РЭЦЭНЗІІ


 

Плавільшчыкі расы

 

У Вільні выйшла кнiга выбраных вершаў Славамiра Адамовiча. Кніга называецца «Плавiльшчыкi расЫ» — або рАсы — тут сьведамае двоечытаньне. «Плавiльшчыкi расы» — кнiга, якая аб’ядноўвае ўсё лепшае з папярэднiх, як быццам зьбiрае сьляды паэта, раскiданыя ў часе i прасторы. Адамовiч — тая постаць, безь якой не ўявіць сабе сёньняшняй Беларусі. Дастаткова згадаць створаны iм палiтычны пэрфоманс — арганiзацыю «Правы рэванш», 10-месяцовае зьняволеньне ў турме за верш «Убей презідента» альбо публiчна ў знак пратэсту супраць прыгнёту зашыты сабе рот. А таксама вершы...

Даведкі праз тэл. (017) 227 78 92

 

ЮБIЛЕЙНЫ ТАЛЕР

 

Як гэта добра — падысьцi да стойкi, i дзьвякнуць перад бармэнам вялiкай рыфлёнай чыiмсьцi профiлем манэтай: «Два пiвы, мне i сябру». Скiраваная вялiкiм пальцам рукi, манэта блiскане паўколам i трапiць акурат у сподачак. Гэта стыль.

Магчыма, з слова «стыль» варта пачынаць любы расповед пра Славамiра Адамовiча. Выява профiля Адамовiча можа ўпрыгожыць любы тытул, любы мэдаль, нават трыбуну. Iнтэрвію палiтычнага лiдэра, прамова падсуднага, выступ паэта... Кажуць, стыль жыцьця аўтара «Забi прэзыдэнта» — гэта правакацыя.

Калi ўзяць панятак «жыцьцё» як штосьцi, што застаецца па-за момантам стварэньня паэзii, калi акрэсьлiць яго як тое «лiшняе», што ўвесь час трэба адсякаць, каб стварыць верш, дык цi для чытачоў прынцыпова, якое яно — жыцьцё паэта, стылёвае цi не стылёвае? Зрэшты, наступае момант, калi i сам стваральнiк паэзii адсякаецца ад пладоў сваёй творчасьцi як «лiшняе». Тады застаюцца вершы, i...

Ёсьць думка, што Адамовiчу варта было б нарадзiцца ў 30-х гадох, у час шырокiх капелюшоў i каўнераў, срэбных парттабакаў i «кольтаў». Але я спрабую ўявiць сабе помнiк паэту Славамiру Адамовiчу, выкананы ў стылi зараджэньня клясыцызму ў росквiт напалеонаўскай эпохi. Эпалеты, батфорты, шпага, узьнятая наперад, у бок, дзе чакаюць новыя перамогi. Магчыма, можна абыйсьцiся i без эпалетаў, але помнiк мусiць быць грандыёзным, на велiчэзным п’едэстале. П’едэстал аздобяць сцэны з жыцьця Славамiра Адамовiча. Кола замкнулася? Не. I ня толькi таму, што гэтыя сцэны мы ведаем зь ягоных рэпартажаў-дзёньнiкаў. Праз сто гадоў сцэны зьменяцца на мiтычныя.

Рэч у тым, што Адамовiч ня ёсьць паэтам, якi ў самотнай паўцемры пiша вершы ў спадзеве на сьветлы розум нашчадкаў. Ён творца РЭАЛЬНЫХ СЫТУАЦЫЯЎ. Калi жадаеце, ён актор-выканаўца ўласных п’есаў, у якiх гледачы, па сваёй волi цi не, бяруць удзел. Гэта мiнiятуры, якiя складаюцца ў адзiную фэерыю любовi да Бацькаўшчыны, Жанчыны i Зброi... Стоп.

