Натальля БАБІНА

Людзьмі звацца…

 

Немига литературная, №1/99, №2/99. Літаратурна-мастацкі часопіс, выд. з 1999 г. Наклад 1000 ас.

 

Паспаліты чытач пра новае выданьне ня ведаў. Я пабачыла яго на паліцы «Саюздруку» выпадкова — трэ было набыць чытанку ў дарогу. Двух нумароў якраз хапіла на пяць гадзінаў язды.

Кошт літаратурнага часопісу спрыяў набыцьцю: першы нумар — 100, другі — 200 тысяч. Неўзабаве ў Берасьці я пабачыла ўжо й другі нумар за зьніжаную цану — за 100. Такая цэнавая палітыка, мо й не прывучвае чытача плаціць за культуру, затое спрыяе таму, каб увесь невялікі наклад разышоўся. Напэўна, заснавальнік выданьня, недзяржаўны Інстытут сучасных ведаў, нябедны.

Часопіс выдаецца расейскай мовай і, як зазначыў у маніфэсьце галоўны рэдактар Анатолій Аўруцін, зьбіраецца «публікаваць усё лепшае, што ствараецца ў рэспубліцы па-расейску», аддаючы свае старонкі таксама тым з расейскіх пісьменьнікаў, якія «ня вельмі ўтульна» пачуваюцца цяпер у іншых рэгіёнах былога Саюзу. У маніфэсьце адчуваецца глыбокая крыўда на тое, што няма цікавасьці ў Беларусі да творчасьці расейскамоўных пісьменьнікаў, што часопісы выдаюцца выключна на беларускай, дзяржаўныя выдавецтвы друкуюць толькі па-беларуску… Цікавы фэномэн: дасюль манаполію скаргаў на нядолю і заклінаньняў аб праве «людзьмі звацца» трымалі беларускія пісьменьнікі, цяпер, значыцца, трэба ім пасунуцца і даць месца і расейскім.

Тлумачачы выбар назвы, Анатолій Аўруцін параўноўвае лёс ракі Нямігі, якую ўзялі ў трубу і пусьцілі пад зямлёй, зь лёсам мясцовай расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі, якая, паводле ягоных словаў, заўсёды лічылася ў нас другаснай…

Я злавіла сябе на думцы, што такі выбар назвы характэрны для людзей прыежджых — як вынікае з кароткіх зьвестак пра аўтараў, такіх сярод аўтараў «НЛ» працэнтаў 95. Пэўна, карэнныя менчукі, ці, прынамсі, людзі, абазнаныя ў рэаліях Менску, хучэй назвалі б свой часопіс «Пярэспа» або «Доўгі Брод», або «Людамант» — выбралі б словы цёплыя, прывязаныя да канкрэтных, поўных жыцьцёвага віру месцаў… Наўрад ці яны скарысталі б выразы «с брегов Немиги величавых», «негоже эту славную красавицу гноить в подземелье», бо памяталі б, што рэчка заўсёды была вельмі сьціплых памераў і нагадвала больш ручаіну, што пах у раёне Нямігі стаяў вельмі спэцыфічны, а мо й памяталі б, як выглядала яна на Грушаўцы, ля чыгункі і вагонарамонтнага заводу і да скрыжаваньня Яўрэйскай (цяпер Калектарнай) і Нямігі, дзе пачынаўся калектар, перагароджаны вялікімі кратамі… Цікава, што менчукі, калі казалі «Няміга», мелі на ўвазе ня рэчку і нават ня вуліцу, а вялікі раён — лябірынт вуліц і завулкаў, дзе лёгка было заблудзіцца. Потым тут было яўрэйскае гета… Але гэта мае асабістыя заўвагі, яны ня маюць прамога дачыненьня да зьместу часопісу.

Што ж тоіцца пад сьціплымі белымі вокладкамі новага выданьня?

Безумоўна, часопіс не пусты. Тут і больш, і менш удалыя творы, але ў цэлым ёсьць што пачытаць — а гэта галоўнае. Нешта падасца цікавейшым, нешта марнейшым — гэта ўжо справа асабістага густу.

Як на мой густ, да найбольш удалых можна залічыць раман-кроніку Яўгенія Таганова «Слово о Сафари» — гэткую сучасную ўтопію, увасабленьне блакітнай мары тых шматлікіх шабашнікаў, што ў недалёкім мінулым былі «белымі каўнерыкамі», але вымушана перайшлі на фізычную працу і сталі ўдала рабіць эўрарамонты. Нельга сказаць, што раман прыцягае хвацка закручанай інтрыгай або глыбокім псыхалягізмам (ён крышачку нагадвае кінасцэнар), але тэма новая й нязьбітая, а напісана сьвежа, моцна і добрай расейскай мовай.

