Васіль Быкаў

АПАЛЯГЕТЫКА «НАГАНА»

Памфлет

 

У гэтай краіне біць любілі здаўна, заўжды каго-небудзь білі. Найперш, вядома, калі заваёўвалі чужыя землі ці бараніліся ад чужынцаў-ворагаў. Калі ж тыя прыціхалі, тады білі сваіх. (Бі свайго, каб чужы баяўся!) Білі сьмердаў, баяр, стральцоў, раскольнікаў, прыгонных, князёў і дваранаў. Ахвотна білі таксама цароў ды імпэратараў, якіх душылі падушкамі, ірвалі бомбамі, стралялі з маўзэраў і наганаў. Як усіх гэтых перастралялі, узяліся за афіцэраў, генэралаў ды адміралаў. Калі ж і тыя разам з памешчыкамі ды капіталістамі былі спрэс перабітыя, надышла чарга іншых. Барацьба пад той час набыла такі імпэт, што не магла спыніцца. Паколькі клясавых антаганістых не засталося, былі створаныя часовыя, кшталтам нэпманаў, якіх панішчылі пасьпяхова і бяз рэшты. З гэтымі, дарэчы, усё было зразумела і натуральна. Горш сталася з наступнымі, якіх па-вучонаму назвалі кулакамі.

Цяжкасьць палягала ў тым, каго падвесьці пад тое азначэньне. У вялізнай сялянскай краіне заможных сялянаў было, аднак, дужа няшмат. Можна сказаць, што ўсе былі бедныя. Хіба што лапці, якія ў той краіне абувалі замест чаравікаў, у адных былі стаптаныя дарэшты, а ў іншых трохі навейшыя. Мудрыя тэарэтыкі зь ліку ўрадоўцаў вырашылі, што паводле марксізму тыя, у навейшых, якраз і даюць падставу лічыць іх кулакамі. Кулакоў жа, вядома, належала раскулачыць — галоўным чынам дзеля таго, каб не лічыліся кулакамі. Адначасна трэба было саслаць іх у тундру, у новаствораныя дзеля таго канцлягеры, прыярытэт стварэньня якіх пасьля спрабавалі аспрэчваць нямецкія нацы. Ды марна. Патрыёты зь ліку вучоных уласных вынаходзтваў замежнікам не саступалі, чым заўжды і ганарыліся.

Некаторым тады (вядома ж, людзям наіўным) здалося, што барацьба на тым скончыцца, бо клясаў-антаганістых у краіне не засталося. Рабочыя, сяляне ды ня надта прыстойная праслойка былі моцна сьцятыя змычкай, у якой аж задыхаліся, але трывалі. Ды партыя сваім даўгім пальцам хутка паказала на новую небясьпеку — на буржуазных нацыяналістых, якія немаведама адкуль выніклі ў кожнай рэспубліцы. Адразу ж разгарнулася шалёная барацьба зь імі, найперш, вядома, з дапамогай славутага нагана. Нацдэмаў найбольш расстрэльвалі (бяз права перапіскі) або на 10 гадоў ссылалі на Калыму (бяз права звароту). Якраз у тым і палягала новая сыстэма права ў адрозьненьне ад рымскага, дзе ўсё будавалася вакол дылемы: вінаваты — невінаваты. Тут жа панаваў катэгарычны імпэратыў: калі арыштаваны, дык і вінаваты. Невінаватыя сьпяць дома, што было чыстаю праўдай.