Магчыма, гэта словы з энцыкляпэдычнага даведнiка канца ХХI-га ст., якiя будуць напiсаныя на сшытках беларускiх школьнiкаў яшчэ пры жыцьцi паэта... Гэта сапраўды сталася б колам, кшталту таго, па якiм пайшло iмя, напрыклад, Пушкiна. Адамовiч таксама «дуэлянт», «пазэр», «донжуан» i «скандалiст». Пры тым ён адзiны зь нямногiх паэтаў, да якiх немагчыма наляпіць ярлыкi «п’янства», «самагубства», «ня той арыентацыi», «сухотнасьцi», альбо «не таго паходжаньня»... Цi значыць гэта, што яму пагражае лёс «вовачкi» — папулярнасьць навыварат?

Адамовiчава прага выплеснуць уласны сусьвет гэткая ж моцная як прага зафiксаваць навакольную рэальнасьць. Ён стварае «дзёньнiкi», «бытавухi», «справаздачы», «зборнiкi дакумэнтаў»... Калi б ён здолеў, ён бы на кожнай рэчы паставiў уласны подпiс пад датай, калi ён спрычынiўся да гэтай рэчы — да жыцьця, якое штораз «толькi пачынаецца».

Адамовiч стварае вялiкi раман, якi «абарвецца на палове слова» i якi чытач будзе прагнуць працягваць самастойна... Магчыма, адным зь сюжэтаў гэтага працягу будзе сцэна ў сталiчным бары, дзе, дзьвякнуўшы манэтай з профiлем беларускага героя, невядомы Вялiкi Паэт прачытае сябру свой першы верш. Той самы, дзеля якога змагаецца Адамовiч.

Севярын Квяткоўскі


 

Музычная адукацыя

 

В.Скорабагатаў. Зайгралі спадчынныя куранты. — Менск.: Тэхналёгія, 1998. — 154 с. — ISBN 985-6234-59-X

 

Беларусы — нацыя надзвычай музычная. Ледзьве ня чвэрць насельніцтва (уключаючы «вышэйшае далжнасное ліцо») можа пахваліцца пачатковай музычнай адукацыяй — гэтаму паспрыялі адкрытыя за савецкім часам музычныя школы, дзе за 16 рублёў у квартал яснавокія сялянскія (і гарадзкія) дзеткі авалодвалі першапачатковымі навыкамі граньня на чым-небудзь (стандартны набор — баян, акардэон, цымбалы). Кожны цэнтар сельсавету (прасьцей кажучы — «куст») лічыў справай гонару мець музычную школу, ня кажучы ўжо пра вялікія гарады: там што ні СШ, то ледзь табе ня хор Пятніцкага. Як і ўсялякая іншая адукацыйная ўстанова, музычная школа спалучала навучальныя задачы з задачамі выхаваўчымі — перш за ўсё зьвярталася ўвага на выхаваньне патрыятызму. Дзе-дзе, а тут запавет правадыра пра права нацыяў на самавызначэньне шанаваўся і выконваўся — навучальнай праграмай, акрамя спэцыяльнасьці, тэорыі музыкі, хору і г.д., была прадугледжаная такая экзатычная дысцыпліна, як беларуская музычная літаратура, адзнака за якую ішла ў «Пасьведчаньне аб сканчэньні...»

Таму, пабачыўшы кнігу В.Скорабагатава «Зайгралі спадчынныя куранты», якая, паводле рэмаркі, ёсьць дапаможнікам з гісторыі беларускай музыкі, кожны пачаткова-музычна-асьвечаны беларус — утаймаваўшы вадаспад асацыяцыяў, выкліканых словам «куранты», пачынае ліхаманкава рэстаўраваць свае веды ў гэтай галіне. У большасьці выпадкаў усе намаганьні аказваюцца марнымі. Часам — здараюцца і такія цуды — прыгадваюцца 2-3 прозьвішчы (Чуркін, Алоўнікаў, Аладаў), 1-2 опэры (пра немцаў і партызанаў або пра дрэннага пана і шчасьлівае жыцьцё калгасьнікаў у фінале). Таму кніга пра беларускую музычную спадчыну выклікае ў чытацкай аўдыторыі калі ня лёгкі шок, дык зьдзіўленьне — дакладна. Аднак усё па парадку.

Па-першае — аўтар В.Скорабагатаў. Тут многа казаць ня трэба — чалавек добра і заслужана вядомы: опэрны сьпявак, музычны крытык, ляўрэат шматлікіх прэміяў, які, плюс да ўсяго, як казаў адзін палкоўнік, шчэ й «сечёт па-беларусскі», — каму, як не яму, было напісаць такую працу?

