуліся да караля з просьбай, каб ён іх вызваліў ад нясеньня вартаўнічай службы ў Горадні, да якой іх прымушаў стараста Аляксандар Юр’евіч, князь Гальшанскі. Кароль задаволіў просьбу татараў.

Беларускія татары настолькі зжыліся зь мясцовым насельніцтвам, што часта нават выступалі супроць сваіх адзінаверцаў — крымскіх татараў. У актах Літоўскай Мэтрыкі знаходзім цікавы адказ беларускіх татараў, які быў дадзены імі адзінаверцам, што чынілі тады рабункі на граніцах: "Ні Аллаг, ні прарок, — пісалі яны, — не прадпісваў вам грабіць, а нам быць няўдзячнымі. Мы лічым вас драпежнікамі і шаблямі нашымі паражаем рабаўнікоў, а не братоў нашых".

Паводле перапісу 1989 году ў Беларусі жыло 12,5 тысячаў татараў. Шматлікія беларускія прозьвішчы нагадваюць нам былых татараў: Шайбак, Ажгірэй, Салей, Бут-Гусаім, Чабановіч і іншыя. Неабходна сказаць, што і ў маёй вёсачцы Кунцаўшчызна Індурскага сельсавету Гарадзенскага раёну больш як палова жыхароў маюць прозьвішча Салей. Можна меркаваць, што і яны далёкія нашчадкі былых татараў, хаця ўсе пішуцца беларусамі.

ХХ ст. было цяжкім для гарадзенскіх татараў — рэпрэсіі, разбурэньне мячэтаў, асыміляцыя. Яго можна ў нечым параўнаць з XVII ст., калі рост неталерантнасьці, войны, неўрадлівасьць земляў вакол Ласасянкі, судовыя прэтэнзіі магнатаў і буйной шляхты на татарскія землі — усё разам выклікала масавы выезд татараў у Турцыю, а таксама ў іншыя месцы Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасьці, у Слонім. Пазьней, па падзелах Рэчы Паспалітай іншая частка тутэйшых татараў пераехала зь вёсак у Горадню на вуліцу Баніфратэрскую, пазьней перайменаваную ў Татарскую (цяпер вуліца Сьвярдлова). Так паступова зьніклі татары з раёну ракі Ласасянкі.

Я пацікавіўся ў самай старэйшай жыхаркі вёскі Ласосны, 80-гадовай Ганны Гарасімовіч, ці яна што ведае пра татараў, якія жылі тут, але яна ўжо нічога пра іх ня чула.

Вясной 1996 году мусульманская суполка Горадні заплянавала распачаць у лесапарку Румлёва будаўніцтва мячэту. Узьнікае пытаньне, чаму гэта будзе рабіцца ў Румлёве, якое ня зьвязана з татарскай гісторыяй, а не ў Ласосьне, дзе да 1915 году і стаяў мячэт.

Апанас ЦЫХУН,
Заслужаны настаўнік Беларусі, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0