АПЫТАНЬНЕ

 

Натальля КУГАЧ, студэнтка МДЛУ:

Подзьвіг — гэта ня нейкія асобныя ўчынкі. Не, гэта жыцьцёвая вытрымка, упартасьць, калі чалавек робіць нешта, маючы асабісты ідэал, дзеля спасьціжэньня гэтага ідэалу, дзеля ажыцьцяўленьня мары, магчыма нават патаемнай. Прычым подзьвіг — гэта калі вялікія справы робяцца без самаўхвалы, паказнога самаахвяраваньня. Часьцяком гэтага ніхто не заўважае, а калі й заўважае, дык ня цэніць.

Прыклад — наш таямнічы сучасьнік Мірон. Ну, а зь недалёкага мінулага — наш бацька Махно, дзед Талаш, якому за яго змаганьне лёс усё ж неяк аддзячыў, бо пражыў ён, кажуць, больш за 100 гадоў.

 

Віталь ЁСКАВІЧ, студэнт БДУ:

Подзьвіг можа быць ва ўсім: у каханьні, на працы, у змаганьні. Гэта акумуляцыя жыцьцёвай энэргіі, выплеснутай у нейкім канкрэтным учынку, і гэты ўчынак, подзьвіг, ёсьць эсэнцыяй чалавека.

Па-мойму, самы сьмелы подзьвіг беларусаў у наш час — гераічнае штурмаваньне «чаўнакамі» беларуска-польскай мяжы, калі беларусы дзеля выжываньня праяўляюць цуды кемлівасьці ў барацьбе з мытнікамі. Відаць, адной сьмеласьці мала для подзьвігу, трэба яшчэ й мазгой варухнуць.

 

Вольга БАГДАНОВІЧ, абітурыентка расейскай філялёгіі БДУ:

Для мяне подзьвіг — гэта самаахвяраваньне дзеля нечага высокага, духоўнага ідэалу. Ён ня можа быць заплянаваным ці распрацаваным. Ён нечаканы нават для самога чалавека, які раптам робіцца героем.

Ну, а чаму Марата Казея нельга назваць героем? Хоць, па праўдзе, я нават дакладна ня ведаю, што ён зрабіў, здаецца, падарваў сябе і немцаў гранатай. Гэта ўжо нешта. Але тут яшчэ вельмі важна ведаць першапрычыну ўчынку. Думаю, што ня раз подзьвігам абвяшчаліся дзеяньні выпадковыя, ніяк не зьвязаныя са сьмеласьцю ды гераізмам. Але бруднае скарыстаньне подзьвігу — асобная тэма.

 

Павал ШАПАВАЛАЎ, «проста прахожы», 22 гады:

Ну, ня ведаю я, што такое подзьвіг. Гэта вам трэба ў якога героя спытацца. Ёсьць жа героі ў нас жывыя: герой сацыялістычнай працы, Савецкага Саюзу. Вунь, Брэжнеў сабе аж пяць зорак быў начапляў. Можа таму і ня трэба ставіць слова «подзьвіг» побач з «героем»? Цяжка сказаць.

А самы сьмелы подзьвіг? Калі подзьвігам можна назваць чыёсьці жыцьцё, дык у беларусаў гэта Кастусь Каліноўскі. Подзьвіг — гэта маладосьць.

 

Сяргей ВАСІЛЮК, абітурыент МДЛУ:

Подзьвіг здольны зьдзейсьніць далёка ня кожны, размовы пра подзьвіг народа — поўная лухта. Гэта справа Асобы, Чалавека зь вялікай літары, які сваім учынкам вырываецца з масы. Толькі што потым, часьцей за ўсё пасьмяротна, подзьвіг тая маса забірае сабе, робіць зь яго фішку. Гэта самае прыкрае. З нашых сучасьнікаў такі Чэ Гевара.

Подзьвігі беларусаў у мяне асацыююцца зь вялікай айчыннай. Што ні кажыце, а абаронцы Брэсцкай крэпасьці, Марат Казей, Гастэла былі сапраўднымі героямі. Яны перамаглі сябе, перамаглі сьмерць. Подзьвіг — гэта несьмяротнасьць.

Апытваў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0