Сутнаснае разуменьне фармальнай структуры кнігі — «спалучэньне». Так, яе будова ёсьць спалучэньнем некалькіх храналягічных прынцыпаў: эўрапейскае храналягічнае традыцыі (барока — клясыцызм — рамантызм), беларускае, «мясцовае» традыцыі («залаты век», «нашаніўскі пэрыяд») і, так бы мовіць, «храналёгіі асобаў», якія зь вялікай цяжкасьцю ўкладаюцца ў рамкі згаданых творчых мэтадаў (А.Радзівіл, М.К.Агінскі, С.Манюшка).

Адрозьненьне гэтага выданьня ад большасьці падручнікаў і навучальных дапаможнікаў у тым, што тут беларуская музычная культура не разглядаецца асобна ад грамадзка-палітычнага і агульнакультурнага кантэксту (як беларускага, так і сусьветнага), аднак аўтар ніколі не забываецца на фонавы характар такіх «агульных» зьвестак і, адпаведна, ня робіць на іх значных акцэнтаў. Праілюстраваць гэта можа кампазыцыя некаторых разьдзелаў, якая нагадвае рух ад краю сьпіралі да сярэдзіны: аўтар пачынае з найбольш агульных зьвестак, паступова сьціскаючы кола. Міргнуць не пасьпееш, як апынаесься ў гушчары музычнае тэрміналёгіі («гушчар» — гэта, бадай што, занадта — аўтар даволі стрымана ёй карыстаецца, дэманструючы рэдкае сярод навукоўцаў разуменьне таго, што кніга — яна на тое, каб яе чыталі).

Адзінае, што засталося па-за ўвагай — гэта ўласны ўнёсак аўтара ў разьвіцьцё беларускае музыкі, якому будучыя складальнікі такога кшталту выданьняў, безумоўна, прысьвецяць не адну старонку.

Андрэй Скурко


 

Памежнае пытаньне

 

В.Янин. Новгород и Литва: пограничные ситуации XIII-XV веков. — Масква: Выд-ва Маск. ун-та, 1998. — 216 c. Наклад 1500 ас. ISBN 5-211-03739-1

 

Чамусьці так здараецца, што кнігі пра межы Беларусі ў даўнейшы час зьяўляюцца хутчэй у Польшчы ці Расеі. У Беларусі пра гэта пісаць, здаецца, амаль немагчыма. Вось і апошнім разам нас парадаваў нястомны дасьледнік, расейскі акадэмік В.Янін. Яго праца прысьвечаная сьветлай памяці Эгідыюса Банёніса, які заўчасу памёр і ня здолеў скончыць усе задуманыя дасьледаваньні па дыпляматычнай гісторыі Вялкага Княства Літоўскага.

