ВЫХАД У ГОРАД

 

Тры новыя помнікі

 

У горадзе амаль адначасова зьявiлiся тры помнiкi. Загадкавы, анэкдатычны й трагiчны.

 

Помнiк самому сабе

Неяк апоўначы, калі я праходзіў вулiцай Ленiнградзкай, маю ўвагу прыцягнула пара мужыкоў, што стаялi насупраць былой жандармэрыi. Адзiн жаласьлiва нешта даводзiў другому. Да маiх вушэй даляцела: «Братан, я тожа вараваў». Але спынiцца на пачцiвай адлегласьцi мяне прымусiў той, што ня «тожа». Рост гэтага калоса, які, прыгнуўшыся, слухаў свайго суразмоўцу, быў крыху большы за два мэтры. Я асьцярожненька збочыў на iншую вулiцу.

Наступнаю ранiцаю я ўбачыў загадкавага Гулiвэра зноў. Гэта была ўсяго толькi бронзавая статуя. Цiкаўная публiка абкружыла яе шчыльным колам. Дыскусія разгарэлася на тэму — каму i дзеля чаго паставiлi помнiк. Гiпотэзы юбiлейнага Пушкiна разьбiлася аб джынсавы прыкiд i адсутнасьць бакенбардаў. Нехта выказаўся за варыянт «Рабочага чалавека з працягнутай рукой» — фiгура стаяла на каналiзацыйным люку. Нарэшце, адзiн разумнiк прыкурыў папяросу ды ўставiў яе памiж бронзавых пальцаў. Такi творчы падыход публiцы спадабаўся. У дзясьнiцу пачалi ўстаўляць купюры, абрыўкi газэтаў ды сарваныя кветкi. А я ўсё нiяк ня мог узгадаць — дзе я ўжо бачыў гэты нахабны й вясёлы твар? Адна мая знаёмая кiнематаграфiстка паведала гiсторыю прататыпа.

Жыў у Менску чалавек зь цёмным мiнулым i сьветлаю мараю пра вечную славу. Адзiная ў горадзе апошняя мадэль «Фэрары» ды Мiс Менск у якасьцi жонкi маглі прынесьці часовую радасьць, але ня славу. I чалавек рашыўся на экстрэмальны крок — у гэтай краiне на свае грошы зьняць кiно паводле свайго сцэнару ды з сабою ў галоўнай ролi. I, што самае неверагоднае, зьняў i нават, кажуць, нешта зарабiў. Скульптура кiнагероя, выкананая Уладзімерам Жбанавым (аўтарам даўганогай «мянчанкі» зь Міхайлаўскага сквэру), павiнна была ўпрыгожыць адну з прысадаў ля кiнастудыi «Беларусьфiльм». Шукальнiк славы, а звалі яго Ўладзімер Галынскі, загiнуў гэтаксама загадкава, як i жыў. Ягонае цела знайшлi на трэцiя суткi пасьля сьмерцi — ад перабору наркотыкаў. Ён якраз зьбiраўся везьцi сваю карцiну па лягерах i турмах краiны са шляхетнай мэтаю бясплатнага паказу. Так ці інакш, а галоўнага чалавек дамогся. Лета пяройдзе ў восень, а восень у зiму. Зьменяцца рэжымы й моды. А бронзавы чалавек зь вясёлым тварам у кепцы набакiр будзе нязьменна стаяць на вулiцы. Палохаючы начных мiнакоў, а дзённых — жэстам запрашаючы да размовы. I ахвотных паразмаўляць зь ім не паменее нiколi.

 

Тут быў Пушкiн

— А вось, Леанiд Iльлiч, наш новы помнiк Пушкiну Александру Сяргеевiчу.

— А, знаю-знаю. Гэта той, якi «Му-му» напiсаў.

— Ох i жартаўнiк Вы, Леанiд Iльлiч. «Му-му» ж Тургенеў напiсаў.

— Г-мм. Тады якога хрэна помнiк Пушкiну паставiлi?