Запомнілася апавяданьне масквічкі Сьвятланы Васіленкі «Русалка с Патриарших прудов» — найперш несацрэалізмам на тле іншых апавяданьняў «НЛ».

Бадай, не маглі не прыцягнуць увагі ўспаміны Ўладзімера Шэліхіна пра зорак опэры і балету, зь якімі сутыкала яго жыцьцё — цёплыя фразы, калі чытаеш, нібыта агучваюцца прыгожым голасам аўтара, так добра вядомым нам праз радыё.

Вершы, якіх на старонках часопісу шмат, можна ахарактарызаваць адным словам — вершы. Вылучыць жа нешта не выпадае.

Што да няўдач, дык да іх можна аднесьці «Дневник далекого года» Эдуарда Скобелева. Мне наогул не па душы мода, якая апошнім часам апанавала літаратараў — друкаваць дзёньнікі. Калі ўзяўся за гуж, дык і пішы аповесьці ды апавяданьні, выдумляй сюжэты, падганяй фантазію. Нашмат прасьцей, вядома, з глыбакадумным відам апісваць надвор’е, што стаяла ў далёкім годзе, але ці варта гэткі паўфабрыкат выносіць на людзі? Дзёньнікі цікавыя тады, калі за імі стаіць асоба безумоўна вядомая (адзін з графаў Талстых, прыкладам, або эвэнтуальны палюбоўнік ангельскай каралевы, або Айнштайн, скажам, або Шумахер). У іншых жа выпадках публікацыя часьцяком (хаця не заўсёды) выглядае сумнеўна. Азнаёміўшыся зь дзёньнікам Э.Скобелева, я добрыя тры дні дратавала хатніх і знаёмых пытаньнем: «А ты памятаеш што-небудзь з твораў Скобелева?» Адказу не было. Нарэшце адзін з знаёмых кампутаршчыкаў, які мае фэнамэнальную памяць, адарваўшыся ад экрану, прыгадаў, што так, у студэнцкія гады трымаў у руках нешта «пра масонаў». На гэтым маё знаёмства з творчасьцю Скобелева і скончылася. Фразы зь дзёньніка «В зимние сумерки, не зажигая света, любо посидеть у окна…» ды «Коснешься душою, а после потеряешь — этого жаль» ня выклікалі жаданьня пярэмутам ляцець у бібліятэку, каб азнаёміцца зь пералічанымі ў рэдакцыйнай рэкамэндацыі раманамі…

Застаецца падзякаваць калектыву новага часопісу за цікавае чытаньне і пажадаць шанцунку ў пошуках талентаў і фінансавай стабільнасьці. Сапраўдная літаратура застаецца літаратурай на любой мове.


 

Вершы зваротнага шляху

 

Александр Ризо. Последний лирик: Вершы. — Менск: ИП «Экоперспектива», 1999. — 166 с. Наклад 1000 ас.

 

Адна з найбольш прыемных кніжак, якія трапілі мне ў рукі ў апошні час — зборнік вершаў берасьцейскага паэта Аляксандра Рызо, выдадзены менскім выдавецтвам пры ўдзеле газэты «Брестский курьер».

Вершы Аляксандра Рызо ў большасьці сваёй напісаныя ў характэрным памеры — падобным да тыповага памеру Бродзкага. Падобным да такой ступені, што спачатку гэта нават раздражняе, аж пакуль не зразумееш: гэта сьвядомы выбар аўтара, для якога Бродзкі — ідэал і амаль што Бог. Што ж, можа аўтар і мае рацыю.

Вершы Аляксандра Рызо вельмі арганічныя для Берасьця — гэтага чалавечага катла, увасабленьня мяшчанства ў лепшым сэнсе слова, гэтай клубнічнай Мэккі і абрыкосавай Мэдыны, з такім трагічным лёсам, са зруйнаваным целам, абсалютна апалітычнага і вельмі жыцьцястойкага. Лепшымі мне падаліся радкі, якія якраз зьвязаныя або навеяныя Горадам, або, як кажуць у нас пад Берасьцем — містом. Не магу не прывесьці цалкам невялічкага вершу «Вигилия (Брест-Литовские мотивы)». Вігілія, нагадаю — гэта вячэра перад Раством або наогул вечар перад сьвятам.

С уверенностью метронома
отсчитывает дни декабрь.
Зеркальный карп насосом своих жабр
еще качает воду, добывая кислород,
он участи своей не знает наперёд,
что станет блюдом на Рождественском столе
в соседстве с дичью, ананасами, желе,
доставив радость взрослым, детворе
и стае кошек на заснеженном дворе,
урчащих в предвкушении еды,
летящих прочь от красочной звезды,
что носят мальчики в дни Коляды,
их пение растопит даже льды,
не то что чуткие сердца мещан,
усатых дядек и прекрасных панн.
В глазах угадывается натиск слёз –
игра для взрослых начинается всерьёз,
их окуная в омут ностальгии,
где брезжит свет и мягкий снег Вигилий.