Кніга В.Яніна шматплянавая, што і выклікала падзагаловак «Памежныя сытуацыі». Якіх толькі праблем не паўстае на памежжы! Адно з асноўных — вызначыць, дзе тое самае памежжа праходзіць, што для сярэднявечча зусім ня проста. Да таго — як узьнікла памежжа, у чым яго сутнасьць. Вось для вялізнай Наўгародзкай рэспублікі XV ст. памежжа з ВКЛ — ня проста лінія, гэтая яшчэ некалькі валасьцей, якія хоць і належаць адміністрацыйна Вялікаму Ноўгараду, але даніна зь іх, «чорная куна», ідзе ў скарб вялікіх князёў літоўскіх. В.Янін прапануе ўжо другі варыянт тлумачэньня, як зьявіўся такі дзіўны парадак. Разглядаюцца іншыя сюжэты: датаваньне комплексу дакумэнтаў ХІІ ст. пра ўладкаваньне Смаленскай япархіі (таго самага, дзе ўпершыню ўпамінаюцца гарады Крычаў, Прупой, Лучын), датаваньне «Сьпісу гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх» XIV ст. (таго, дзе ў першы і апошні раз прыгаданы горад Няміга), пра літоўскіх князёў на службе ў Наўгародзкай рэспубліцы ды інш. Няма дзе больш падрабязна даведацца пра пасьпяховы паход Вітаўта на пскоўскі горад Каложу ў 1406 г., жыхары якога былі выведзеныя ў палон і ўтварылі Калоскае прадмесьце ў Гародні (адсюль і Калоская царква). Упершыню адшуканы верагодныя генэалягічныя карані загадкавага князя Рамана Літоўскага, што ў XIV ст. служыў Ноўгараду. Здаецца, што гэта Раман Фёдаравіч, унук Альгерда, уладальнік Кобрыню. І што за дзіва? Вось быў жа пінскі князь Нарымонт першым служылым ліцьвінам у Вялікім Ноўгарадзе. Хаця стоп, ня першым. Першым быў усё ж знакаміты Давыд Гарадзенскі, які асталяваўся ў Ноўгарадзе ў 1322 г. Дарэчы, гэты эпізод у жыцьці знакамітага ваяра ніяк ня згадваюць айчынныя гісторыкі, а таксама і В.Янін. Аўтар прапануе цікавы погляд на ўзаемаадносіны наўгародцаў з ВКЛ: быццам, пакуль мір зь Літвой на поўдні падтрымліваецца выплатай ёй даніны з памежных валасьцей, на паўночным захадзе літоўскія служылыя князі, маючы там у трыманьні гарады, абараняюць Ноўгарад ад швэдзкай і нямецкай небясьпекі. Гэта называецца «сыстэма наўгародзка-літоўскага супрацоўніцтва» (да таго быў пэрыяд «літоўскай агрэсіі»).

В.Янін чамусьці мяркуе, што Полацкае і Віцебскае княствы павінны былі бараніць ад гэтай літоўскай агрэсіі Вялікі Ноўгарад ды іншыя вялікарускія землі. Павінны былі, але «не маглі супрацьдзейнічаць», прыкладам, наездам Літвы на Таропец. З такога гледзішча сапраўды выглядае дзіўным, што літоўцы не чапаюць полацкіх або віцебскіх зямель, праходзяць празь іх, як праз масла, рабуюць Таропец і спакойна вяртаюцца дахаты. Відавочна, была тут нейкая змова паміж тым жа Полацкам і Літвою, якая пазьней прывядзе да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага. Погляд жа на падзьвінскія гарады як на ахвяру літоўцаў прыводзіць аўтара да катэгарычных высноваў: «Апошняе сьведчаньне пра незалежнасьць Віцебска ад Літвы адносіцца да 1245 г.». У гэты год там гасьцяваў князь Аляксандар Неўскі, пэўна, адведваў сваякоў. Але ж нават пазьнейшае зацьвярджэньне там літоўскага князя зусім ня сьведчыць пра страту «незалежнасьці ад Літвы». Князь Даўмонт зь Літвы 33 гады княжыў у «незалежным ад Літвы» Пскове, а больш дзясятка літоўскіх князёў сядзелі ў Вялікім Ноўгарадзе — ці гэта быў канец незалежнасьці?

Што забясьпечыць кнізе В.Яніна доўгае жыцьцё, дык гэта наяўнасьць шматлікіх мапаў памежных адміністрацыйных адзінак, на якіх пазначаныя сотні населеных пунктаў. Тут Ржэўская зямля — скрайні паўночна-ўсходні набытак Беларуска-Літоўскай дзяржавы, Тарапецкая зямля, гэта ўжо бліжэй да сучаснай беларускай граніцы, Вялікалуцкая і Пустаржэўская землі. Гэта яшчэ бліжэй да сучаснай мяжы, але нават тут нельга адзначыць гістарычнага супадзеньня межаў, што В.Янін неаднаразова робіць пры супастаўленьні, прыкладам, межаў Пскоўскай фэадальнай рэспублікі і сучаснай мяжы Расейскай Фэдэрацыі з Эстоніяй і Латвіяй. Там праз 500 гадоў яны супадаюць, а ў нас ніяк ня хочуць.