Я згадаў гэты сiвы анэкдот ля новага помнiка расейскаму клясыку, што, як пiшуць цэнтральныя газэты, «прысеў адпачыць на маляўнiчым беразе Сьвiслачы». Хоць, на мой погляд, Пушкiн прысеў адпачыць ля гатэлю «Беларусь». Мастак Юры Арэхаў намагаўся выявiць хвiлiну паэтавага натхненьня. Атрымалася забаўна. Зачаравана пазiраючы на новую арэну Палацу спорту, чалавек у старадаўнiм сурдуце застыў у такой позе, што мiжволi ўзьнiкала жаданьне дапамагчы яму ўладкавацца ямчэй. Пацешыла і публiка, што сабралася вакол Пушкiна. Збольшага дзядулi й бабулi, якiм вельмi пасуе азначэньне «русский интеллигент в первом поколении». У адной бабулi, што задуменна пазiрала на скульптуру, я асьцярожна запытаўся, цi падабаецца ёй гэты помнiк. У адказ спадарыня ўсхвалявана сказала: «А помните вот это?.. Зима. Крестьянин торжествуя...» Ну, не перабiваць жа было яе цудоўнае iмгненьне iншаю цытатай. А помніце: «... мы получим Варшавскую губернию, что следовало осуществить уже 33 года тому назад. Из всех поляков меня интересует один Мицкевич». Альбо гэта: «Для нас мятеж Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная распря...» Выратаваў мяне нейкi жвавы дзядок, падобны на футбольнага трэнэра ў адстаўцы. Ён выскачыў да падножжа й зычным голасам са стараньнем тэатральнага абiтурыента задэклямаваў: «Война! Подняты наконец, Шумят знамёна бранной чести!» Пасьля чаго прачытаў кароткую лекцыю на тэму адвечнага адзiнства народаў, якое сымбалiзуе Пушкiн. Бронзавы госьць па-ранейшаму зацята вывучаў хакейную пляцоўку. Пасьля дзядка адцясьнiла вясельная працэсiя. «На фоне Пушкина снималося семейство». Я ў гэтым нiчога кепскага не знаходжу. Як i ў тым, што калi-нікалi «русские интеллигенты» зьбяруцца між казiно й «Мосбізнэсбанкам», каб пачытаць адзiн аднаму любiмыя зь дзяцiнства радкi свайго паэта. Урэшце, iх застаецца ня так i многа. I калi гадоў празь дзьвесьце нейкi хлопчык запытае ў мацi: «Хто гэты дзядзька на ўслончыку?» — я не зьдзiўлюся адказу матулi. «Гэта, сынок, паэт Пушкiн. Здаецца, ён жыў у гэтым гатэлi пару стагодзьдзяў таму»...

 

Кветкi на памяць

Апошнюю нядзелю вясны я пачаў з чытаньня гараскопу ў бясплатнай газэце «Ва-Банкъ». На 30 траўня прагноз быў наступны: «Магчымыя значныя й нават разбуральныя пераўтварэньнi ў жыцьцi, якiх цяжка пазьбегнуць, бо яны лёсавызначальныя. Трэба захоўваць асьцярожнасьць у месцах скапленьня людзей...» Нядзеля выдалася сьпякотнаю, таму запрашэньне ад прыяцеля правесьцi дзянёк у Лошыцкiм парку, дзе адбудзецца турнiр рыцарскiх клюбаў, я прыняў з радасьцю. Масавага скапленьня ў Лошыцы не назiралася. Белмоўныя сямейныя пары зь дзецьмi ды жыхары ваколiцаў прыйшлi паглядзець на рэдкае вiдовiшча. На тле белай сядзiбы чатыры прыгажунi ў шляхецкiх строях гарцавалi на прыгожых скакунах. Некалькi дзясяткаў маладых людзей у самаробных рыцарскiх дасьпехах з суворымi тварамi рыхтавалiся да бойкi. На тле гэтай маскараднай мешанiны з джынсы, кальчуг i крыжовых плашчоў нацыянальны сьцяг над шатром глядзеўся вельмi сур’ёзна. Сам турнiр выйшаў даволi камічны. Асаблiва запомнiўся момант, калi з аднаго рыцара ад удару зьляцеў шалом, i той, схапiўшыся за вуха, пабег зь месца бiтвы. «Куды ж ты, доблесны рыцар?» — пад сьмех публiкi крычаў апрануты ў чорнае цырымонiймайстар. Я злавiў сябе на думцы, як лёгка разважаць на тэмы жыцьця й сьмерцi, назiраючы за бяскроўнымi двубоямi. Але галоўным адбiткам дня стаў не турнiр у Лошыцы.

Увечары, прабiраючыся праз малады натоўп ля «Макдональдзу» ў цэнтры гораду, я заўважыў адну пару. Настолькi арганiчную, што ня здолеў адмовiць сабе ў задавальненьнi палюбавацца. Ён — высокi даўгавалосы бляндын з тварам тэўтонскага магiстра, у падкаваных ботах i скураной куртцы мэталiста, што зьзяла кальчугаю шматлiкiх заклёпак. Яна — незвычайна крохкая панна ў лёгкай, даўгой сукенцы, з вачыма, поўнымi захапленьня сваiм рыцарам. На рагу рыцар набыў сваёй паненцы шыкоўную, доўгую ружу. Нават цень зайздрасьцi не крануў мае душы, калi я праводзiў iх поглядам. Абняўшыся, яны йшлi ў бок станцыі мэтро «Нямiга». Было пад восьмую.

Назаўтра я даведаўся, што гараскопам верыць варта i што аддаць жыцьцё ў росквiце жаданьняў можна і не на полi бою, і не ў iмя вялiкай мэты, нават ня ў рукi забойцы. Тады дзеля чаго?.. Яшчэ доўга менчукi будуць скаланацца пры словах «наступная станцыя «Нямiга». Яшчэ доўга ў пераходзе будзе панаваць ціша, а мы — задавацца бессэнсоўным пытаньнем, цi магчыма было гэта абмiнуць. Бог вярнуў Нямiзе яе спракавечны трагiчны сэнс. Кажуць, што гэты помнiк часовы. Ня думаю. Каваныя кветкi ня вянуць. У адрозьненьне ад чалавечай памяцi.

Зьміцер БАРТОСІК


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0