Кастусь Травень

Тост

Апавяданьне

 

Першая зорка загарэлася на захадзе. Хмары гонка імчалі на ўсход, несучыся на крылах сьвежага, нарастаючага да моцнага ветра, які ўрываўся ў горад і пачынаў блукаць у лябірынтах менскіх вуліцаў.

Казік Бакунін сьпяшаўся, і таму шпарка ішоў па Варвашэні. Рухомы і энэргічна-ветлівы, у сініх джынсах, сьветлай кашулі, лёгкіх красоўках, ён ствараў уражаньне зусім маладога чалавека.

Сёньня стары сябар і да таго ж ягоны сваяк Алесь запрасіў яго на нейкі свой юбілей. Па сваёй недасьведчанасьці, якая ішла ад маладосьці душы, Казік не любіў юбілеяў. Калі чалавек дамогся нейкіх вялікіх асабістых жыцьцёвых перамог, стаў прэзыдэнтам, Нобэлеўскім ляўрэатам ці нарадзіў і выхаваў шмат дзяцей, якія сталі прэзыдэнтамі і Нобэлеўскімі ляўрэатамі, тады так, тады можна і трэба сьвяткаваць юбілей. А калі проста змарнаваў жыцьцёвы час, прасоваўся ў масоўцы, прачакаў? Што тады сьвяткаваць? Змарнаваны час?

У краме на рагу Максіма Багдановіча і Варвашэні, Казік купіў бутэльку «Крыштальнай» і бутэльку шампанскага, кавалак вэнджанага мяса, траецкага хлеба, яшчэ таго-сяго па дробязі і хутка накіраваўся да трамваю. Сябар жыў на Старавіленскай. Едучы ў трамваі, Казік дадумаў незакончанае разважаньне: «Народ хоча смачна паесьці і добра выпіць, таму і сьвяткуе чужыя юбілеі».

На парозе свайго дому падпіты Алесь радасна сустрэў Казіка, пацалаваў у шчаку, павёў знаёміцца з гасьцямі, якія сумавалі за сталом, на якім усё ўжо было выпіта і зьедзена.

Казік аддаў сумку Машы, цяперашняй каханцы Алеся, шапнуў на вуха, каб разабраліся на кухні з закускай, сам панёс да стала бутэлькі.

Госьці, калегі Алеся па працы, тры жанчыны і двое мужыкоў, павесялелі. Казік прынёс з сабой сьвежы водар жыцьця, і ўсе гэта адразу адчулі. Адна з жанчын, яе звалі Наталі, чарнабровая, у зялёнай сукенцы, якая пяшчотна абцякала тугія формы прыгожага цела, ласкава ўсьміхнулася Казіку. Ён пераехаў у патрэбную паласу руху і пасьля звычайных слоў знаёмства зусім натуральна сеў побач з прыгажуняй.

Адчуўшы пэрспэктыву працягу юбілею, госьці ажылі і загаманілі. Маша ўжо несла бутэрброды зь мясам, шпротамі, цытрынамі і ківі. Выпілі за юбіляра, за яго шэсьцьдзесят год. Закусілі. Потым пілі за жыцьцё, шчасьце, якое пралятае імкліва, як ластаўка ў небе.

Цёплае плячо Наталі, яе рука, жывая і хвалюючая, тугія формы вабнай паставы, усё гэта ўзбуджала і прыцягвала. Казік з асалодай падумаў, як ён сёньня павалтузіць гэтае шыкоўнае цела. Ён быў упэўнены, што павалтузіць, у яго было такое радаснае прадчуваньне. Ад таго што ён даўно ня меў практыкі зь незнаёмымі, чужымі жанчынамі, хваляваньне маладзіла і вяртала ў сінюю дымку юнацтва.

Непрыкметна ўзяўшы за цёплую, мяккую ручку Наталі, ён уявіў, як будзе цудоўна гэтую мілую, прыемную, гарадзкую, выхаваную, адукаваную жанчыну скарыстаць у трэцяй пазыцыі. Тут хваляваньне Казіка пачало хлястаць цераз край, і ён вярнуў сябе ў рэчаіснасьць.

Гамонка ішла аб жыцьці, аб палітыцы, прэзыдэнце, аб дарагоўлі. Сабраліся добрыя, прыемныя, адукаваныя інтэлігенты, якія на ўсё мелі сваё меркаваньне, свой востры крытычны позірк.

Алесь шчасьліва ўсьміхаўся, папраўляў гальштук, спрабаваў нешта сказаць і змаўкаў. Было дзіўна, дзе ён пасьпеў ужо так назюзюкацца. Вечарына, якая так сумна канчалася, зараз нечакана ўзбуяла і зайграла новымі нечаканымі фарбамі. Мужыкі-інжынэры Тодар і Язэп расказвалі анэкдоты. Жанчыны сакаталі ад сьмеху.

Казік зірнуў на стол, бутэрброды былі зьедзены. Гарэлкі заставалася на адхадную. Пачакаўшы хвіліну, Казік разьліў гарэлку па чарках і сказаў:

— Спадарства! Мілыя дамы і дарагія мужыкі! Ёсьць выдатны, сьвежы і аб’яднаўчы тост. Апошні і самы галоўны.