Ці можна было б напісаць такую кнігу ў Беларусі з тэхнічнага пункту гледжаньня? Асноўнымі крыніцамі аўтару паслужылі ўжо апублікаваныя дакумэнты XV—XVI ст. у спалучэньні з тапаграфічнымі 3-х і 10-вёрстнымі мапамі генэральнага штабу другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст., і сучаснымі 2-х і 3-кілямэтровымі мапамі расейскіх абласьцей. Апублікаваныя дакумэнты ў нас даступныя ў бібліятэках, мапы генэральнага штабу, нягледзячы на гераічныя высілкі, так у Беларусі і не сабраныя, а за карыстаньне сучаснымі мапамі без цырымоній могуць пасадзіць як шпіёна. Не, такая, кніга не магла зьявіцца ў Беларусі ніяк.

Валеры Пазьнякоў

 


 

І душы, і розуму, і сэрцу

 

Марыя Скуратовіч «Табе, Хрысьце!». 1997, Limas

 

Гэтае выданьне — зусім не камэрцыйны праект, а духовы. І акурат сярод людзей, для якіх клопат пра душу — не пустыя словы, яно карыстаецца заслужанай папулярнасьцю. А набыць гэтую касэту можна ў хрысьціянскіх храмах Беларусі.

Прызнацца, неаднойчы даводзілася мне чуць рэлігійныя сьпевы, дзе добрыя памкненьні душы суседнічаюць з наіўнасьцю, а часам і проста бяздарнасьцю музыкаў (аб прафэсіяналізьме тут гаварыць не выпадае). І вось упершыню напаткаў твор, дзе добрыя памкненьні спалучаюцца з боскім дарам: тут і высокая паэзія, і чароўныя мэлёдыі, і безумоўны вакальны талент сьпявачкі.

Дзевятнаццаць узораў хрысьціянскіх сьпеваў, якія ўвайшлі ў праграму гэтае касэты, маюць рознае паходжаньне: тут і клясычныя праваслаўныя ды каталіцкія каноны, і рэлігійныя творы беларускіх бардаў (Галіны Смоляк, самой Марыі Скуратовіч), і беларускія пераклады твораў замежных аўтараў (Том і Робін Бруксы, Яцэк Сыкульскі, Л.Матвееў, Лінда Стасэн). Прычым пераклады зробленыя зноўку ж і самой Марыяй Скуратовіч, і самадзейнымі літаратарамі (І.Іваноў, М.Варонька ды іншыя), і нават ксяндзом Уладыславам Чарняўскім. Мова першакрыніцаў — лаціна, польская, расейская, літоўская, латыская, ангельская.

Трэба сказаць, што некалькі твораў гучыць на мове арыгінала — «Tu sei Re», «Chante Alleluia», «Deo gratias!», «Niech oblicze Twe», «Если Бог с нами», «Sh’ma Israel», «Dievs doma par mums», але пранікнёная манера сьпеву Марыі Скуратовіч робіць іх зразумелымі й блізкімі і для беларускага слухача.

З чым жа параўнаць гэтую манеру? Для масавага чытача дарэчным будзе параўнаньне зь вядомымі зоркамі шоў-бізнэсу. Тут падышлі б такія асобы як Джоан Баэз, Жана Бічэўская, але сьпявае Марыя Скуратовіч не пра «ізьменшчыкаў каварных» ці «валацугаў бадзяжных», а зусім пра іншае: «Хай міласьць будзе», «Духа Сьвятога спашлі», «Укрыжаваньне», «Хрыстос уваскрос».

Пяшчотныя гукі гітары і мяккі вакал ствараюць сапраўды чароўны настрой, залагоджваюць душу, дадаюць слухачу ўпэўненасьці і грунту пад нагамі на жыцьцёвай дарозе. Магчыма, камусьці падасца змрочнай мастацкая аздоба выданьня — магільны крыж у горнай цясьніне, але гэта толькі дадатковае сьведчаньне спакою, які ўрэшце чакае кожнага з нас. Якасьць гуказапісу выдатная. Ён быў зроблены лічбавым спосабам і тыражаваны з выкарыстаньнем найноўшай сыстэмы «Dolby HX Pro».

Вітаўт Мартыненка


 

Мы — цэнтар Эўропы

 

Ліцьвіны. Ой, лузе-лузе... 998, Limas, MC i CD.

