Беларускі Гістарычны Агляд-9
Гісторыкі і аматары нашае мінуўшчыны могуць замовіць чарговы выпуск Беларускага Гістарычнага Агляду (Том 5. Сшытак 2/9).
Нумар пачынаецца тэарэтычным артыкулам Рышарда Радзіка «Ад этнічнага згуртаваньня да нацыянальнай супольнасьці». У новым для Беларусі жанры індывідуальнай біяграфіі выступае Дзьмітры Левін з дасьледаваньнем «Нэкралёг магілёўскага гісторыка Мацьвея Фурсава як біяграфічная крыніца». Лёсы беларускай гістарыяграфіі за Саветамі разглядаюцца ў калектыўна-біяграфічным нарысе Райнэра Лінднэра «Беларускія гісторыкі пад Сталіным: 1870—1945».
З арыгінальнымі публікацыямі выступаюць Алесь Белы («Тэрыторыя сучаснай Беларусі на мапе Ідрысі 1154 г.»), Барбара Пэндзіх («Паміж раем і кляакай») і Яўген Анішчанка («Мяжа ВКЛ у справах памежных камісій»). У рубрыцы «Вачыма суседзяў» беларускую тэматыку ва ўкраінскіх падручніках гісторыі аглядае Андрэй Партноў.
Як заўжды, значнае месца ў часопісе займаюць рэцэнзіі і агляд новай літаратуры па гісторыі. Сярод іншых публікацый гэтага блёку БГА зьмяшчае крытычны разбор дапаможніку «Гісторыя Беларусі» (Частка 1, 1998). Завяршаецца нумар інфармацыяй пра экспэдыцыі беларускіх археолягаў (сэзон 1998) і сьпісам дысэртацыяў па гісторыі Беларусі, абароненых у 1998 годзе.