Хульё Картасар

Нехта Лукас і яго засмучэньні

 

У цяперашніх кватэрах, як вядома, калі хто з гасьцей ідзе ў прыбіральню, то астатнія працягваюць далей сваю гутарку пра Біяфру ды Мішэля Фуко; аднак, у паветры ўсё ж завісае пачуцьцё, нiбы ўсе прысутныя хочуць забыцца на тое, што ў іх ёсьць вушы, але адначасова гэныя ж іхныя вушы выцягваюцца ў накірунку сакральнага месца, якое, натуральна, ва ўмовах нашага сьціснутага грамадзтва, знаходзіцца траха ня ў трох мэтрах ад таго месца, дзе вядуцца размовы аб высокіх матэрыях, і няма сумневу ў тым, што, нягледзячы на высілкі адсутнага госьця прыхаваць праявы сваёй дзейнасьці ды той імпэт, зь якім суразмоўцы падвышаюць голаснасьць сваёй гутаркі, у пэўны момант даляціць-такi адзін з тых прыглушаных гукаў, якiя абіраюць для сябе самыя неспадзяваныя абставіны, або, у лепшым выпадку, пачуецца хвалюючае драньне гігіенічнае паперы звычайнай якасьці, калі нехта аддзірае сабе шматок ад ружовае ці зялёнае рулькі.

Калі ж у прыбіральню выпадае ісьці Лукасу, ягоны жах можна параўнаць толькі з націскам колікаў, якія й прымушаюць яго засесьці ў адыёзным рэдуце. У гэтым жаху няма ні нэўрозу, ні комплексаў, ёсьць толькi ўсьведамленьне рэцыдыўных паводзінаў кішак, гэта значыць, што пачнецца ўсё добра, мякка-ціхенька, але ж пад канец, быццам порах сутыкаецца са шротам у паляўнічай стрэльбе, нешта жудасна выбухне, аж здрыгануцца зубныя шчоткі у падстаўках ды скалыхнецца занавесіна душа.

Нічога ня можа зрабіць Лукас, каб гэтага пазьбегнуць; як ён толькi ні вычвараўся: нахінаўся, каб дапяць галавою падлогі, адкідваўся назад так, што кранаўся ступакамі супрацьлеглае сьцяны, садзіўся наўзбоч і нават спрабаваў ужыць найвярнейшы спосаб: хапаўся за клубы і як мага шырэй расьцягваў іх дзеля павелічэньня дыямэтру бурлівага трубаправоду. Марна ён памнажаў колькасьць глушыльнікаў, накідваючы на сьцёгны ўсе спадручныя ручнікі і нават купальныя чугаі гаспадароў: практычна заўсёды пры канцы таго, што магло б стацца прыемным баўленьнем часу, возьме ды бабахне гучнае фiнальнае — пярдзель!

Лукас пакутуе, i калi ў прыбiральню даводзiцца iсьцi камусьцi iншаму, бо ён упэўнены, што першы ганебны поклiч можа даляцець з iмгненьня на iмгненьне; яго трохi зьдзiўляюць людзi, якiя на выгляд быццам бы ня дужа клапоцяцца з-за такiх рэчаў, аднак, не пакiдаючы па-за ўвагай тое, што дзеецца, i нават перакрываючы гэта пагрукваньнем лыжачак у кубках ды беспрычынным перасоўваньнем крэслаў. Калi ж нiчога не адбываецца, Лукас адчувае сябе шчасьлiвым i адразу просiць яшчэ каньяку, чым сябе ж i выдае: усе прысутныя адзначаюць ягоную напружанасьць i непакой пад час таго, як сэньёра Броджы спраўляла свае патрэбы. Як гэта адрозна, разважае Лукас, ад беспасярэднасьцi дзяцей, калi яны наблiжаюцца да найвыбiтнай кампанii i заяўляюць: «Мама, хачу ка-ка». Якiм шчасьлiвым чалавекам, працягвае свой роздум Лукас, мусiў быць невядомы паэт, якi склаў наступнае чатырохрадкоўе: «Што можа быць прыемным болей / чым сераць дзесь сабе паволi / лепш не бывае адчуваньня / чым пачуваньне па пасраньнi». Каб узьняцца да такiх вышыняў, гэны сэньёр меў пачуваць сябе вольным ад небясьпекi няўчаснага цi ўчаснага выпусканьня газаў, калi толькi прыбiральня ягоная не знаходзiлася на iншым паверсе або ўяўляла сабой будан з цынкавых пласьцiнаў, якi стаiць на добрай адлегласьцi ад ранча.

Падсеўшы гэтак на паэтычную хвалю, Лукас прыпамiнае верш Дантэ, у якiм грэшнiкi avevan dal cul fatto trombetta, i гэтай разумовай спасылкай на культуру найвышэйшага ўзроўню ён пэўным чынам прабачае сябе за разважаньнi, якiя мала маюць агульнага з тым, што кажа доктар Бэрэнштайн наконт закону аб камунальных плацяжах.

1979

Пераклаў з гішпанскай
Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0