 

Гэты альбом славутага гурта, які працуе ў жанры фальклёру, у красавіку-траўні красаваўся ў дзясятцы лепшых беларускіх музычных выданьняў апошняга часу. Між іншым, гэта ня першая вандроўка нашага фальклёру па гіт-лесьвіцах: тыя ж «Ліцьвіны» на пачатку 90-х высунулі ў гіт-парад радыё «Свабода» песьні «Туман ярам» і «Восень мая доўгая», а пазьней першая з названых стала гітом і ў выкананьні гурта «Крыві».

Але вернемся да «Ліцьвінаў», бо гэта ўсё ж ня поп-рок-апрацоўкі, а фальклёр у чыстым выглядзе, аўтэнтык. Новы альбом гэтага калектыву адкрывае зусім новыя грані нашай музычнай традыцыі. Любому зацікаўленаму рок-музыкай прафэсійна незвычайныя адкрыцьці прыносіць загалоўная песьня альбома — «Ой, у лузе-лузе...». Пасьля праслухоўваньня яе душа разгарнулася, а ў мазгах заварушылася музыкалёгія. Недатычныя да «Ліцьвінаў» думкі — аб памылковасьці тэрміну «фольк-рок» (так трэба называць ня модныя аранжаваньні архіўных скарбаў, а жывую народную творчасьць сучаснага рок-пакаленьня), а вось для творчасьці як у «Ліцьвінаў» — трэба ўводзіць новы тэрмін — арт-фольк. Што ж я вылучаю, як рысы арт-фольку? Па-першае, маштабнасьць выяўленчых сродкаў, багацьце мэлядычных ліній, іх віртуознае перакрыжаваньне. Па-другое, ёмістая структура драматургічнай канструкцыі, якая проста зацягвае ў вір падсьвядомых псыхадэлічных уражаньняў.

Мае калегі-радыёжурналісты акурат да песьні «Ой, у лузе-лузе...» ставяцца зь недаверам. «Гэта ж трэба, больш за восем хвілінаў. Нават жвавенькая папса за такі час занудзіла б слухача». Згодзен, папса занудзіла б. А вось арт-року гэтага было б нават мала. Ды й арт-фольк не зануджвае.

Калі гэтая песьня падароная калектыву Сяржуком Вітушкам, вядомым зьбіральнікам і захавальнікам нацыянальных скрабаў, дык іншыя мэлёдыі і тэксты («Як каравай нясуць», «Вальс Балкоўскага», «Шабасоўка», «Па вуліцы ды па шырокай», «Акуліна», «Ой, у полі стояць два дубочкі») сталі вынікам асабістых этнаграфічных камандзіровак Уладзімера Бярберава, гурта «Ліцьвіны» або проста прыйшлі зь сем’яў ягоных удзельнікаў. Часам скарыстоўваюцца і зборы вядомых фальклярыстаў (Л.Салавей, З.Мажэйкі) — «Грозныя тучкі», «Перапёлка», «Стукнула-грукнула на двары», «Ой, кумухно ды голубухно».

Асаблівае, сярэднеэўрапейскае гучаньне надаюць гэтаму альбому песьні і мэлёдыі, дзе стылёвы саўнд базуецца на гучаньні дуды («Грозныя тучкі», «Ой, у полі стояць два дубочкі», «Перапёлка» ды іншыя). Дарэчы, дуда, від эўрапейскай валынкі, асацыюецца ў многіх з Шатляндыяй, Ірляндыяй. А між тым амэрыканскі дасьледнік Боб Коэн у буклеце да аб’ёмнага альбому «Unblocked: Music of Eastern and Central Europe» (3 CD, 1997, Elipsys Arts) заўважыў, што гэта акурат уласьцівасьць музычнага сьвету самога цэнтру Эўропы, і — уключыў для прыкладу ў тое дыхтоўнае выданьне дзьве песьні ў выкананьні «Ліцьвінаў».

Не прайшло і двух гадоў, як і беларусы, пасьля амэрыканцаў, змаглі адчуць свой эўрапейскі дух на кампакт-дыску свайго аўтэнтычнага фальклёру.

