Генадзь Сагановіч

Адзін, як цэлае войска

 

Князю Багуславу Радзівілу, які ня раз дзівіў сучасьнікаў адвагаю, але быў так зьняслаўлены Сянкевічам у «Патопе», давялося з чужым войскам бараніць не сваю зямлю ад харугваў Вялікага Княства. І аднаго дня ліцьвіны з татарамі так націснулі, што яго шчуплыя аддзелы кінуліся ўцякаць. Паніка ўмомант ахапіла ўсіх, і войска ператварылася ў натоўп. Як ад сьмяротнай лавы, пабеглі ўсе, апрача яго – князя Багуслава. На момант падхоплены было ўцекачамі, ён цьвёрда павярнуў каня насустрач непрыяцелю. То быў чын сьмяротніка — аднаму стаяць супраць хмары разьятраных татараў! Так мог дзейнічаць толькі д’ябал! У тым псыхозе чалавек з нармальным глуздам ня здолее пераадолець прыродны інстынкт самазахаваньня. Але ён, Багуслаў, не ўцякаў ніколі ў жыцьці. Яму заўжды найбольшай ганьбай было паказаць, што баіцца. Так выхаваўся, і такую ўжо меў ролю – мусіў быць годным славутага роду! Думаю, менавіта гістарычна-родавая ідэнтыфікацыя давала такую маральную сілу, што нэўратычнай рэакцыі натоўпу князь здолеў супрацьпаставіць цьвёрды валявы чын. І ў тыя хвілі духова ён адзін стаў вышэй цэлай арміі!

Аднак фізычна хіба можна аднаму вытрымаць атаку сотняў? Заціснуты з усіх бакоў, паранены ў галаву, Багуслаў зваліўся долу, што стала натуральным канцом яго шалёнага ўчынку. У імгненьне над распластаным князем узьнеслася татарская дзіда. Удар і... рука Багуслава ў лёце ловіць наканечнік дзіды, дрэўца трашчыць, і сьмяротнае вастрыё застаецца ў яго скрываўленай далоні.

Скручаны, ён трапіў у палон, але неўзабаве зноў быў на волі. Зьдзейсьнілася немагчымае: князь вырваў сябе з абдымкаў кашчавай! Нібы рвучы рабскую пакору перад сьляпой прыроднай залежнасьцю і цьвердзячы, што гісторыя – учынак чалавека.

Ня ведаю, хто яшчэ гэтак халаднакроўна гуляў са сьмерцю! Тым больш загадкавым стаў апошні дзень князя. Ён прысьніў прыгажуню ў белым, якая падышла і раптам тырканула яму нажом у грудзі. Абудзіўшыся, моцна замаркоціўся і сказаў прыслузе: «Ат, пабачыце, доўга не пажыву ўжо». І сапраўды, памёр наступнага ж дня ў сваёй карэце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0