ТРЫ МІЛЬЁНЫ ЗА БОЯЗЬ NATO

Антызаходніцкія настроі і комплекс дзяржаўнай непаўнавартасьці ў РБ

 

Днямі давялося прачытаць у прэсе пра вынікі статыстычнага апытаньня ў Беларусі і Расеі. Паводле гэтых зьвестак абсалютная большасьць беларусаў — за аб’яднаньне дзьвюх краін, і галоўная прычына такога імкненьня — боязь NATO. Пра натаўскія бамбёжкі сёньня і сапраўды зусім сур’ёзна разважаюць паспалітыя беларускія людзі — што ў горадзе, што ў вёсцы. Адпаведна боязь Захаду змушае іх туліцца да расейскага пляча, шукаць абароны ў савецкіх традыцыях, давярацца развагам кіраўніцтва РБ пра патрэбу супрацьстаяць ЗША. Што ж гэта за страх такі народны, адкуль ён бярэцца і на чым трымаецца?

Найпершы і найбольш просты адказ — дзяржаўная прапаганда, або як цяпер кажуць, замбіраваньне насельніцтва. Хоць нельга сьцьвярджаць, што сёньня яна такая ж актыўная і карыстаецца такім самым даверам, як у часы СССР. Тым ня менш. Дастаткова прааналізаваць тыя антыпольскія настроі, якія традыцыйна для БССР, а яшчэ раней — для Северо-Западного края сёньня прадукуюцца і распальваюцца рэжымам першага прэзыдэнта РБ.

Традыцыі такой прапаганды бяруць пачатак не ў Беларусі, а ў сярэднявечнай Масковіі, якая цягам усёй гісторыі ваявала з Польшчай. Беларусь жа, наадварот, найчасьцей шукала паратунку ад Масквы ў саюзах з Варшавай, пра што сьведчаць Крэўская і Люблінская уніі, аб’яднаньне ў адзіную дзяржаву Рэч Паспалітую. Тагачасная Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага была, калі зьмясьціць часы, цалкам рэальным прэтэндэнтам на ўступленьне ў NATO і эўрапейскія структуры. Сёньня ўсё наадварот.

Сытуацыя радыкальна зьмянілася ў мінулым стагодзьдзі, калі цалкам зьмянілася кіраўніцтва краіны. Замест сваёй спалянізаванай шляхты вялікія і малыя беларускія лёсы сталі вырашаць прывезеныя з Расеі чыноўнікі. Яны цалкам падзялялі модную тады нянавісьць да «палячышак».

 

За два стагодзьдзі ў сьвядомасьці народа быў глыбока ўкарэнены комплекс дзяржаўнае непаўнавартасьці Беларусі. Беларусь — як бы недакраіна, недадзяржава. Адсюль несур’ёзныя адносіны да беларускай мовы, да гісторыі. Беларуская дзяржава ўспрымаецца як штучная на самым паспалітым народным узроўні. Гэта чыста прапагандысцкі плён, які ня мае ніякага дачыненьня да мэнталітэту або нацыянальнага лёсу. Прычым гэты плён дасягнуў такога ўзроўню, што новыя і новыя пакаленьні начальства ўсіх рангаў дэманструюць паблажлівае стаўленьне да беларускай дзяржаўнасьці ўжо амаль несьвядома, міжволі.

Зусім лягічна будзе параўнаць комплекс дзяржаўнае непаўнавартасьці беларусаў з комплексам сямейнае непаўнавартасьці мацярок-адзіночак. Паспрабуйце ўявіць сабе тую Нінку, якая жыве бяз мужа. Такая жанчына, зрабіўшы свой выбар на Івану з самымі сур’ёзнымі намерамі, ужо ніколі не падпусьціць да сябе Юзіка, бо мысьліць прагматычна. Наадварот, яна будзе ўсяляк адганяць таго Юзіка, або баяцца яго, хай сабе і зусім безпадстаўна. А цяпер уявім, што гэтая кабета — Беларусь. Тады робіцца зразумелым народнае пачуцьцё няпрыязі да NATO (абы немцы зноў не тапталі нашую зямлю) і, наадварот, — любасьці да Расеі, да Івана, якому народ гатовы дараваць і сталінскія рэпрэсіі, і калектывізацыю, і сёньняшняе сваё беднаватае жыцьцё.

Праўда, і гэты выбар — не ад мэнтальнасьці або якогась славянска-генэтычнага адзінства, пра што так шмат кажуць сучасныя кіраўнікі. Рэч у тым, што пры іншых абставінах наша Нінка можа зьмяніць свой выбар. Напрыклад, Іван адвернецца ад яе або зьнікне куды-небудзь, ці памрэ, ня дай Бог. І тады ўжо з усёй рашучасьцю яна павернецца да Юзіка і адвернецца ад Івана, што і пацьвярджае сярэднявечная гісторыя Беларусі. Бо тут наўрад ці можа ісьці гутарка пра глыбокае пачуцьцё. Важней для Нінкі тое, што ейны малы Андрэйка падрастае бяз бацькі.