Трэба адзначыць і дыхтоўнасьць мастацкае аздобы выданьня: маляўнічы буклет, поўны інфармацыі і пра сам гурт «Ліцьвіны», і пра паходжаньне кожнай песьні, і пра скарыстаныя музычныя інструмэнты, маляўнічы і сам дыск, які ўпісваецца ў аздобу ўнутранай расфарбоўкі скрынкі.

Карацей кажучы, бліскучы шоў-прадукт. Вось толькі ніводная музычная крама яго не прадае — трэба тэлефанаваць самому кіраўніку ансамбля Ўладзімеру Бярбераву: 239-01-66.

Вітаўт Мартыненка


 

Куды ты, «Дарожка», мяне прывядзеш?

 

Палац. Дарожка. 1998, Пан Рэкардз.

 

Новы альбом пачынаецца традыцыйнай для «Палацу» валачобнай песьняй «Борам» зь яе абавязковымі атрыбутамі — шматгалоснымі сьпевамі, спалучэньнем розных народных інструмэнтаў, баяна, зь сьмелым выкарыстаньнем магчымасьцяў сучасных сынтэзатараў. І калі валачобная «Борам», калядка «А ці дома», вялікодная песьня «Яркае сонца» — візытоўкі гурта, то песьня канадзкіх індэйцаў «Come Out the Wilderness» можа падацца «прыцягнутай за вушы» да канцэпцыі беларускамоўнага альбому. Але, прыгадаўшы гістарычныя паралелі з жыцьця нашых народаў, можна ўспомніць творы ў даўно забытым жанры — песьні пратэсту. Але што скажуць пра гэтую англамоўную вэрсію, напрыклад, правадыры індэйскага народа з возера Любікон у Канадзе — калектыўныя сябры Беларуска-Індэйскага таварыства? Ці ня ліюць беларускія браты з «Палацу» ваду на млын бледнатварых асымілятараў?

Досьведам спалучэньня мэлядызму і моваў розных народаў адрозьніваюцца і беларуская народная песьня «Каліначка» і англамоўная «Freeze to Me Mama», зьяўленьнем якіх «Палац» абавязаны часоваму альянсу з экс-»сузорцам» Аляксеем Казлоўскім. Увогуле, атрымалася добрая ілюстрацыя магчымасьцяў працы на інтэрнацыянальнага слухача.

Ёсьць на стужцы і патэнцыйныя гіты. «Ночы» — самы заўважны зь іх, з акцэнтаваным рытмічным малюнкам, дасканалымі аранжаваньнямі А.Хаменкі, хвалюючымі гітарнымі акордамі. У гэтым жа рэчышчы скампанаваная і беларуская народная песьня «Волы», да якой пасуе «архаічнага» тэмбру голас Алега Хаменкі.

Неяк асобна на «Дарожцы» стаіць легендарная кампазыцыя «Казачэнька», перад выкананьнем якой на адным з канцэртаў «палацаўцы» беспакарана прымусілі ўзьняцца са свайго месца адну вельмі знакамітую асобу. Створаная яна паводле канонаў гукавога палатна: гучыць тут і настальгічнае танга, і запісы гітлераўскіх прамоваў і воклічаў. Усе гэтыя музычна-акустычныя складнікі ўплятаюцца ў мэлядычную канву гэтай народнай песьні, прысьвечанай музыкамі, як піша на вокладцы касэты, усім загіблым на нашай зямлі.

Ня так даўно ў рамках тэлецыклю «А музыка гучыць...» адбылася прэм’ера некаторых твораў з «Дарожкі». Здымкі праграмы нагадвалі шмат якія іншыя малабюджэтныя праекты БТ, але выступ «Палацу» атрымаўся ўнутрана напружаны, дынамічны. Музычны матэрыял гэтага альбому — добрая аснова для здымак паўнавартаснага відэафільму (пры ўмове зьмены састарэлага сцэнічнага выгляду ўдзельнікаў гурта).

У цэлым жа альбом «Дарожка» пакідае ўражаньне больш экспэрымэнтальнага, сапраўды стэрэафанічнага і ў той жа час пераходнага да нейкага новага гучаньня «Палацу».

Анатоль Мяльгуй


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0