У менскім кінатэатры «Цэнтральны» зь 7 па 10 чэрвеня праходзіць фэстываль сучаснага швэдзкага кіно, прысьвечаны тэме жыцьця ў глыбінцы. Гэная тэма атрымалася сугучнай беларускаму мастацтву – і стужку Галіны Адамовіч «Мужчынская справа» ўключылі ў фэст – разам са швэдзкаю дакумэнтальнаю карцінай «Так, як тут». Прыходзьце, глядзіце й параўнайце!

7 чэрвеня

Так, як тут (En plats som den har)

Швэцыя, 2006, 43 хв.

Рэжысэры: Андэрс Фэльман, Даніэль Свэрд

Жанр: Дакумэнтальны фільм

Тры мужчыны розных пакаленьняў – жыхары сельскай мясцовасьці Вэрмланда, дзе на квадратны кілямэтар толькі тры чалавекі. Нягледзячы на асьляпляльныя краявіды, героі фільму сумуюць па іншым жыцьці…

Мужчынская справа

Беларусь, 2007, каляровы, 18 хв.

Рэжысэрка: Галіна Адамовіч

Жанр: Дакумэнтальны фільм

Адзнака: 7,5 (з 10)

Адвеку ў Беларусі музыкамі былі мужчыны. Бязь іх не абыходзілася ніводнае вясельле, ніводнае пахаваньне. У фільме – апошнія народныя музыкі беларускага Палесься – трыё «Вярэнька» Столінскай вёскі Стахава…

Карціна – завяршальная частка трылёгіі, распачатай стужкамі «Божа мой» і «Завядзёнка». Фільм «Мужчынская справа», які выклікаў рэзкае раздражненьне Міністэрства культуры (стужцы прысвоілі найніжэйшую катэгорыю) – працінае трагізмам сыходу.

Апошнія народныя музыкі – у эпоху магнітафонаў і радыё.

Вёска сыходзіць. Герой габлюе дзіцячую дамавіну… Бязладна гучыць пахавальны аркестар – а скрыпка на вясельлі ўжо згубіла майстэрства… Але ў душы гучыць сапраўдная музыка, а сьпевы ў храме ўзносяцца да неба.

Сваёй інтанацыяй карціна Адамовіч нагадвае фільм Асьлюка «Мы жывем на краі». Куды сыходзяць колішняе народнае майстэрства, старыя вёсачкі, скрыпкі, зробленыя сваімі рукамі?

Адамовіч ведае: у неба. Там, дзе знаходзіцца вечнасьць.

І кіно здольнае гэтае неба адбіць.

А 18.30 адбудзецца паказ фільму й сустрэча з рэжысэркай Галінай Адамовіч і прадусарам Зьміцерам Плаксам.

8 чэрвеня

Бывай, Фалькэнбэрг (Farval Falkenberg)

Швэцыя – Данія, 2006, каляровы, 88 хв.

Рэжысэр: Еспер Ганслант

Ролі выконваюць: Хольгер Эрыксан, Ён Эрыксан, Ёрген Свэнсан, Дэвід Ёнсан, Еспер Ганслант

Жанр: Драма

Апошняе лета ў мястэчку Фалькенбэрг. Галоўныя героі фільму – пяцёра сяброў дзяцінства, якія сталі юнакамі. Хаця будучыня маячыць на даляглядзе, нікога гэта не турбуе. Стужка пра сяброўства, успаміны й разьвітаньне зь мястэчкам ля мора…

Дэбютная карціна Еспера Ганслата.

Таксама адбудзецца сустрэча з акцёрам Ёнам Эрыксанам і стваральнікам музыкі да фільму Эрыкам Энаксанам.

9 чэрвеня

Чортавы правінцыялы (Masjavlar)

Швэцыя, 2004, каляровы, 98 хв.

Рэжысэрка: Марыя Блум

Ролі выконваюць: Софія Хейлін, Кайса Эрнст, Ан Петрэн, Лаш Г.Арансан

Жанр: Камэдыя

Мія, якая пакінула дом дзеля жыцьця ў вялікім горадзе, вяртаецца ў мястэчка на 70-годзьдзе бацькі. Сьвяткаваньне ў мясцовым клюбе віруе. Тут і ўзгадваюцца старыя канфлікты…

Дэбют Марыі Блум.

10 чэрвеня

Віват, кароль! (Tjenare kungen)

Швэцыя, 2005, каляровы, 90 хв.

Рэжысэр: Ульф Мальмрас

Ролі выконваюць: Ёзэфін Нэльдэн, Сэсылія Валін, Ёханна Стрэмбэрг, Малін Морган, Ёэль Кінаман, Шэл Бэрквіст

Жанр: Камэдыйная мэлядрама

Пасьля таго, як Абрэ ня трапіла на канцэрт, яна пакідае сваё мястэчка і вырашае сама стацца рок-зоркай. Разам з панкам Міліянам яна стварае гурт…

Рэжысэр Ульф Мальмрас атрымліваў шматлікія ўзнагароды за свае стужкі.

А 21.00 – усе сэансы ў перакладзе на беларускую мову, а 18.30 – фільмы на мове арыгіналу з ангельскімі субтытрамі.

Усе кінападзеі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?