Пяць гадоў таму Прыпяцкі нацыянальны парк пачаў прыём турыстаў. Сюды прыязджаюць перш за ўсё паляўнiчыя i рыбакi. Разавая паляўнiчая пуцёўка каштуе 25 тысяч беларускiх рублёў, дазвол на рыбалку — 30 тысяч, а з дапамогай маторных лодак — 50 тысяч у суткi. Але Прыпяцкi прапаноўвае таксама водны i экалагiчны турызм — вiды, найбольш падыходзячыя для статуса Нацыянальнага парку, але беларусам пакуль мала зразумелыя. Вось мы, журналiсты, якраз i iмкнулiся ўбачыць i адчуць — што гэта такое.

За вёскай Хлупiн аўтобус спынiўся i мы трошкi прайшлiся па пойменнай дубраве — чорныя адмецiны на дрэвах паказваюць вясновы ўзровень Прыпяцi. Сёлета паводка была невялiкая — дзесьцi на метр дрэвы стаялi ў вадзе. Сцяпан Бамбiза клапатлiва агледзеў маладыя дубкi пад нагамi i звярнуўся да свайго намеснiка:

— Глядзi, забаранiлi кароў пасцi, i падрост з’явiўся, а то «няма аднаўлення, няма аднаўлення!»...

Мы аглядалiся навокал, хадзiлi ўслед за дырэктарам, як малыя дзецi i спрабавалi вось так, з першых крокаў i першых хвiлiн на гэтай казачнай зямлi нешта зразумець, заўважыць i запомнiць. Мы яшчэ не ведалi, што краiна гэта сама паклапоцiцца, няспешна, але верна, каб стома, клопат i мiтусня пакiнулi нас. Бо тут, у зямным адлюстраваннi нябеснага раю, гэтыя атрыбуты сучаснага чалавека залiшнiя.

Пойменны луг прадоўжыў маўклiвую работу над намi. Нехта ў разнатраўi пазнаў дзiкую цыбулю. Астатнiя страшэнна зацiкавiлiся. Сцяпан Бамбiза сарваў зялёную стрэлку i пачаставаў нас, нiбы гаспадар агарода. А я пашкадавала, што не ведаю назваў усiх гэтых дзiўных кветак. Якiх толькi колераў тут не было — i гэта толькi пачатак чэрвеня — месяц таму, кажа Сцяпан Мiкалаевiч, тут стаяла вада.

Нарэшце мы прыехалi на бераг Прыпяцi, дзе чакала пераробленая пад паром баржа: вялiкi навес, а пад iм — доўгi стол, накрыты абрусам i застаўлены рознымi стравамi. Баржа‑паром рухалася ўздоўж Прыпяцi, а мы, пачаставаўшыся фаршыраваным шчупаком, смажаным ляшчом, рыбнымi катлетамi, шашлыком, курацiнай... (не тое, што з’есцi — пакаштаваць усё, што стаяла на стале было немагчыма), спяшалiся нагледзецца на першародныя берагi галоўнай ракi беларускага Палесся. Тыя, у каго былi фотаапараты, няспынна нацiскалi затвор: схапiць, павезцi з сабой у дзелавы, стомлены ад спякоты Мiнск хацелася кожнае тутэйшае iмгненне.

Берагi Прыпяцi на тэрыторыi Нацыянальнага парку дзiўныя: нiводнага населенага пункта, нiводнага слупа, увогуле якога‑небудзь знака, пакiнутага чалавекам (калi не лiчыць турбазы «Ляскавiчы», ад якой мы адчалiлi); пясчаныя некранутыя пляжы, слаiстыя мiжледнiковыя адклады, падобныя на скалы, глiняныя абрывы, усыпаныя гнёздамi ластавак, непраходныя хмызнякi; незлiчоныя прытокi, затокi, рукавы, азёры, павароты; быццам бы павольная, але разам з тым моцная плынь: кожную секунду Прыпяць аддае 450 кубаметраў вады Дняпру.