Не пасьпелі, аднак, управіцца з нацдэмамі, як насыпалася новая праблема — пошукі шкоднікаў. Псаваліся мэханізмы, ламаўся транспарт, здыхалі каровы ды коні. Вядома, то была справа рук шкоднікаў — варожае катэгорыі, дужа працаёмкае для карных органаў, бо ўмела адмыслова маскіравацца. Калі, напрыклад, датэрмінова будавалі завод, дык як належала да таго паставіцца? Узнагароджваць ці арыштоўваць? Звычайна рабілі менавіта ў такой пасьлядоўнасьці — узнагароджвалі, а затым арыштоўвалі, бо той завод рана ці позна спыняўся — ламаўся, узрываўся або гарэў. Але то была падвойная праца, якая патрабавала немалых высілкаў ад і без таго спрацаваных органаў. Часам здараліся няўпраўкі, калі ўзнагародзілі, а пасадзіць забыліся. Тады караліся карныя органы, што з тае нагоды ўзгараліся яшчэ большай нянавісьцю да ўсіх гэтых шкоднікаў, нацдэмаў, кулакоў і падкулачнікаў. Каб тая нянавісьць пасьпяхова рэалізавалася, яны вучыліся самі і школілі сваіх памагатых страляць так трапна, каб на кожную патыліцу траціўся адзін патрон. За тое атрымлівалі значок і назьвіска «варашылаўскі стралок». То былі стаханаўцы органаў. Працы для іх, ведама ж, хапала. Расстралянымі набівалі ямы на стрэльбішчы НКВД у Курапатах пад Менскам. Але ж гэткія стрэльбішчы былі ў кожнай вобласьці, у кожным раёне, дзе былі органы НКВД. А органы НКВД былі ўсюды.

Стральцы так захапіліся сваім рамяством, што яго не прыпыніла нават вайна з фашызмам. На першы пагляд, дзе, як не на вайне, можна было праявіць майстэрства трапнай стральбы? Але тое толькі на першы пагляд. Рэч у тым, што вышкаленыя яфрэйтарам «фашыстоўскія стральцы СС» таксама ўмелі няблага страляць — хоць у лоб, хоць у патыліцу — і нямала перастралялі «варашылаўскіх», асабліва напачатку вайны. Тады, мусіць, каб зьберагчы каштоўныя кадры, былі створаныя адмысловыя фармаваньні — «заградатрады», якія, як вядома, займалі пазыцыі ў тыле ўласнага войска і выкарыстоўваліся выключна паводле іхнага прызначэньня — страляць у патыліцы. У той справе яны здабылі на вайне выключнае майстэрства і былі спрэс узнагароджаныя — ад пляча да дзягі.

Але ўсё, што мае пачатак, мае і канец. Скончылася вайна, хоць барацьба ня скончылася. На гэты раз першымі падасьпелі касмапалітыя. Гэта тыя, што ня надта любілі сваіх і ня дужа ненавідзелі былых саюзьнікаў. Тое, вядома, было недапушчальна. А тут яшчэ зь вялікае групы касмапалітых вылучылася маладзёвая групоўка нізкапаклоншчыкаў, якія бессаромна маніпулявалі ўласнымі штанамі і спадніцамі — то рабілі іх вузкімі, то шырокімі, то кароткімі, то даўгімі, зьбіваючы тым з панталыку спэцыялістых у штацкім і псуючы ідэалёгію. У бяззбройнай барацьбе з гэтай катэгорыяй пачалі дыскваліфікавацца «варашылаўскія стралкі», якіх пакінулі бяз працы. Ведама ж, яны мелі ахвоту і маглі настраляць хоць мільён «валасацікаў», але ім неабачліва сказалі: нельга! Адзін культ скончыўся, а другі яшчэ не пачаўся, трэба пачакаць. То, канечне, было памылкай. Жалезная імпэрыя з тае прычыны зазнала заняпад, а праз пэўны час і зусім развалілася.

Тут трэба зазначыць, што той развал некаторыя спрабуюць аднесьці на рахунак трох белавескіх зуброў, але, на мой погляд, гэта няправільна. Праўдзівая прычына палягае ў заняпадзе традыцыяў, найперш слаўных традыцыяў «варашылаўскіх стралкоў». Склалася ненармальная сытуацыя, калі стралкі былі, елі, пілі, атрымлівалі немалую зарплату, а не стралялі. Праўда, іхныя ідэолягі намагаліся тое кампэнсаваць тэорыяй. Найперш дыялектычна пераасэнсавалі такое эфэмэрнае паняцьце як патрыятызм у ягоным дачыненьні да ня менш цьмянага — нацыяналізму. Зьявілася непісаная, затое жалезная выснова: калі сваё, дык патрыятызм, калі чужое, дык нацыяналізм. Схема простая, але геніяльная, якая трохі пазьней стала складовай часткай стратэгічнай дактрыны вялікай нацыі, што зьніякавела без адэкватнай нацыянальнай ідэі.