Што такое талент паэта — уменьне складаць рытмічныя радкі ці бачыць выпраменьваньне той часткі спэктру, якая невідочная іншым?

Трохі замінаюць успрыманьню толькі штампы, якія прапусьціў аўтар і якія сюд-туд мільгаюць сярод трапных радкоў (святая мать, истина святая, гордые славяне і да гэтага). Але й гэтыя штампы такія арганічныя для берасьцейскага мысьленьня. І яшчэ цікава: з сымпатычнымі «Историческими миниатюрами» мяжуе сумнеўны «Имперский синдром». Тут не ўтрымаешся, каб не працытаваць любімага паэтам Бродзкага:

Пусть и вправду, Постум, курица не птица,
но с куриными мозгами хватишь горя.
Если выпало в Империи родиться,
лучше жить в глухой провинции у моря.

А яшчэ вершы Рызо выклікаюць добрае ўражаньне лёгкасьці і ненапругі: проста гаворыць чалавек пра тое, аб чым думае, ліецца мова, ствараецца настрой — блізка, вельмі блізка гэта да таго, што звыклі акрэсьліваць яшчэ адным штампам — «сапраўднай паэзіяй».


 

Пакутнікі Беразьвечча

У Беластоку па-польску выйшла кніга «Пакутнікі зь Беразьвечча». Выданьне складаюць тэксты, якія тры гады раней друкаваліся ў віленскай газэце «Znad Wilii». Аўтар — ксёндз Тадэвуш Крагель — шмат гадоў прысьвяціў дасьледаваньню лёсаў сьвятароў, што загінулі ў апошнюю вайну. На Віленшчыне з 1939 па 1944 г. загінула звыш 100 сьвятароў. У кнізе распавядаецца і пра трох беларускіх ксяндзоў, што былі закатаваныя ў Беразьвецкім лягеры сьмерці, які ў былым кляштары зрабілі савецкія ўлады: Уладыслава Мацькавяка, Станіслава Пыртка і Мечыслава Багаткевіча. Яны адмовіліся пакінуць вернікаў і загінулі разам зь імі. Цяпер яны, як пакутнікі за веру, бэатыфікаваныя каталіцкай царквою. Апроч таго, у кнізе распавядаецца і пра іншых пакутнікаў Беразьвечча. Савецкімі ўладамі тут было забіта звыш 4700 тутэйшых людзей. А пасьля ўжо гітлераўцы закатавалі тут 27000 асобаў з розных краінаў. Беразьвецкі лягер дзейны ў Беларусі й сёньня — там калёнія строгага рэжыму.

Адзінае, пра што ня згадваецца ў кнізе, што першы канцэнтрацыйны лягер на гэтым месцы стварылі палякі — у 1921-24 г. Тады тут катавалі беларускіх удзельнікаў антыпольскай партызанкі.

С.Х.


НОВЫЯ КНІГІ, ДАСЛАНЫЯ Ў РЭДАКЦЫЮ

 

Зямная дарога ў вырай: Беларускія народныя прыкметы й павер’і. Кн. 3/ Уклад. і прадм. У. Васілевіча. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 654 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-02-0206-8

 

Як убачыць праўдзівы сон? Як адвесьці злыя чары? Як варажыць? На гэта дае адказ новая кніга дасьледніка беларускага фальклёру Ўладзімера Васілевіча. Яна складаецца з наступных разьдзелаў: варажба, чарадзейства, знахарства, народны соньнік, міталёгія. Апошняя частка — грунтоўна перапрацаваная й дапоўненая шматлікімі невядомымі дагэтуль зьвесткамі кніга таго самага аўтара «Міты Бацькаўшчыны» (Менск, 1994). Кніга пераконвае, што наша міталёгія не бяднейшая ад грэцкае.

Лук’янаў М. I цемра адступіла…: Аповесьці, апавяданьне. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 254 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-02-0336-6

Мележ I. Людзі на балоце: Раман з «Палескае кронікі»/ Прадм. Г.Шупенькі. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 399 с. — (Школьная бібліятэка) — Наклад 19620 ас. ISBN 985-02-0233-3

 

Беларускі савецкі бэстсэлер наперадзе большасьці беларускамоўных кніг паводле свайго накладу, бо прызначаны для школьнай праграмы.