Накормленыя i размораныя, мы разважалi. Прыгожа — так. Але не пабачыўшы гэта, як людзi зразумеюць, што сюды варта ехаць за 300 кiламетраў? Цi магчыма iм гэта патлумачыць? «На прыроду? — скажуць многiя, — дык яе мы знойдзем i блiжэй». А некранутасць? Ну яна вабiць сучаснага дынамiчнага чалавека сама больш — дзень. Мы так разважалi, знаходзячыся на Прыпяцi толькi некалькi гадзiн. Мы яшчэ не ведалi, што за мiнулы год парк прыняў 15 тысяч турыстаў! Што ў красавiку гэтага тут пабывала 70 iншаземцаў (а iм ехаць значна далей, чым беларусам)! Кожны замежны турыст за суткi знаходжання тут пакiдаў мiнiмум 100 долараў (за пражыванне, харчаванне i iншыя паслугi, такiя, як экскурсii, рыбалка, паляванне альбо назiранне за птушкамi i г.д). Колькасць турыстычных паслуг у Прыпяцкiм штогод расце на 150 працэнтаў. Загадчыца сектара развiцця турызму Кiраўнiцтва справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Галiна Забур’янава лiчыць нават, што чатырох турыстычных комплексаў у «Прыпяцкiм» малавата. Вельмi ўжо прывабныя даходы прыносiць турызм Нацыянальнаму парку.

Але мы гэтага яшчэ не ведалi i працягвалi свае скептычныя разлiкi. Для дарослага беларуса знаходжанне ў «Прыпяцкiм» на працягу сутак (на умовах: усё ўключана) будзе каштаваць ад 70 да 140 тысяч рублёў (у залежнасцi ад абранага комплексу). Што датычыцца экалагiчнага турызму, то, здавалася нам, маюцца на ўвазе перш за ўсё сем’i. Для сям’i з трох чалавек (дзiцяцi ад 5 да 12 гадоў — скiдка 50 працэнтаў) пяцiдзённы адпачынак па эканом‑класу выходзiў пад 500 долараў. «Людзi, нават калi i вырашацца, пабаяцца прызнацца ў тым сваiм знаёмым, маўляў, аддалi паўтысячы долараў за пяць дзён на... Прыпяцi! Не, нiхто не зразумее», — казалi мы адзiн аднаму. Наколькi ж змянiлася ўласна маё меркаванне наступнай ранiцай!

А справа вось у чым. У сем ранiцы я пераплыла рукаў Прыпяцi. Гэта сапраўды цяжка патлумачыць. Проста побач зусiм нiкога не было. Мне стала нават трошкi нiякавата. Таму я вырашылася не адразу. Распранулася, пастаяла на мастках некалькi хвiлiн, паслухала птушак i... пабегла шукаць хоць бы каго‑небудзь. Знайшла прыбiральшчыцу ля катэджа — пустазелле на кветнiках рвала. «Купайцеся, — супакоiла, — там бяспечна, а я ўжо думала, цi здарылася што».

Пад рознагалосы птушыны гiмн новаму дню я ступiла ў празрыста‑карычневую, нiбы бутэлькавае шкло, ваду. На свiтаннi прайшоў моцны дождж, i на вадзе, тут, ля масткоў, сабралiся шматкi белай пены. Дно пясчанае, прыемнае навобмацак, але праз метры два рэзка сыходзiць ўглыб. Як толькi ўвайшла ў ваду, я амаль услых прамовiла: не трэба, нельга рабiць адпачынак тут больш даступным! Iнакш адчуванне, якое ахапiла мяне, стане недасягальным.

Гэта было адчуванне невыказнай, нiколi раней не зведанай асалоды. Быццам мне раптоўна i шчодра былi падораны веды пра галоўнае i вельмi суцяшальнае. Не асабiста пра мяне, а пра ўсё на свеце. Я была прынятая гэтай цудоўнай ракой, гэтай не сапсаванай чалавекам прыродай, i разам з тым, не гублялася ў ёй, не растваралася, — сама была часткай цэлага. У дрэвах, вадзе, пяску, ракавiнах, у клёкаце буслоў, якiя прынеслi свайму дзiцяцi ежу, у крыках чаек над галавой была разлiта любоў. Тут жылi нябёсы. I я дакладна разумела, што акажыся тут людзi, якiя будуць шукаць спосаб толькi забавiцца, месца гэта загiне. Яно страцiць сваю душу. Гэта добра, што ахвотнiкi за танным, шумным i нецвярозым адпачынкам сюды не прыедуць. Адно толькi. Вельмi захацелася, каб гэты рай убачылi дзецi — усе. Бо дзецi, яны чыстыя сэрцам, яны не сапсуюць, але на ўсё жыццё запомняць сваю Беларусь ТАКОЙ.