Але тыя, што вынайшлі тую дактрыну, тут жа яе і прыватызавалі, мабыць, каб ня даць таго зрабіць іншым. Іншыя хто як: пасьпеў, дык зьеў, а не пасьпеў, дык аблізнуўся. Увішныя прыбалты пасьпелі, а чачэнам дасюль не ўдаецца. Любіць вялікага суседа дазваляецца ўсім, суседу ж любіць каго — неабавязкова. Дзіва, як у гэтых умовах дазволена любіць аднаго на ўсіх — Бога? Заблыталася палітыка, этыка і мараль. Людзі перасталі разумець, дзе чыя мова, чыя сымболіка і дзяржаўнасьць. Нават чый дзе бюджэт — дзяржаўны, СНГ, прэзыдэнцкі? Пераблыталіся грошы — рублі з зайцамі; гандлююць на даляры і лаюць ЗША, што тыя іх мала даюць. У адной кучы перамяшаліся спрадвечныя катэгорыі дабра і зла, пасьля чаго стала зразумела, што без «варашылаўскіх стралкоў» справа не абыдзецца.

Ды што зробіш, калі прыярытэт быў аддадзены войску зь ягонаю зброяй масавага зьнішчэньня — ракетам, «градам», «тунгузкам»... Вядома ж, усё тое — дрэнь несусьветная перад заслужонай славай «таварыша нагана», які зрабіў рэвалюцыю, індустрыялізацыю, калектывізацыю, шмат год палоў ідэалягічныя ды навуковыя грады. Сучасная зброя прызначаная біць па плошчах, а плошчы бываюць розныя — найбольш вялікія. Таму і няўдачы — у Камбоджы, Афгане, Чачэніі, слаба разьвітой Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы, дзе навалам зброі, ды мала хлеба.

Канечне, тое выдатна разумее наша мудрае кіраўніцтва і дзеля ўласнага паратунку актыўна імітуе працэс інтэграцыі. Карысьці з таго ніякай, затое ўражаньне калясальнае. Загіпнатызаваны электарат цярпліва чакае. Чаго дачакаецца толькі? Нахабная апазыцыя выводзіць на вуліцы легкадумна санкцыянаваныя дэманстрацыі, якія крычаць у тысячы горлаў, што яны — супроць! Састарэлыя майстры трапнай стральбы чарнеюць з гора, прыпамінаючы, як трудна было ў іх час дамагчыся таго слова нават на канвэерным допыце. Вось вам і прагрэс, сувэрэнітэт і дэмакратыя! Здохла ідэя — перапынілася традыцыя.

Хіба што паявіўся новы рух — заказных кілераў. Гэтыя, як умеюць, доўжаць слаўную дзяржынска-яжоўска-берыеўскую традыцыю трапных стральцоў. У новых умовах ёсьць спадзяванак удыхнуць у яе новую балкана-славянскую ідэю — колькі тады можна будзе зьдзейсьніць вялікіх справаў — і на Балканах, і ў Расеі, і ў Беларусі! Найперш закапаць па недаглядзе раскапаныя «Курапаты» і накапаць новыя. Вялікую справу паставіць на паток. Пакуль яшчэ жывуць старыя «майстры нагана», хаця і з аслабелым зрокам, але зь цьвярдой бальшавіцкай рукой. Сваё адмысловае майстэрства яны гатовыя перадаць маладзейшым.

Таму трэба сьпяшацца. Інтэгравацца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0