Адам ГЛЁБУС

СУАЙЧЫНЬНІКІ-5

 

 

Караткевічы

Спытай у мяне, што агульнага ў паводзінах Уладзімера й Вольгі Караткевічаў. Адкажу. Жаданьне быць лепшым за ўсіх навокал. Памкненьне ў аўтобусе «Лельчыцы—Менск» ці «Ворша—Віцебск» паводзіць сябе, як узброены арыстакрат XVIII стагодзьдзя. Наіўна. Скажаш. А мне падабаецца.

 

 

Асташонак

Апавядальнік Алесь Асташонак вырашыў зрабіць «п’яную кнігу». Ён піў і пісаў, пісаў і піў... Цяпер, са словаў ягонае першае жонкі, адно п’е й нічога ня піша. Кніга апавяданьняў пра п’яніцаў так і пабачыла сьвет. Пэўна, каб напісаць, адрэдагаваць і выдаць «п’яную кнігу», трэба стаць крыштальна цьвярозым.

 

 

Цэсьлер з Войчанкам

Рэклямшчыкі Цэсьлер з Войчанкам вырашылі стварыць аб’ект стагодзьдзя й прадаць яго за мільён даляраў. Аб’ект складаецца зь яек, кожнае ў стылі якога-небудзь геніяльнага мастака кшталту Далі ці Маякоўскага. Напэўна, каб гэтыя яйкі сапраўды зрабілі Далі з Маякоўскім, яны б разам і каштавалі мільён, а яйкі Цэсьлера з Войчанкам — гэта толькі яйкі Цэсьлера з Войчанкам. Зрэшты, галоўнае ёсьць мара: зрабіць твор, прадаць і набыць дом.

 

 

Язерская

Теледыназаўр Элеанора Язерская скляпала перадачу з рамансаў на вершы Пушкіна. Са слоў Элеаноры: цар абыходзіўся з Пушкіным, найвялікшым паэтам усіх часоў і народаў, як з прыгожым і драпежным зьверам. Я не шаную Пушкіна, але ён, як ні круці, ня зьвер. Можна, канечне, мець перакананьні зацятага дарвініста й залічваць чалавека ў сьвет жывёлаў, але тады мусяць узьнікаць сумлевы наконт найвялікшага паэта ўсіх народаў, бо найвялікшы леў — гэта леў, а найвялікшы мамант — мамант, і дыназаўр ня можа быць найвялікшым сярод брантазаўраў і птэрадактыляў. Зрэшты, Язерскую Элеанору гэта абыходзіць, бо яна найвялікшая тэлевядучая на беларускім канале.

 

 

Алексіевіч

Калі згадваю трагедыю ў менскім мэтро на станцыі Няміга, пад час якой у цісканіне загінула пяцьдзясят тры чалавекі, чамусьці думаю ня толькі пра ўдзельнікаў і ахвяры, а й пра людзей, што навучыліся выкарыстоўваць падобныя падзеі. Адным зь бясспрэчных лідэраў у карыстаньні зь беларускіх трагедыяў і жахаў зьяўляецца Сьвятлана Алексіевіч. Яна паймела славу й грошы з другой сусьветнай вайны, з выбуху ў Чарнобылі, з узброенага канфлікту ў Аўганістане, з самагубстваў... І зусім ня хочацца, каб яна пачала абмалёўваць менскую звалку-99. Хай хто іншы, наіўны, нявопытны... Толькі не яна.

У дзяцінстве я бачыў дзяўчынку, якая абтрасала з дрэваў хрушчоў і засоўвала іх у бутэльку. Тую бутэльку, поўную прыдушаных жукоў, дзяўчынка ўсім паказвала й гаварыла, што выратавала сотні лісьцікаў. Ды нічога яна ня выратавала, яна задушыла дзясяткі травеньскіх жукоў дзеля ўласнай асалоды.

Кампазыцыйна кніжкі Алексіевіч нагадваюць піўныя бутэлькі зь ледзь жывымі, перапэцканымі ва ўласны гной жукамі.

 

 

Міхалок

Калі на рок-сцэне зьявіліся пачварныя блазны кшталту Сяргея Міхалка з гуртом “Ляпис-Трубецкой”, я значна абмежаваў сваю прысутнасьць на канцэртах. І меў рацыю. Слухачы менавіта такой постсавецкай папсы загінулі ў падземным пераходзе. Чаму так думаю? А таму, што на пытаньне часопісу «Playboy»: “А што вырабляюць твае прыхільніцы на канцэртах?” — чараваты Ляпіс №1 адказаў: “Ды паказваюць тое, што могуць. Калі нап’юцца моцна, дык сядаюць да свайго пацана на шыю й цыцкі паказваюць. Пацан ня бачыць, дурань. Не каб яе скінуць. Скінуў бы й затаптаў...”. І затапталі 42 дзяўчыны. А кіраўнік групы “Манго-Манго”, пасьля выступу якой здарылася няшчасьце, абяцаў прыехаць да нас яшчэ.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0