Увесь астатак дня, праведзены ў «Прыпяцкiм», быў працягам цудоўнай ранiцы i пацвярджэннем падоранага ёю адкрыцця. А дзевятай гадзiне вярнулiся на маторных лодках узрушаныя рыбакi. Напэўна, iм таксама нешта адкрылася, але галоўнае — яны прывезлi 8‑кiлаграмовага шчупака, вялiзнага, блiскучага прыгажуна. Егер Анатоль Шэлег, якi iх суправаджаў, злавiў рыбiну тролiнгам. Як нам патлумачылi, гэта калi спiнiнг са штучнай прынадай цягнецца пад вадой падчас руху лодкi. Такi спосаб рыбнай лоўлi дазволены тут з мiнулага года.

Пасля сняданка мы адправiлiся вандраваць па Прыпяцi i яе прытоках на маторнай лодцы. Нас суправаджаў егер Раман Гваздюкевіч, туравец, з запамінальным iмем па бацьку — Фауставiч. Ён расказаў, што найбольш прыгожа тут ранняй вясной, калi на лодках можна праехаць па дубраве, памiж дрэў. Тады, скрозь празрысты яшчэ лес, можна ўбачыць i дзiка, i лася, i аленя. А зараз яны назiраюць за намi з зараснiку, вунь, свежы, мокры яшчэ след дзiка. «Колькi жыву тут, працую, штодня бачу ўсю гэту прыгажосць, а прызвычаiцца не магу. Зноў i зноў замiрае сэрца, як упершыню». Мы ездзiлi на лодцы ад возера да возера нiбы па лабiрынту — здавалася наперадзе толькi непраходны бераг, на якi нiколi не ступала нага чалавека (гэта так i ёсць), але, калi наблiжалiся, то адкрываўся вузкi праток у наступную завадзь, i так бясконца. Мы плылi мiж мноства жоўтых i белых вадзяных лiлей, якiя сёлета распусцiлiся амаль на месяц раней. Мiрыяды сiне‑фiялетавых, нiбы кветкi, блiскучых стракоз падымалiся ў паветра пры нашым наблiжэннi i тут жа зноў апускалiся на галiнкi. Буйныя жоўтыя касачы адлюстроўвалiся ў нерухомым, здавалася, люстэрку вады. Крутыя, схаваныя ад вока павароты, нечаканыя бязмежныя разлiвы, цянiстыя поймы — мы i не заўважылi, як прайшлi чатыры гадзiны. Калi б не запланаванае адпраўленне ў Мiнск, напэўна, вандравалi б так да вечара.

Я не падазравала, што такое магчыма. Што для гэтага не трэба ехаць кудысьцi далёка, што яно — тут, на Беларусi. Прыгажосць, праз якую спасцiгаеш сэнс усяго iснага. Праз якую прыходзiш да згоды з самiм сабой i з тым, што навокал. Прыгажосць, якая мяняе, паляпшае чалавечую душу.

Цяпер я ведаю, што абавязкова прыеду сюды яшчэ. I абавязкова з дзецьмi. Што, калi i будзем лавiць тролiнгам сомаў i шчупакоў, то толькi каб сфатаграфаваць, а потым адпусцiм. Хоць шашлык з сома, якiм нас пачаставалi перад ад’ездам, такi смачны, што мiжволi падумаеш.

Застаецца дадаць, што турыстычная база, сэрвiс, паслугi ў «Прыпяцкiм» сапраўды высакаякасныя. Спецыяльна для экатурыстаў тут распрацаваны экалагiчныя маршруты, спосабы прываблiвання птушак i жывёл, якiя гарантуюць назiранне за iмi ва ўмовах дзiкай прыроды. Падчас вясновага 10‑дзённага тура тут можна ўбачыць i сфатаграфаваць да 140 вiдаў птушак. Супрацоўнiкi парку распрацавалi графiкi заездаў i праграмы для арнiтолагаў i батанiкаў. Прыпяцкi прапануе некалькi «зялёных» маршрутаў: да 800‑гадовага цар‑дуба, да цар‑сасны, на верхавое балота...

Для школьных груп, дарэчы, тут прадугледжана недарагая гасцiнiца, так што двухдзённае гасцяванне будзе каштаваць для кожнага не больш за 15 тысяч рублёў.

I доўгая дарога, i грошы гэтыя вартыя чароўнага аповеду пра зямлю, на якой пашчасцiла нарадзiцца i жыць. I на якой варта нараджаць дзяцей.

Вольга Мядзведзева, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?