Навуменка I. Любімы горад: Аповесьць, апавяданьні. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 222 с. — Наклад 1300 ас. ISBN 985-02-0211-4

Памяць: Гістарычна-дакумэнтальная кроніка Шклоўскага раёну. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1998. — 510 с. — Наклад 8000 ас. ISBN 985-09-0250-7

 

«Дажынкі-99» будуць сьвяткавацца ў Шклове, з нагоды чаго й выдадзеная чарговая кніга сэрыі «Памяць». Кнігі з гэтае «залатое» краязнаўчае калекцыі ніколі асабліва не вылучаліся сваёю ўвагаю да помнікаў мінуўшчыны дакастрычніцкай. Затое заўжды адшукаецца месца для выбітных постацяў сучаснасьці, напрыклад, ППРБ, пра якога Эдуард Скобелеў напісаў дзьвюхпалосны нарыс-гімн. Яго варта траха пацытаваць: «А.Л. — прыхільнік урэгуляваньня ўсіх спрэчных праблемаў дыпляматычным спосабам і прававымі мэтадамі… А.Л. непрымірыма ставіцца да дэмагогіі, кан’юнктуры, безуважнасьці да лёсу свайго народа… У чым сакрэт аўтарытэту беларускага прэзыдэнта? У ягонай сумленнасьці й адкрытасьці, мабільнасьці й сталай гатовасьці без дэмагогіі абмяркоўваць зь людзьмі кожную праблему. Моц беларускага прэзыдэнта — у ягонай адданасьці народу; чалавек вялікае энэргіі, А.Л. імкнецца асабіста разабрацца ў кожнай праблеме. Для яго ня маюць значэньня догмы нейкае палітычнае партыі. Ягоны арыенцір — нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ягоная палітычная партыя — народ Беларусі».

Лысенко П. Туровская земля 9—13 в. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 268 с.: іл. — Наклад 1500 ас. ISBN 985-08-0096-8

 

Разглядаецца фармаваньне й разьвіцьцё Тураўскай зямлі, ейная этнічная гісторыя, фармаваньне тэрыторыі, паўстаньне й разьвіцьцё гарадоў і сельскіх паселішчаў, эканамічнае й гаспадарчае жыцьцё ў раньнім сярэднявеччы. Кніга багата ілюстраваная рысункамі й фотаздымкамі.

 

Пушкін А. О муза… Пераклады з расейскае М.Танка/ Укладальнік А.Данільчык. Прадмова У.Мархеля. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 32 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-0306-1

Старычонак В. 100 твораў зь беларускае літаратуры: У дапамогу абітурыенту й шкаляру. Другое выд., стэрэатыпнае. — Менск: Вышэйшая школа, 1999. — 272 с. — Наклад 7000 ас. ISBN 985-06-0540-5

Студэнцкая думка: Часапіс незалежнае студэнцкае моладзі. № 4, 5 1999. — Менск: Цэнтар «Выдавецкая ініцыятыва». — 44 с. — Наклад 1000 ас.

 

Ад гэтага нумару часапіс выходзіць як афіцыйна зарэгістраваны Дзяржкамдрукам. Зьмешчаныя матар’ялы пра выключэньні студэнтаў з ВНУ, мовазнаўчыя й мастацтвазнаўчыя дасьледаваньні, а гэтаксама пераклады, «папулярныя» артыкулы пра спосаб найтаньнейшага выбару вясельнае сукенкі ды парады юрыстаў, як пазьбегнуць разьмеркаваньня.

Сянько Н. Адказы на пытаньні білетаў з гісторыі Беларусі: 9 кляса. — Менск, 1999. — 79 с. — Наклад 30000 ас.

Матар’ялы з гісторыі Беларусі для выпускнікоў: 9 кляса/ Пад навук. рэдаг. А.Каханоўскага і А.Яноўскага. — Менск, 1999. — 224 с. — Наклад 10000 ас.

 

Дзьве падобныя кнігі розьняцца ў дзьвюх прынцыповых рэчах: першая мае ў тры разы большы наклад і ў тры разы меншы аб’ём; другая кніга зьмястоўнейшая й будзе праўдзівым дапаможнікам для выпускніка.

Бутромеев В. Корона Великого Княжества: Диссертация в полном смысле этого слова на тему: кто же такие белорусы, откуда взялись и что они делают во всемирной истории. — Масква: ОЛМА-ПРЕСС, 1999. — 336 с.: іл. — Наклад 1000 ас. ISBN 5-224-00193-5

 

Кніга ня дужа «дысэртацыйная», але цікавая спосабам падаваньня гістарычнага матар’ялу — навуковая фантастычнасьць, зьмешаная з навуковаю папулярнасьцю. Добра чытаеца ў грамадзкім транспарце. Гэты раман атрымаў розгалас у Маскве, яшчэ калі яго надрукавала «Дружба народов». Неўзабаве той жа часопіс надрукаваў вершы Някляева, у якіх «глухія здані» перакладзеныя як «глухие зданья».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0