Яшчэ адзін погляд на антызаходнія настроі — праз культуру быту і праз хамства, адсутнасьць элітарных жаданьняў — жыць чыста, ладна і ўмела. Гэткая пралетарызацыя сьвядомасьці таксама бярэ пачатак у ХІХ ст., калі быў пераламаны хрыбет заходніцкім беларускім памкненьням і на зьмену прыйшлі расейскія памешчык, чыноўнік і псаломшчык са сваімі ўяўленьнямі пра жыцьцё. Заўважу, што гэта былі далёка ня лепшыя людзі Расеі, а людзі непрыкаяныя, якія многімі тысячамі рынуліся да нас на дармавізну. Бытавая неўладкаванасьць у пары з пралетарскім аскетызмам сталі эталёнам, які пасьля быў узьняты на шчыт бальшавікамі.

Антынатаўскія настроі спрэс перагукаюцца з прызабытым ад часоў першага нашаніўства паняцьцем цемры народнай.

Народ, беларускі народ
Ты цёмны, сьляпы быццам крот.

Гэта Максім Багдановіч. Але найбольш энэргіі прысьвяціў змаганьню зь цемрай Янка Купала. У тыя часы ўвесь асяродак вакол газэты «Наша Ніва» стаяў на вельмі чыстых і выгодных пазыцыях антыцемры. Па сутнасьці, у іх не было ніякіх іншых матывацыяў, апроч асьветы народа, апроч сьвятла. Ня дзіва, што і нянавісьць да захаду, да перадавых тэхналёгіяў ў тыя часы гучала б дысанансам. Змагаліся зь цемрай. Забягаючы наперад, скажу, што цемра народная нікуды ня дзелася з тых часоў і да сёньня. Вось толькі літаратура пра яе пісаць перастала. Засьціла вочы ілюзія сацыялістычнага прасьвятленьня. Цемра стала быццам бы неактуальнай, быццам бы засталася ў «цёмнай мінуўшчыне». Аднак клясычныя вершы пачатку стагодзьдзя, у тым ліку і пра цемру, гучаць сёньня абсалютна актуальна. У адрозьненьне ад шматлікіх панегірыкаў калгаснаму будаўніцтву.

Новыя часы падштурхоўваюць да гэтае тэмы зноў. «Беларусь, мая старонка, куток цемнаты». Вось жа менавіта з гэтай цемнаты гучаць сёньня словы пра боязь натаўскіх бамбёжак і прыходзяць зьвесткі статыстычных апытаньняў пра саюзы з Расеяй, Кітаем і Югаславіяй. Менавіта з гэтай цемнаты прыйшлі галасы двух Лукашэнкавых рэфэрэндумаў пра нежаданьне ведаць бюджэт краіны і пра замену гістарычнай сымболікі на эклектычныя самаробкі. Менавіта з гэтага цёмнага кута заяўляюць сёньня беларускія бацькі і маткі пра патрэбу аб’яднаньня з Расеяй, адначасова быццам бы і ня хочучы пасылаць сыноў у гарачыя расейскія кропкі, што ніяк ня вяжацца адно з адным. Цемната ёсьць сынонімам недасьведчанасьці, неадукаванасьці і няўменьня аналізаваць падзеі.

Днямі я распавядаў калегу пра сваю паездку ў Мазырскі раён. Калегу-палітыка цікавіла найперш, што людзі кажуць пра Лукашэнку. А што яны кажуць? Яны гатовыя на яго маліцца. Найперш — пэнсіянэры, якім ён рэгулярна плоціць па тры мільёны. Тут, дарэчы, я заўважыў адну цікавую акалічнасьць. Справа не ў грашах, ня ў гэтых трох мільёнах. Найбольш за Лукашэнку настройваюць сваіх вясковых мацярок іхныя дзеці — гарадзкія бамбізы, што пакідалі родныя котлішчы і зводзяць цяпер канцы з канцамі ў гарадох. Лукашэнка сваімі сымбалічнымі трыма мільёнамі як бы ўзяў на сябе іхны сыноўскі комплекс, іхную немагчымасьць або нежаданьне апекавацца старымі. Вось чаму найперш тут усе гатовыя на Лукашэнку маліцца.

— А NATO, — спытаўся ў мяне калега, — што яны пра Захад кажуць.

— Рыхтуюцца, кажу, да бамбёжак. Маўляў, перш Югаславія, а пасьля — мы.

Калега паслухаў уважліва і ўрэшце выгукнуў уласнае адкрыцьцё: «Дык гэта ж — цемра!»

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0