Усе ўзяліся за чаркі. Казік прыцішыў голас, таямніча і ўрачыста сказаў:

— Вып’ем, паважанае спадарства, за Беларусь. «Жыве Беларусь!»

Мужыкі весела ўскінулі чаркі. Жанчыны Ніна і Валя, Маша паднялі свае келіхі.

— Я ня п’ю за гэты тост, — прыгожая рука Наталі адсунула чарку.

— Ты што? — зьдзівіўся Казік.

— Ня п’ю, — Наталі неяк замбавана ўсьміхнулася і чаркі не ўзяла.

— Ну кінь, Наталі, не дуры, — Тодар падкрэсьлена акуратна выпіў сваю.

— Якая Беларусь, яе няма. Проста выдумка бальшавікоў. Чым Мінск адрозьніваецца ад Курску, Тулы, Саратава ці Новасібірска? Гэта ж несур’ёзна, — Наталі гаварыла, паблажліва ўсьміхаючыся, як аб нечым канчаткова вырашаным. — Расейская тэрыторыя, мае нейкія спэцыфічныя адрозьненьні, такіх у Расеі шмат.

Тодар махнуў рукой.

— Ды кінь ты, Наташ, я сам напалову беларус, у мяне маці беларуска. Па пашпарце я рускі. Беларусы — цудоўны народ. Памяркоўны.

— Кіньце вы глупствы гаварыць. Вы ж дарослыя людзі. Якая Беларусь? Проста сьмешна.

Наталі ўсьміхалася ўжо з адценьнем грэблівасьці.

Казік узлаваўся, выхаваны, вясёлы эўрапеец на вачах ператвараўся ў нешта халоднае, злоснае, непахісна-варожае. Страшныя, чорныя, абразьлівыя словы нараджаліся ў душы. Ах ты набрыдзь, ах ты б...б...блін. Жарэш наша сала, ліжаш наша масла, ...на дурніцу атрымала кватэру як сям’я адстаўнікоў, што прыехала з Улан-Удэ, а тыя, хто захліпаецца ад радыёактыўнага стронцыю і есьць радыёактыўны цэзій у Гомлі..., хочаце, каб і далей мы былі белымі мышамі для навуковых досьледаў...

Але Казік змоўчаў, перасіліў сябе, пераціснуў, перадушыў свой адчай, сваю злобу, тую пустку, што нараджалася ў душы, таго дракона, што злосна заварочаўся ў глыбіні яго.

Казік некалькі імгненьняў глядзеў на Наталі, шкадуючы аб тым, чаго ўжо ня будзе, аб трэцяй пазыцыі.

— Ну, што ж, — Казік падняўся, выхаваны мужны эўрапеец, падобны да сталёвага мяча, якім продкі-ліцьвіны змагаліся з тэўтонамі.

— Тады вып’ем за разьвітаньне з Марай. За тое, што ніколі ня будзе ў нас спатканьня з Парыжам, ніколі ня ўбачым акіянскай хвалі, ніколі не ўліемся раўнапраўнымі эўрапейцамі ў цывілізаваны заходні сьвет. Нам, ліцьвінам, наканаваны лёс халуёў, прыгонных істотаў, якіх некалі сагнулі, і ніяк мы не разагнемся. Лёс выканаўцаў чужых загадаў і жаданьняў, дзе мы павінны будзем гадаваць сьвіньняў, захліпацца ад радыяцыі дзеля таго, каб калянізатары спажывалі нашыя жыцьцёвыя прасторы, наша неба, наша сонца, нашу зямлю, нашых жанчын для сваіх, абавязкова Вялікіх, Патрэбаў.

Усе прысутныя вытрышчылі вочы і моўчкі пазіралі на Казіка. Наталі з спачуваньнем глядзела на яго. Потым сказала:

— Трызьненьне нейкае. Проста лухта.

Казік паставіў поўную чарку на стол. Ён страціў цікавасьць да гасьцей. Не было аніякай розьніцы паміж гэтым шыкоўным целам сьпелай самкі і тым мэтысам, у пашпарце якога было начыркана, што ён рускі. Абодва ня мелі Радзімы. Прыляпіўшыся да таго, што здавалася ім вялікім і моцным, яны хацелі ўратаваць сваё камфортнае, спакойнае і нікому не патрэбнае жыцьцё. Яны хацелі есьці, піць, удыхаць і выдыхаць, сэксаваць аж да самага біялягічнага канца. Прошлае іх не цікавіла, таксама як і будучае. Бо Гісторыя, як прошлая, так і будучая, патрабавала намаганьняў, інтэлекту, барацьбы, шматлікіх паразаў і рэдкіх перамогаў. Сапраўднае жыцьцё было сынусоідай, роўная лінія сьведчыла аб сьмерці.

Казік падняўся з-за стала і ветліва разьвітаўся.

У асяродзьдзі сьвежы, нарастаючы да моцнага вецер нёс адчайнае і маладое пачуцьцё свабоды. Неба ачысьцілася ад хмараў, і Зорны Шлях ледзь-ледзь праступаў у начным небе, прытушаны штучным гарадзкім сьвятлом.

Казік павольна ішоў начнымі вуліцамі Менску, і злосны дракон у ім сутаргава і магутна рваўся на волю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0