Андрэй ЯНУШКЕВІЧ

Полацак пад маскоўскім панаваньнем

 

15 лютага 1563 году пасьля двухтыднёвай аблогі маскоўскае войска на чале з царом Іванам Жахлівым захапіла старажытны Полацак. На доўгіх шаснаццаць гадоў у Полацкім краі ўсталявалася маскоўская ўлада. Расейскія і савецкія гісторыкі пераконвалі, што маскоўскія ратнікі «вызвалілі горад ад польска-літоўскіх фэадалаў», што яны былі спатканыя прыязным насельніцтвам Полацку, якое толькі і думала пра скарэйшае ўзьяднаньне з усходнім суседам. А як было на самай справе? Пра што сьведчаць дакумэнты?

Ад тых часоў захаваўся адзін вельмі важны дакумэнт – «наказная память» новаму полацкаму ваяводу, якая вызначала асноўныя прынцыпы і мэтады кіраваньня горадам, пералічвала ўсе абавязковыя мерапрыемствы, што мусіла неадкладна правесьці новая ўлада ў горадзе і Полацкім краі.

Маскоўскую ўладу перадусім хвалявала ўзнаўленьне абарончых умацаваньняў і полацкіх замкаў, адбудова пагарэлага гораду. Даволі хутка сьцены былі ўзьнятыя з руінаў, горад жыў, але ўжо іншым жыцьцём. У Полацку ўсталявалі жорсткі прапусковы рэжым для мясцовага люду: «а литовских людей в город, приезжих и тутошних, детей боярских, и землян, и черных людей однолично не пущати». У замку з тутэйшых маглі жыць толькі праваслаўныя сьвятары са сваімі сем’ямі. Уваход ліцьвіноў у фартэцыю дазваляўся на царкоўныя сьвяты, але з надзвычайнымі мерамі бясьпекі з боку маскоўцаў: «а береженье тогды учинити великое в городе», загадвалася мясцовай адміністрацыі. Мяшчанам і шляхціцам, якія жылі ў пасадзкай частцы гораду, катэгарычна забаранялася мець зброю. За жыхарамі ўсталёўваўся сапраўдны паліцыйны нагляд: «и береженье им над теми людми держати великое, и велети смотрети и примечати, не будет ли в них какие шатости и ссылок с литовскими людми». Калі «шатость» выяўлялася, падазроных трэ было адсылаць у Пскоў, Ноўгарад, Вялікія Лукі ці Таропец.

Клапацілася новая ўлада і пра тое, каб схіляць мясцовы люд да ляяльнасьці, асабліва ня рушыць звычаяў. Яна не зьмяніла мытных збораў і памераў падаткаў. Інструкцыя вымагала, каб мясцовае кіраваньне ажыцьцяўлялася з улікам даўняга ладу занятай зямлі: «да с их обычея сперва и судити и управы им в городе давати».

Зусім не давяраючы палачанам, маскоўцы выразна адрозьнівалі сваё прававое становішча ад правоў і абавязкаў мясцовых жыхароў. Новаўсталяваны рэжым бачыў у іх сталую пагрозу для сябе. Царскія ратнікі ў сваёй дзейнасьці былі зусім не падобныя да вызвольнікаў. Жыхарам сёлаў і мястэчак Полаччыны рассылаліся граматы маскоўскага ваяводы Пятра Шуйскага з патрабаваньнем, «чтоб они шли к Полоцку, и правду дали, и государю служыли». Аднак ахвочых прысягаць цару было няшмат. У хуткім часе маскоўцы ажыцьцявілі шэраг карных акцыяў, бо, як потым тлумачылі, «люди Полотцкого повету воеводам непослушны были и воеводы по их вине их казнили».

Вайна і дзеяньні акупантаў прывялі да поўнага гаспадарчага заняпаду зямлі і дэмаграфічнай крызы. У інвэнтары сёлаў Полацкай архіяпіскапіі за 1588 год спрэс спатыкаюцца запісы тыпу «все в пусте» або «вси проч розышлисе». Яшчэ і на пачатку ХVIІ ст. у некаторых вёсках колькасьць жыхароў не дасягнула і паловы таго, што было перад вайной Івана Жахлівага.

Сумныя вынікі ўладараньня маскоўцаў сьведчаць самі за сябе, чым насамрэч была іх улада для Полаччыны, вызваленьнем ці акупацыяй.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0