Камэнтар тыдня
Чарна-горыя, Бела-русь
Галоўная тэма мінулага тыдня ў Беларусі — ліхаманкавая інтэграцыйная актыўнасьць рэжыму Лукашэнкі. Тут і апытаньні грамадзкай думкі, дзе амаль усе — за далучэньне да Расеі, і заявы Ярмошынай пра гатовасьць да рэфэрэндуму «хоць заўтра», і паездкі туды-сюды высокага чынавенства, і праекты саюзных дамоваў, і парлямэнцкія асамблеі... Усяго, як той казаў, не пералічыць. Да 20 ліпеня, калі сканчаецца тэрмін легітымнасьці Лукашэнкі, трэба за любы кошт «увайсьці ў Расею» ў нейкім новалегітымным выглядзе. Адсюль такая палітычная гарачка ў такія сьпякотныя дні. Першы прэзыдэнт РБ ужо не вытрымлівае і пачынае палохаць расейскіх парлямэнтароў, што калі й надалей будуць марудзіць, ён павернецца да Захаду. Пятнічны выступ Лукашэнкі сьведчыць ня толькі пра тое, што ў ППРБ здалі нэрвы, але й пра спробы падлесьціць Захаду, каб той зьмякчыў сваю думку пра нелегітымнасьць рэжыму пасьля 20-га. Аднак, у кожным разе, усё гэта гучыць, як дрэнна прыхаваная агонія. Бо Лукашэнка калі не разумее, дык адчувае, што ягонай уладай распараджаецца зусім ня ён. І ўсё, што ён агучвае, прадумана і прамоўлена ў Крамлі.
Расейскія журналісты апошнім часам актыўна ўводзяць у свой палітычны лексыкон новае клішэ: «варыянт Мілошавіча». Пад ім разумеецца наступнае: расейскі палітычны бамонд падазрае свайго прэзыдэнта Ельцына ды ягоную сям’ю ў спробе ўзурпаваць «працэс інтэграцыі» Расеі й Беларусі. У якасьці аналяга прыводзіцца ўзор Саюзнае Югаславіі, а менавіта злучэньня ў 1994 годзе Чарнагорыі й Сэрбіі ў адзіную дзяржаву. Акурат у той час сканчаўся тэрмін легітымных паўнамоцтваў Мілошаваіча як прэзыдэнта Сэрбіі. І дзеля таго, каб утрымаць уладу яшчэ, на няпэўны й вялікі тэрмін, ён падбухторыў тагачаснае кіраўніцтва Чарнагорыі на «брацкі саюз»... У выніку Мілошавіч ня толькі працягнуў свае ўладныя паўнамоцтвы, на вышэйшай пасадзе, але і ўнікнуў кары за генацыд у Босьніі.
А што атрымала Чарнагорыя, да якое расейская журналістыка прыклеіла ярлык — «празаходняя»?..
Фактычную акупацыю сэрбскімі войскамі, міжнародную блякаду, якая балюча ўдарыла па гэтым некалі турыстычным раі, тысячы ўцекачоў з Босьніі й Косава, а ў дадатак натаўскія бамбёжкі, нягледзячы на ўсе антымілошаўскія эскапады чарнагорскага кіраўніцтва. І цяпер ужо позна рваць на сабе валасы, падлічваць страты, плакаць пра сваю незалежнасьць.
Сёньня любыя спробы Крамля фарсаваць падзеі з інкарпарацыяй Беларусі разглядаюцца ў палітычных ды журналісцкіх колах Расеі ня йнакш, як у кантэксьце «варыянта Мілошавіча» — як задума «працягнуць» палітычнае жыцьцё Ельцына пасьля 2000 году ў якасьці галавы беларуска-расейскага кентаўра. І тады ўжо мала хто згадае такія эпізоды ельцынскай біяграфіі, як Белавеская пушча ці ганебная параза ў крывавай чачэнскай вайне.
У часе апошніх супольных вайсковых вучэньняў «Захад 99», паводле афіцыйнае інфармацыі, адпрацоўваліся спосабы адбіваньня паветранае атакі NATO на выпадак нападу альянсу на тэрыторыю Беларусі. Але іншыя крыніцы, напрыклад, літоўскія, сьцьвярджаюць, што гэта была рэпэтыцыя нападу на «адну зь неназваных» краінаў Балтыі. Пасьля гэтага становіцца зразумелым, чаму літоўцы «не заўважаюць» беларускіх праблемаў. Яны наогул не зважаюць на Беларусь, ведаючы, хто там сапраўдны гаспадар, які ў сапраўднасьці «ня там».
Аднак, інтарэсы Ельцына паўсюдна, у тым ліку ў Беларусі, могуць быць тарпэдаваныя знутры, расейскімі прэтэндэнтамі на маскоўскі пасад. Зь іншага боку, у цара Барыса сёньня бракуе сродкаў на рашучую інкарпарацыю Беларусі. Вось ён і прытармажвае аб’яднаньне, як казырную карту на будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Расеі. І таму, насуперак бравадзе Менску, расейскі віцэ-прэм’ер разводзіў рукамі й казаў журналістам, што «размовы пра стварэньне ўнітарнае дзяржавы не вядзецца», роўна ж як няма й размовы пра «абмежаваньне сувэрэнітэту дзьвюх краінаў і аб’ёму паўнамоцтваў іх прэзідэнтаў».
Калі ж Ельцын усё ж знойдзе грошы на інтэграцыйныя цацкі для свайго плаксівага менскага ўтрыманца, дык толькі дзеля таго, каб утрымацца самому, на прыкладзе Мілошавіча. Чарна-горыя і Бела-русь падзеляць лёс. Замест мірнага й заможнага йснаваньня нас будуць чакаць толькі ганьба й чужая вайна. Бо чым скончыўся «варыянт Мілошавіча» ў Югаславіі ўжо вядома... Далучэньне ж да беларуска-расейскага саюзу яшчэ й Югаславіі дасьць магчымасьць схавацца за крамлёўскімі мурамі й ваенным злачынцам, якія давялі Балканы да крывавай драмы. Няма сумневу, што іхны «варыянт» прыйдзецца даспадобы і тым, хто прайграў прыднястроўскую, карабахскую ды чачэнскую кампаніі. Маштабы рэваншызму ў межах гэткага траістага зьвязу будуць неабмежаваныя, пра што і засьведчылі вучэньні «Захад 99»...
Гары Куманецкі